Дональд Туск: Хочам, каб Польшча вярнулася на сваё законнае месца ў Еўропе


Лідар «Грамадзянскай платформы» Дональд Туск, які 11 снежня быў абраны парламенцкай большасцю на пасаду прэм’ер-міністра Польшчы, выступіў у Сейме з прамовай і прэзентаваў праграму і склад новага кабінету міністраў.

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск падчас выступу ў польскім Cейме.
Фота: Aleksandra Szmigiel / Reuters / Forum

«Наступіў нашмат больш сурʼёзны момант, чым простая змена ўлады. Гэта кульмінацыя працэсу нацыянальнага адраджэння, удзельнікамі і сведкамі якога мы былі», – сказаў у прамове ў Cейме Дональд Туск, назваўшы кааліцыю, якая перамагла на мінулых парламенцкіх выбарах, «кааліцыяй 15 кастрычніка».

Дональд Туск заклікаў прыхільнікаў партыі «Права і справядлівасць» (PiS), якая да гэтага кіравала дзяржавай сем гадоў, прачнуцца і ажыццяўляць свае ідэі ў межах дэмакратычнай прававой дзяржавы.

«Быць рознымі ў бяспецы і павазе»

«Мы розныя. Хтосьці верыць у Бога, а хтосьці, каб быць дасканалым, шукае натхнення ў іншым месцы. Але кожны з нас варты павагі. Вяршэнства закону, Канстытуцыя, дэмакратыя, бяспечная мяжа. Гэта вельмі важна для таго, каб быць рознымі ў бяспецы і павазе», – сказаў Дональд Туск.

Цытуючы словы Яна Паўла ІІ пра тое, што няма салідарнасці без любові, Туск зазначыў, што гэтыя словы датычаць і радзімы: «Не ўяўляю сабе палітыкі без любові».

«Мы хочам, каб Польшча вярнулася на сваё законнае месца ў Еўропе. Мы адчувалі, што нешта не так, – казаў прэмʼер-міністр Польшчы. – Той, хто сёння пакідае Польшчу сам-насам з тым, што адбываецца на нашых межах, ставіць пад пагрозу існаванне нашай радзімы.

Давайце перастанем рабіць выгляд, што нашыя сябры і хаўруснікі з NATO і ЕЗ ёсць пагрозай для Польшчы. Гэта рызыкоўная, калі не сказаць – варʼяцкая гульня».

«Самотная Польшча – гэта Польшча, якая падвяргаецца рызыкам. Нам трэба паставіць Польшчу на трывалую аснову, калі яна сама зможа вырашаць, якім павінен быць Еўрапейскі Звяз. Ніякіх манеўраў або спробаў змяніць дамовы супраць нашых інтарэсаў не будзе», – дадаў прэмʼер-міністр.

«Будзем рашуча і цвёрда ахоўваць інтарэсы Польшчы»

У сваёй прамове Дональд Туск неаднойчы згадваў Украіну і казаў пра неразуменне тых, хто кажа, што «стаміўся ад сітуацыі ва Украіне».

«Задача новай улады – гучна запатрабаваць ад заходняй супольнасці дапамогі Украіне ў гэтай вайне», – заявіў Дональд Туск, але заўважыў, што гэта ўключае і «сардэчную напорыстасць», калі будзе весціся пра інтарэсы Польшчы, напрыклад, у пытаннях перавознікаў, фермераў і г. д.

«Мы будзем рашуча і цвёрда ахоўваць інтарэсы Польшчы ў дачыненнях з кожным суседам», – падкрэсліў Дональд Туск.

У прамове ў Сейме Дональд Туск казаў таксама пра выклікі, якія стаяць перад Польшчай: міграцыйны крызіс і кліматычная катастрофа. Адзначыў, паміж іншага, што можна цвёрда ахоўваць дзяржаўныя межы, але пры гэтым заставацца чалавечным.

Туск зазначыў таксама, што перад тым як зрабіць сто канкрэтных крокаў, абяцаных у выбарчай праграме, новай уладзе давядзецца пачысціць аўгіевы стайні. Але ён абяцае палякам, што новая ўлада ні забярэ ў іх нічога, што да гэтага ім далі ягоныя папярэднікі.

Пасля прамовы Дональд Туск прадставіў у Сейме склад новай Рады міністраў.

Hавiны
Святлана Ціханоўская павіншавала Дональда Туска з абраннем на пасаду прэм’ер-міністра Польшчы
2023.12.12 08:26

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў