Паводле звестак «Нашай нівы», Камітэт дзяржаўнай бяспекі выклікае беларусаў, якія рабілі данаты праз Facebook, і патрабуе выкуп у дзесяць разоў вышэйшы за суму данату. Раней меркавалася, што такі падыход зазнаюць працаўнікі IT-кампаніяў. «Белсат» спытаў фонд «BYSOL», што вядома пра такія выклікі і што рабіць, калі выклікаюць.
Раней выданне Dev.by расказвала, што беларускія IT-кампаніі атрымалі ад адміністрацыі Парку высокіх тэхналогіяў спісы работнікаў, якія пераводзілі грошы ініцыятывам «BYSOL» і «ByPol». Кіраўніцтву прапаноўвалі ўгаварыць працаўнікоў на размову са спецслужбамі і «заданаціць у 10 разоў болей у фонд, які скажуць». «Наша ніва» ўдакладняла, што гэтым займаецца не адміністрацыя ПВТ, а наўпрост КДБ, і што спецслужбы прааналізавалі пераводы, зробленыя ў 2020–2021 гадах не толькі ў «BYSOL»і «ByPol», а яшчэ і ў «BY_help».
Цяпер «Наша ніва» піша, што ў КДБ выклікаюць людзей не з IT-кампаніяў. Адна жанчына з дзяржаўнага прадпрыемства была вымушаная заплаціць сілавікам 400 долараў за данат 40 долараў, але ўсё роўна страціла працу. Другога мужчыну прымусілі заплаціць 500 еўраў. Трэці з’ехаў з Беларусі пасля выкліку ў КДБ. Колькі чалавек агулам выклікалі, невядома.
«Мы не сутыкаліся з масавым характарам такой праблемы, – кажа прадстаўнік «BYSOL» Яўген Андрэйчык. – Варта адзначыць, што калі і ёсць такія выпадкі, то яны не носяць масавага характару».
Андрэйчык падкрэслівае, што пры ахвяраваннях праз Facebook сілавікі не могуць адсачыць, куды менавіта ішлі грошы: у апісанні плацяжа проста няма пазнакі кампаніі, на якую рабілася ахвяраванне. Праўда, у Facebook прапануецца зрабіць публічны пост пра ахвяраванне (можна перад аплатаю зрабіць добпіс схаваным ад усіх і пасля аплаты выдаліць яго), а з гісторыі плацяжоў (бачнай толькі карыстальніку) немагчыма выдаліць згадкі пераводаў з падпісанымі адрасатамі. Пры гэтым адрасат будзе падпісаны ў гісторыі плацяжоў нават тады, калі пост пра плацеж быў схаваны.
Доступ да інфармацыі пра факт плацяжу сілавікі могуць атрымаць або праз захоп доступу да акаўнту, або ад беларускага банку, калі грошы пераводзіліся з беларускай карткі, запэўнівае Андрэйчык. У выпадку з банкам будуць бачыць толькі тое, што перавод быў на Facebook, і час, калі рабіўся перавод. Значыць, у зоне рызыкі і тыя, хто рабіў любыя пераводы на Facebook у час, які сілавікі палічаць падазроным, напрыклад, пасля выбараў-2020.
Тое, якую менавіта інфармацыю могуць атрымаць сілавікі, залежыць ад банку, краіны і часу, калі рабілася ахвяраванне. Напрыклад, цяпер пры ахвяраванні на збор «BYSOL» на Facebook польскі банк пабачыць, што грошы ідуць на «BelarusSolidar, fb.com/cc». Але, запэўніваюць у фондзе, беларускія банкі такога не бачаць. І сама плацежная сістэма Facebook змянілася з часу актыўных вулічных пратэстаў у Беларусі: пра пераводы ў часе пратэстаў беларускія банкі ведалі толькі, што яны ідуць адрасату накшталт «Facebook London – Fundraising».
На думку Яўгена Андрэйчыка, сілавікі могуць здагадвацца, што нейкае ахвяраванне рабілася ў фонд салідарнасці на падставе часу пераводу. Калі чалавек сам не прызнае факту пераводу фондам, то здагадкі сілавікоў наўрад ці будзе магчыма пацвердзіць.
«Таксама спецслужбы могуць браць да ўвагі і іншыя фактары, каб рабіць такія гіпотэзы, – разважае прадстаўнік «BYSOL». – Напрыклад, калі чалавек засвяціўся на нейкай фатаграфіі з пратэстаў, то ўжо на падставе гэтага яго вывучаюць больш дэталёва, там ужо вывучаюць гісторыю плацяжоў. І калі знаходзяць нейкі плацеж у Facebook, то могуць меркаваць, што ён быў зроблены ў фонд. А там ужо справа за сацыяльнай інжынерыяй».
«BYSOL» з меркаванняў бяспекі катэгарычна не раіць рабіць пераводаў з беларускіх і расейскіх картак любым грамадскім ініцыятывам, якія ўлады Беларусі могуць палічыць «варожымі». Таксама фонд рэкамендуе пакінуць Беларусь, калі прыйшло запрашэнне ў КДБ: калі патрабуюць выкуп за данат, «верагодна, гэта не адзінае, што ў іх ёсць на гэтага чалавека», кажа Яўген Андрэйчык.
Алесь Наваборскі belsat.eu