Косава плануе падаць заяўку на ўступленне ў Еўразвяз


Часткова прызнаная рэспубліка Косава афіцыйна падасць заяўку на ўступленне ў Еўразвяз 15 снежня. Пра гэта паведамляе мясцовы тэлеканал «Radio Television of Kosovo» са спасылкай на афіцыйны дакумент. 

Фота: Besnik Bislimi/Facebook

Дакумент пачынаецца з рэзюмэ шляху Косава, распачатага амаль праз два дзесяцігоддзі пасля таго, як Еўрапейскі звяз паабяцаў еўрапейскую перспектыву для ўсіх краін Заходніх Балкан. З таго часу Косава застаецца адзінай краінай у рэгіёне, якая яшчэ не падала заяўку на сяброўства ў ЕЗ.

Першай і пакуль адзінай з гэтых краін, якая дабілася ўступлення ў Звяз, стала Харватыя ў 2013 годзе.

«Нягледзячы на гэта, членства ў ЕЗ застаецца стратэгічнай мэтай для краіны, аб чым сведчыць цвёрдая прыхільнасць урада да правядзення ключавых рэформаў у рамках Еўрапейскай праграмы рэформ», – гаворыцца ў дакуменце.

У дакуменце таксама сказана, што сярод палітыкаў і грамадзян існуе шырокі кансэнсус на карысць членства Косава ў ЕЗ, і што па рэгіянальных апытаннях цяпер самы высокі ўзровень падтрымкі з боку насельніцтва «за» уступленне – 94%. «Таму час падыходзіць не толькі для падачы заяўкі Косава на сяброўства ў ЕЗ, але і гэты крок ілюструе моцную волю нашых грамадзян і служыць выразнай праявай цвёрдай прыхільнасці косаўскіх інстытутаў еўраатлантычнаму шляху».

Пазіцыя Еўразвязу па заяўцы пакуль невядомая. Пяць краінаў ЕЗ – Іспанія, Кіпр, Грэцыя, Славакія і Румынія – дагэтуль не прызналі незалежнасць Косава. Аднак першы віцэ-прэм’ер рэспублікі Беснік Беслімі заяўвіў, што ўсе спрэчкі ўдасца ўрэгуляваць да 2030 года. Менавіта такія тэрміны па ўступленні ў ЕЗ вызначыла для сябе Косава.

Чытайце па тэме:

Сербія адмовілася прызнаваць «рэферэндумы» аб далучэнні частак Украіны да Расеі

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў