Чаго беларусам чакаць ад ураду Туска?

Польская палітыка цалкам перабудуецца, зменаў варта спадзявацца і на замежным кірунку.

Новы прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск.
Фота: Jacek Dominski / Reporter / EAst News

Пасля васьмі гадоў кіравання партыі «Закон і справядлівасць» (PiS) улада ў Польшчы вяртаецца ў рукі Дональда Туска (кіраваў краінай у 2007–2014 гадах) і кааліцыі трох партыяў – «Грамадзянскай платформы», «Трэцяя дарогі», «Новых левых». Кожная з гэтых палітычных сілаў ужо атрымала свае міністэрствы. У аўторак новы прэм’ер Туск выступіў з праграмнаю прамовай у Сейме і абазначыў галоўныя кірункі сваёй палітыкі на найбліжэйшы час. У гэты ж дзень ягоны ўрад большасцю галасоў зацвердзіў парламент.

Што зменіцца ў Польшчы?

Новы кіраўнік ураду паабяцаў, што ўжо з 1 студзеня заробкі настаўнікаў вырастуць на 30 %, а працаўнікоў дзяржаўных установаў (бюджэтнікаў) – на 20 %. Туск паабяцаў павялічыць пенсіі і сацыяльную дапамогу грамадзянам, калі інфляцыя ў краіне будзе большая за 5 %. У сваю чаргу бабулі (але таксама і дзядулі), якія выхоўваюць унукаў, калі працуюць бацькі, атрымаюць фінансавую дапамогу. Гэта павінна матываваць польскіх жанчын хутчэй вяртання да працы пасля нараджэння дзіцяці. Шмат планаў новага ўраду датычыць змены падатковай сістэмы і падтрымання прадпрымальнікаў. Але гэта далёка не асноўныя праблемы для кабінету міністраў Туска на найбліжэйшыя месяцы.

У першую чаргу новаму прэмʼеру давядзецца змагацца за замарожаныя сродкі з Еўразвязу – амаль 60 млрд еўраў – для Польшчы (у межах падтрымання эканомікі краіны, польскіх рэгіёнаў) пасля пандэміі. Грошы не прыйшлі ў Польшчу, бо папярэдні ўрад вёў спрэчкі з уладамі ў Бруселі вакол польскай судовай сістэмы. Тая цягам апошніх васьмі гадоў зазнала шмат рэформаў і моцна прывязалася да дзяржавы ды Міністэрства юстыцыі. Цяпер яго будзе ўзначальваць знаны праваабаронца Адам Боднар, былы ўпаўнаважаны ў грамадзянскіх правах (2015–2021). У час сваёй кадэнцыі не баяўся вострых пытанняў і спрэчак з урадам «Закону і справядлівасці».

Змены ў судовай сістэме будуць вымагаць не толькі парламенцкай большасці, але і падтрымання прэзідэнта Анджэя Дуды, які мае права накладаць вета на любыя законы. Таму новаму ўраду давядзецца знаходзіць супольную мову з прэзідэнцкім палацам у Варшаве.

Замежная палітыка і Беларусь

У прамове Туск адназначна заявіў, што Польшча будзе падтрымліваць Украіну і дамагацца ўзмацнення дапамогі Кіеву на Захадзе. Беларусь новы кіраўнік польскага ўраду не згадаў. Але гэта не азначае, што Туск не памятае пра дыктатуру. Проста стасункі з лукашэнкаўскаю Беларуссю не стаяць у пачатку спісу праблемаў новага старога міністра замежных справаў Радослава Сікорскага. Туск выразна вызначыў кірункі замежнай палітыкі: узмацніць стасункі з традыцыйнымі партнёрамі. А гэта трэба разумець як вяртанне да супрацы ў фармаце Ваймарскага трыкутніка. Трыморʼя ці Вышэградскай групы, упадабаных фарматаў папярэдняга ўраду, Туск не згадваў. Таму спачатку – Польшча і старая Еўропа, пазней – падтрыманне Украіны, а толькі потым – усё іншае, у тым ліку і лукашэнкаўская Беларусь.

Меркаванні
Польшча – Беларусь. Чаму не будзе перазапуску стасункаў
2023.11.27 08:19

Магчыма, у рэжыму ў Менску засталіся апошнія дні, каб прыцягнуць увагу новага ўраду ў Варшаве і выпусціць Анджэя Пачобута, пачаць вызваляць іншых палітычных вязняў. Трэба гэта найперш Лукашэнку, бо для Польшчы, якая толькі з Нямеччынаю мае больш за 100 млрд еўраў тавараабароту, стасункі з Беларуссю могуць быць замарожаныя гадамі. Разлічваць на нейкую палітычную адлігу не варта, але ў выпадку вызвалення палітычных вязняў нельга выключаць адкрыцця некаторых памежных пераходаў. Натуральна, з умоваю поўнага прыпынення міграцыйнага крызісу і правакацыяў з боку рэжыму. У іншым выпадку варта спадзявацца яшчэ большага пагаршэння стасункаў, а можа, і новых санкцыяў. Гэта толькі пытанне часу.

Новы ўрад у Польшчы – гэта таксама выклік для дэмакратычнай супольнасці Беларусі, бо яе прадстаўнікам давядзецца нагадаць пра сябе, прапанаваць новыя падыходы, стратэгіі ды бачанне пераменаў у Беларусі.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў