Беларусь прыпыняе дзеянне пагадненняў аб пазбяганні падвойнага падаткаабкладання з шэрагам краінаў


На нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 13 сакавіка апублікавалі пастанову Савету Міністраў № 164 за 7 сакавіка 2024 года «Аб пытаннях падаткаабкладання». Сярод іншага, яна прадугледжвае часовы выхад з міжнародных пагадненняў аб пазбяганні падвойнага падаткаабкладання.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: katemangostara / Freepik

Рашэнне ўлады Беларусі прынялі «ў адказ на ўжыванне <…> шэрагам дзяржаваў у дачыненні Рэспублікі Беларусь, яе грамадзянаў і юрыдычных асобаў аднабаковых абмежавальных захадаў эканамічнага характару».

Прыпыняецца дзеянне пагадненняў аб пазбяганні падвойнага падаткаабкладання з наступнымі краінамі: ЗША, Францыя, Данія, Польшча, Швецыя, Бельгія, Літва, Латвія, Нідэрланды, Чэхія, Балгарыя, Эстонія, Румынія, Рэспубліка Кіпр, Швейцарыя, Славаччына, Аўстрыя, Вугоршчына, Харватыя, Паўночная Македонія, Італія, Нямеччына, Фінляндыя, Ірландыя, Славенія, Іспанія, Вялікая Брытанія.

Прыпыненне дзеяння пагадненняў часовае – да 31 снежня 2026 года ўключна.

Агляд
Заплаці падаткі… Каму, калі і за што трэба падаваць падатковую дэкларацыю ў 2024 годзе
2024.03.06 07:00

Таксама гэтай жа пастановаю Савет Міністраў уводзіць з 1 красавіка 2024 года да 31 снежня 2026 года стаўку падатку на даходы замежных арганізацыяў, якія не ажыццяўляюць дзейнасці ў Беларусі праз сталае прадстаўніцтва, памерам 25 % па даходах, указаных у пп. 1.4 п. 1 арт. 189 Падатковага кодэксу Беларусі. Новая стаўка будзе дзеяць «пры ўзнікненні абавязкаў у аплаце падатку ў дачыненні замежных арганізацыяў, месца знаходжання якіх – дзяржава, уключаная ў пералік замежных дзяржаваў, якія здзяйсняюць несяброўскія дзеянні ў дачыненні беларускіх юрыдычных і (ці) фізічных асобаў». Спіс такіх краінаў Савет Міністраў склаў 6 красавіка 2022 года (пастанова № 209).

Краіны, якія, паводле ўладаў, ажыццяўляюць несяброўскія дзеянні ў дачыненні Беларусі, гэта:

  • Аўстралійскі Саюз,
  • дзяржавы – сябры Еўразвязу,
  • Канада,
  • Княства Ліхтэнштэйн,
  • Каралеўства Нарвегія,
  • Новая Зеландыя,
  • Рэспубліка Албанія,
  • Рэспубліка Ісландыя,
  • Рэспубліка Паўночная Македонія,
  • Аб’яднанае Каралеўства Вялікай Брытаніі і Паўночнай Ірландыі,
  • ЗША,
  • Чарнагорыя,
  • Швейцарская Канфедэрацыя.

Тэрмін выкарыстання захады ў выглядзе падатку памерам 25 % можа быць скарочаны «ў выпадку ліквідацыі абставінаў, якія паслужылі падставаю для яе выкарыстання ці на прапанову Міністэрства падаткаў і збораў».

Разбор
Колькі падаткаў у Беларусі насамрэч бяруць з сярэдняга заробку. Палічылі з эканамісткай
2024.01.29 09:00

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў