Апошні энергаблок Запарожскай АЭС пераведзены ў стан «халоднага спынення»


13 красавіка ў 7:30 рэактарная ўстаноўка энергаблока №4 на Запарожскай АЭС пераведзеная ў стан «халоднага спынення», пра гэта гаворыцца ў афіцыйным прэс-рэлізе. Пры пераводзе ў такі стан электраэнергія на энергаблоку не выпрацоўваецца.

Запарожская АЭС.
Крыніца: strana-rosatom.ru

Усе працы выкананыя штатна ў адпаведнасці з патрабаваннямі нарматыўнай дакументацыі. Парушэнняў лімітаў і ўмоваў бяспечнай эксплуатацыі не выяўлена, адзначаецца ў паведамленні.

Пры гэтым падкрэсліваецца, што радыяцыйны фон на прамысловай пляцоўцы, у санітарна-ахоўнай зоне і зоне назірання не змяніўся і знаходзіцца ў межах прыродных значэнняў.

«Халоднае спыненне» – гэта бяспечны стан рэактара, калі ён заглушаны пры нізкім ціску і нізкай тэмпературы ахалоджвальнай вады.

Такім чынам, станам на 13 красавіка ў стане «халоднага спынення» знаходзяцца амаль усе блокі станцыі. Раней было вядома, што ў такі рэжым былі пераведзеныя 1, 2, 5 і 6-ты блокі, 3-ці блок знаходзіўся ў рэжыме «спыненне для рамонту».

Вядома, што на пачатку красавіка Запарожская АЭС зазнала серыю атак беспілотнікаў: 5 красавіка – у раёне грузавога порту і азотна-кіслароднай станцыі №2, 7 красавіка – у сталовай і раёне грузавога порту, а таксама ў купал 6-га энергаблоку, 9 красавіка – па вучэбным цэнтры акупаванай расейцамі станцыі, пра што паведаміла МАГАТЭ. Расейскі бок абвінавачвае ў атаках украінскіх вайскоўцаў. Украіна, у сваю чаргу, сцвярджае, што не мае дачынення да абстрэлаў дронамі і абвінавачвае расейскія акупацыйныя ўлады ў імітацыі ўдараў па станцыі з мэтаю абвінаваціць Украіну.

Вядома таксама, што Уладзімір Пуцін паведаміў МАГАТЭ пра планы аб перазапуску Запарожскай АЭС. Паводле выдання «The Wall Street Journal», перазапуск хаця б аднаго рэактара на станцыі стане тэхнічным выклікам і сімвалічнай падзеяй для Расеі, што павінна «нармалізаваць» захоп станцыі, якая раней забяспечвала пятую частку Украіны электраэнергіяй.

У той жа час жаданне перазапусціць энергаблок Запарожскай АЭС падвышае рызыкі інцыдэнту на станцыі, бо, паводле супрацоўнікаў станцыі, з якімі ўдалося паразмаўляць «The Wall Street Journal», у Расеі наўрад ці ёсць дастаткова тэхнікаў, каб зрабіць гэта паспяхова і бяспечна.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў