Распрацоўнік фітнэс-дадаткаў «Verv» сыходзіць з Беларусі


Інфармацыя пра ліквідацыю кампаніі «Red Rock» – юрыдычнай асобы распрацоўніка фітнэс-дадаткаў «Verv» – з’явілася на сайце адзінага дзяржрэгістру, паведамляе devby.io.

Парк высокіх тэхналогіяў.
Фота: dev.by

Кампанія пачала ліквідацыю з лістапада 2022 года. Таксама «Red Rock» знік са спісу рэзідэнтаў ПВТ, у які ўвайшоў улетку 2014 года.

Кампанію «Verv», якая спачатку называлася «Red Rock Apps», заснавала ў 2013 годзе Любоў Пашкоўская разам з двума партнёрамі. Фірма займалася стварэннем мабільных праграмаў у катэгорыі «Health and Fitness». У 2018 годзе «Red Rock Apps» зрабілася праграмай, якую найчасцей спампоўвалі ў гэтым сегменце. Тады ж назва была змененая на «Verv».

Стваральніца кампаніі Любоў Пашкоўская трапіла ў спіс найлепшых ІТ-бізнесвумен Еўропы, паводле «Forbes». На той момант кампанія «Verv» уваходзіла ў топ стваральнікаў фітнес-дадаткаў у Еўропе і ЗША, а колькасць спампоўванняў прадуктаў кампаніі перавышала аналагічныя паказнікі «Fitbit» і «Nike» – дадаткі «Verv» спампавалі больш за 5 мільёнаў разоў.

Паводле «Sensor Tower», па выніках 2021 года выручка «Verv» склала каля $ 13 млн.

У менскім офісе «Verv» працавалі каля 100 работнікаў. Цяпер, паводле dev.by, у «Linkedin» можна знайсці профілі 55 чалавек, якія пазначаюць як месца актуальнай працы «Verv». Большасць з іх цяпер у Польшчы.

Акрамя «Verv», з Беларусі за апошні час сышлі кампаніі «Flo», «Wannaby», «Playgendary», «Vochi» і геймдэў-гігант «Playrix».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў