Бурэль: «ЕЗ будзе з беларускім народам, пакуль ён ідзе па шляху да дэмакратыі»


Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па знешніх справах і палітыцы бяспекі Жузэп Бурэль выступіў з заявай з нагоды Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю, які праходзіць 12 лістапада. Ён запэўніў у працягу падтрымкі беларускага народу на шляху да стварэння «краіны ў складзе мірнай Еўропы».

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Еўразвязу Жазуп Бурэль.
Фота: РИА Новости

«Пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае рэзка пагаршацца. Рэжым правёў больш за 40 000 палітычна матываваных арыштаў, завёў не менш за 12 000 палітычна матываваных крымінальных спраў і ўтрымлівае амаль 1 500 палітычных зняволеных.

Назіраецца прыкметнае павелічэнне практыкі ўтрымання за кратамі без права зносін прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі, актывістаў грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў і журналістаў. Таксама ўзмацнілася чыстка палітычных партый і дзяржаўная палітыка далейшага абмежавання грамадзянскай прасторы ў Беларусі.

Еўрапейскі звяз падтрымлівае намаганні беларускага дэмакратычнага руху і высока ацэньвае мужнасць і стойкасць беларускага народу, які працягвае выступаць за дэмакратыю і свае асноўныя правы і свабоды, нягледзячы на жорсткі прыгнёт», – кажа ў сваёй заяве Жузэп Бурэль.

Ён узгадаў імёны загінулых ад рук рэжыму беларусаў, аддаўшы ім даніну памяці. Сярод іх, акрамя Рамана Бандарэнкі, значацца імёны Вітольда Ашурка, Дзмітрыя Дудойца, Аляксандра Віхора, Мікалая Клімовіча, Дзмітрыя Сарокіна і Алеся Пушкіна. ЕЗ паўтарае сваё патрабаванне неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі.

Гісторыі
«Доўг памяці – пакараць забойцаў». Тры гады таму не стала Рамана Бандарэнкі
2023.11.12 07:00

Вярхоўны прадстаўнік адзначыў, што Еўрапейскі звяз разам са сваімі міжнароднымі партнёрамі ўзначальвае намаганні па зборы і захаванні доказаў сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека у Беларусі падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

«ЕЗ будзе з беларускім народам, пакуль ён ідзе на шляху да незалежнай, дэмакратычнай і квітнеючай краіны як часткі мірнай Еўропы», – падсумаваў Жузэп Бурэль.

СП belsat.eu

Стужка навінаў