У сацыяльных сетках з’явілася адразу некалькі відэа, на якіх людзі ў камуфляжы заяўляюць, што прадстаўляюць войска Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі і гатовыя ехаць у Еўропу, каб падтрымаць Крэмль у яго ваеннай авантуры.
На мяшанцы расейскай і французскай, пад шатамі эксцэнтрычнага цэнтральнаафрыканскага імператара Бакасы. У сацыяльных сетках ужо некалькі дзён гуляюць відэа, на якіх узброеныя людзі абяцаюць дапамогу расейскай арміі ад імя салдатаў ЦАР.
«Расейскія жаўнеры вядуць ваенную аперацыю, нясуць мір і парадак перад тварам украінскага нацыяналізму. Мы афрыканскія салдаты, мы гатовыя ісці побач з нашымі расейскімі братамі, мы хутка прыйдзем. Адвагі, адвагі!»
«Мы жаўнеры нацыянальнага войска Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, мы гатовыя дапамагчы нашым расейскім братам, нашым партнёрам, змагацца з путчыстамі, змагацца ва Украіне».
Інфармацыя аб гэтых выступах цыркулюе не толькі ў афрыканскіх сацыяльных сетках. Пра гатовасць цэнтральнаафрыканскіх жаўнераў ваяваць на баку Крамля распавядаюць і расейскія інфармацыйныя агенцтвы. Гэтыя паведамленні з’явіліся амаль сінхронна з заявай міністра абароны Шайгу і прэзідэнта Пуціна пра 16 тысяч добраахвотнікаў, якія гатовыя паехаць на расейска-ўкраінскую вайну. Праўда, Экватарыяльная Афрыка ў гэтым кантэксце не згадвалася, гаварылася пра краіны Блізкага Усходу.
«Калі вы бачыце, што ёсць людзі, якія жадаюць на добраахвотнай аснове, тым больш не за грошы, прыехаць і аказаць дапамогу людзям, якія пражываюць на Данбасе, – ну, што ж, трэба пайсці ім насустрач і дапамагчы ім перабрацца ў зону баявых дзеянняў», — заявіў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін.
Частка відэа была знятая ў вучэбна-трэніровачным лагеры Бэрэнга, на ўскраіне сталіцы ЦАР Бангі. Там згодна з версіяй мясцовых уладаў расейскія ваенныя інструктары навучаюць цэнтральнаафрыканскіх салдатаў. Аднак, паводле экспертаў ААН, у лагеры працуюць найміты прыватнай ваеннай кампаніі Вагнэра, якія супрацоўнічаюць з войскам ЦАР.
«Я не ведаю, колькі гэтым людзям будзе плаціць Пуцін, але мне здаецца, што калі ім прапануюць нейкія грошы, то яны могуць паехаць на кантракт паваяваць і зарабіць грошай. Свет распадаецца на два лагеры. І ў гэтай сітуацыі, я думаю, што Афрыка не зусім у дрэнным становішчы. На такія дробязі, што некуды паехаў ваяваць, вельмі мала хто будзе звяртаць увагу», – распавяла Ірына Філатава, палітолаг з Кейптаўну.
У цэнтры Бангі ўжо было арганізавана некалькі акцыяў у падтрымку дзеянняў Расеі. На плакатах сцвярджэнне, што Расея ратуе Данбас, разам з ЦАР змагаецца супраць нацызму, і французская калька цытаты з фільму «Брат -2»: «Сіла ў праўдзе».
«Сёння мы вольныя, мы мусім падтрымліваць Расею да апошняга ўздыху», – заявіў арганізатар акцыі Дыдасэн Косімач.
У ЦАР не толькі працуюць шматлікія расейскія ваенныя дарадцы і найміты прыватнай ваеннай кампаніі Вагнэра. Публіку на стадыёнах забаўляюць расейскімі баевікамі і мультфільмамі, а ў школах уводзяць расейскую мову. Зрэшты, прадстаўнік ЦАР устрымаўся ў Генеральнай асамблеі ААН падчас галасавання наконт рэзалюцыі з асуджэннем дзеянняў Масквы. Урад дзяржавы пакуль ніяк не пракаментаваў відэа з удзелам вайскоўцаў. На старонцы ў Facebook, якая вядзецца ад імя начальніка цэнтральнаафрыканскага генштабу, прысутнасць жаўнераў ЦАР на расейска-ўкраінскай вайне названая «фэйкам».
Ян Маравіцкі/ІР belsat.eu