Ва Украіне ў беларусаў канфіскоўваюць зямельныя ўчасткі


Паводле інфармацыі радыё «Свабода», такія рашэнні выносяцца, у прыватнасці, у Чарнігаўскай, Хмяльніцкай, Кеўскай, Сумскай, Херсонскай і Тэрнопальскай вобласцях Украіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: epravda.com.ua

Згодна з рашэннямі ўкраінскіх судоў, у грамадзянаў Беларусі спыняюць права ўласнасці або ўвогуле канфіскоўваюць зямельныя ўчасткі, набытыя раней або атрыманыя ў спадчыну ад сваякоў.

Позвы ў падобных справах ініцыююць органы пракуратуры ў інтарэсах Дзяржаўнай службы Украіны ў пытаннях геадэзіі, картаграфіі і кадастру, у паўнамоцтвах якой ёсць вядзенне зямельнага кадастру.

Як высветліла радыё «Свабода», гэтыя выпадкі звязаныя са зменамі ў Зямельным кодэксе Украіны, паводле якога прадстаўнікі іншых дзяржаваў, якія атрымалі права ўласнасці на сельскагаспадарчую зямлю ў выніку куплі ці ў спадчыну, павінны цягам года адчужыць яе ў добраахвотным парадку. Паводле ўкраінскага заканадаўства, іншаземцам забараняецца валоданне сельскагаспадарчымі землямі.

Згодна з інфармацыяй выдання, выпадкі канфіскацыі зямельных участкаў здараюцца ў тым ліку і ў грамадзянаў Беларусі, якія маюць дазвол на сталае жыхарства ва Украіне. Пры гэтым побач з спыненнем права ўласнасці або канфіскацыяй зямельных участкаў суды выносяць рашэнні аб сплаце гэтымі грамадзянамі судовага збору да 10 тысячаў грыўняў. Канфіскаваныя землі будуць перадавацца ў дзяржаўную ўласнасць, пасля чаго могуць быць прададзеныя праз конкурсы.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў