Каардынацыйная рада выбрала спікерам Андрэя Ягорава. Хто гэта і што казаў на дэбатах


Абноўленая Каардынацыйная рада прыняла і апублікавала статут, пачала дзяліцца на фракцыі і 13 сакавіка выбрала спікера. Расказваем, чым вядомы Андрэй Ягораў і за што выступае.

Андрэй Ягораў у студыі «Белсату». Варшава, Польшча. 13 сакавіка 2023 года.
Фота: Белсат

Выбраны спікерам Андрэй Ягораў – беларускі палітолаг і метадолаг, якога вылучыў дэлегатам яшчэ ў першы склад КР Форум грамадзянскай супольнасці «Усходняга партнёрства».

Ягораву 43 гады, нарадзіўся ў Горадні, рос у Мікашэвічах. Заснавальнік і аналітык Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі, генеральны дырэктар міжнароднага кансорцыуму «ЕўраБеларусь», сябра калегіуму Лятучага ўніверсітэту, сябра каардынацыйнага камітэту Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці «Усходняга партнёрства». Былы сябра рады экалагічнага таварыства «Зялёная сетка», былы валанцёр праваабарончага цэнтру «Вясна», у 2000-х быў чальцом руху «Зубр», у час студэнцтва – чальцом «Белага легіёну». Каардынуе міжнародную дапамогу ў Офісе Святланы Ціханоўскай, але гэтую пасаду абяцаў пакінуць, калі яго выберуць спікерам.

Спікера і віцэ-спікера выбралі на адзін год. Згодна са статутам, спікер прэзентуе КР у стасунках з вонкавымі партнёрамі і грамадскасцю; вядзе паседжанні КР і вызначае працягласць выступаў на паседжаннях; сочыць за адпаведнасцю дзейнасці рэгламенту; можа прапаноўваць ствараць камісіі, запытваць справаздачы ў фракцыяў, працоўных групаў і камісіяў; мае асобны голас на нарадзе фракцыяў.

Як галасавалі

У спікеры Каардынацыйнай рады балатаваліся яшчэ тры чалавекі: Вольга Кавалькова (якая ўваходзіла ў першы прэзідыум КР), Ян Рудзік (журналіст і блогер) і Алена Жываглод (лідарка супольнасці «Сумленныя людзі»).

Спікера выбіралі самі дэлегаты. Выбары праходзілі за тры туры, у апошнім Ягораў атрымаў 62 галасы. Другое месца з 36 галасамі заняла Алена Жываглод, яна стане віцэ-спікеркаю.

Перад выбарамі кандыдаты на спікера праводзілі дэбаты. У дзень дэбатаў КР ладзіла ў Telegram апытанне, за каго б прагаласавалі падпісчыкі. Да дэбатаў Ягораў быў там на другім месцы, пасля выйшаў на першае. Таксама ён заняў першае месца ў Telegram-апытанні КР пра тое, хто быў найбольш пераканаўчым на дэбатах.

Інтэрв’ю
«Каардынацыйная рада як палітычны суб’ект». Спыталі новага спікера, як ён хоча змяніць КР
2023.03.13 16:52

Чаго хоча Ягораў

Ягораў балатаваўся ад фракцыі «Грамадзянская супольнасць», але як спікер мусіць выйсці з фракцыі. Гэтая фракцыя Каардынацыйнай рады мае лозунг «дэсаветызацыя, беларусізацыя, еўрапеізацыя». У яе склад увайшлі разнастайныя дэлегаты: рабочыя, эколагі, прадстаўнікі дыяспараў і супольнасцяў, што засталіся ў Беларусі, прадстаўнік руху «Супраціў».

«Нам патрэбнае адказнае лідарства і трошкі больш ідэалізму», – з такой фразай ён прэзентаваў сваю кандыдатуру на пасаду спікера.

На дэбатах Ягораў пачаў свой выступ са згадкі Беларускай Народнай Рэспублікі: дэбаты праходзілі 9 сакавіка, а ў гэты дзень у 1918 годзе прынялі Другую Устаўную грамату БНР. Ягораў казаў, што выклікі для Беларусі засталіся тыя ж, што і 105 гадоў таму: побач ідзе вайна, разбураецца імперыя, а беларусы маюць шанец на стварэнне сваёй незалежнай дэмакратычнай дзяржавы. Таксама ён заяўляў, што працэсы, запушчаныя ў 2020 годзе, яшчэ не скончыліся, «той гістарычны працэс не здымаецца з парадку дня».

Андрэй Ягораў у студыі «Белсату». Варшава, Польшча. 13 сакавіка 2023 года.
Фота: Белсат

Саюзнікамі Беларусі Ягораў бачыць Еўразвяз, Злучаныя Штаты і Вялікую Брытанію, заклікае да саюзу з Украінай, ад пазіцыі якой «шмат у чым будзе залежаць лёс Беларусі». Заклікаў аб’яднаць высілкі з саюзнікамі на падставе адзінай стратэгіі, адным са сваіх трох галоўных прыярытэтаў на пасадзе спікера называў наладжванне стасункаў дэмакратычнага руху з Украінаю.

«У нас ёсць нацыянальны лідар – Святлана Ціханоўская, – казаў Ягораў на дэбатах. – Гэта вельмі важна. Але нам не хапае адзінства. Каардынацыйны савет – гэта рашэнне ці крок у гэтым кірунку».

Каардынацыйную раду ён бачыў палітычным суб’ектам, а не проста платформай для абмеркаванняў. Для ўзмацнення КР прапаноўваў «канструктыўнае ўзаемадзеянне» з Аб’яднаным пераходным кабінетам і супольныя з ім працоўныя групы ў справах стратэгіі, міжнароднай працы і прыярытэтаў міжнароднай дапамогі, усталяванне працэдураў узаемнай справаздачнасці між АПК і КР.

Ягораў бачыў адною з крыніцаў легітымнасці КР шырокае прадстаўніцтва дэмакратычных сілаў у ёй, таму заклікаў яшчэ больш пашырыць склад КР: уключыць у яе прадстаўнікоў «негвалтоўных і радыкальных, палітычных і грамадзянскіх, унутрыбеларускіх і дыяспаральных, старых і новых» сілаў; займацца пытаннямі асобных групаў (медыкаў, спартоўцаў, студэнтаў і гэтак далей).

Заклікаў таксама да «аднаўлення публічнай дзейнасці» КР. На дэбатах Ягорава пыталі, што ж ён раней не ўзначаліў рэфармавання КР. Ягораў на гэта адказваў, што раней не было кансэнсусу і жадання рэфармаваць орган, а цяпер гэта «спатрэбілася не толькі нам».

Разбор
Каардынацыйную раду амаль дарэфармавалі. Чаму так доўга? І ці раскажуць, каго ўзялі?
2023.02.06 14:18

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў