Другі энергаблок БелАЭС уключылі ў сетку


Першае ўключэнне ў сетку другога энергаблоку БелАЭС адбылося 13 траўня 2023 года ў 13:24. Энергаблок выдаў у аб’яднаную энергасістэму Беларусі першыя кілават-гадзіны электраэнергіі, паведамляе Міністэрства энергетыкі.

БелАЭС. 25 красавіка 2021 года. Астравецкі раён, Беларусь.
Фота: ВК / Белсат

Сінхранізацыі турбагенератара другога энергаблоку Астравецкай АЭС з энергасістэмай краіны папярэднічаў вялікі аб’ём працаў, у тым ліку вывад рэактарнай сістэмы ў крытычны стан, а потым – на мінімальны кантраляваны ўзровень магутнасці з далейшым яе падвышэннем да 40 %, апавядаецца ў афіцыйным тэлеграм-канале Міністэрства энергетыкі.

Сцвярджаецца, што ўсе тэхналагічныя аперацыі былі выкананыя ў адпаведнасці з рэгламентам, з выкананнем усіх неабходных патрабаванняў бяспекі.

«Здзейснены адзін з самых важных і адказных падэтапаў энергетычнага пуску блоку, які стаў вынікам маштабнай працы, звязанай з мантажом і наладкай абсталявання, правядзеннем сур’ёзных падрыхтоўчых аперацыяў перад штуршком турбіны і апрабаваннем яе працы на халастым ходзе, – зазначыў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч. – Другі энергаблок БелАЭС паспяхова ўключаны ў аб’яднаную энергасістэму, энергія, якая ім выпрацоўваецца, паступае спажыўцам краіны».

Бліжэйшым часам адмыслоўцы працягнуць паэтапнае засваенне магутнасці рэактару блоку да 100 % – наперадзе яго вопытна-прамысловая эксплуатацыя. Гэты этап прадугледжвае шырокі спектр выпрабаванняў тэхналагічных сістэмаў і абсталявання на розных рэжымах працы блоку, у тым ліку з яго адключэннем ад сеткі.

Увесці блок у прамысловую эксплуатацыю плануецца ў гэтым годзе.

Тым часам на супольнай прэс-канферэнцыі 12 траўня прадстаўнікі Латвіі, Літвы і Эстоніі заявілі, што маюць намер паскорыць адключэнне ад расейскай і беларускай энергасістэмаў і цалкам дамагчыся гэтай мэты да 2025 года.

Прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце падкрэсліла, што гэта стратэгічны прыярытэт рэгіёну. Яна заклікала балтыйскія краіны правесці адключэнне не ў 2025 годзе, як гэта раней планавалася, а раней, у 2024.

«На жаль, у нас ёсць непасрэдны досвед таго, як Расея ператварае энергетыку ў зброю. Мы не можам ігнараваць нават найменшую магчымасць таго, што Расея выкарыстоўвае нашую залежнасць ад сваіх электрасетак у самыя крытычныя моманты», – сказала Шыманіце.

Цяпер энергетычныя сістэмы балтыйскіх краінаў працуюць у сінхронным рэжыме кальца БРЭЛЛ (Беларусь, Расея, Эстонія, Латвія і Літва). Адпаведнае пагадненне было падпісанае ў 2001 годзе.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў