У Расеі зацікавіліся магчымасцю палётаў у Горадню


У Расеі зацікавіліся магчымасцю палётаў з Масквы ў Горадню. Гэта вынікае з ліста, які накіравала федэральнае агенцтва паветранага транспарту (Расавіяцыя) у расейскія авіякампаніі.

Гарадзенскі аэрапорт.
Фота: grodno.in

У тэлеграме Расавіяцыі, змест якой перадае ТАСС, утрымліваецца просьба да расейскіх авіякампаніяў аб тым, каб яны перадалі інфармацыю, што да зацікаўленасці палётамі з гарадоў Расеі ў Горадню.

«У адпаведнасці з лістом Генконсульства РФ у Горадні просім у тэрмін да 18 красавіка прадаставіць… інфармацыю пра зацікаўленасць вашых авіякампаніяў у выкананні палётаў па маршрутах з пунктаў на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі ў Горадню (Рэспубліка Беларусь)», – гаворыцца ў тэлеграме.

На сённяшні дзень прамыя рэйсы ў Маскву, Санкт-Пецярбург, Казань, Сочы здзяйсняюцца з Менска, Гомлі і Берасця.

Міжнароднымі перавозкамі пасажыраў Гарадзенскі аэрапорт пачаў займацца ў 2003 годзе, прапускная здольнасць аэрапорта – 300 чалавек у гадзіну. На сённяшні дзень рэгулярныя рэйсы ў аэрапорце не здзяйсняюцца, але тэхнічна ён гатовы да ўзнаўлення міжнародных палётаў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў