16 ахвяраў рэжыму Лукашэнкі са жніўня-2020: «Прававая ініцыятыва» сабрала, што пра іх вядома


Праваабаронцы «Прававой ініцыятывы» апублікавалі даклад (PDF), у якім разглядзелі восем смерцяў і забойстваў удзельнікаў палітычных пратэстаў і восем смерцяў зняволеных з палітычных прычынаў. Гэты спіс наўрад ці поўны.

Мастак Алесь Пушкін на акцыі пратэсту. Лета 2020 года.
Фота: асабісты архіў Алеся Пушкіна

У дакладзе згадваюць пазасудовыя забойствы апанентаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, што былі і да 2020 года. Нагадваюць пра загадкавыя смерці, забойствы і самагубствы, у якіх можна падазраваць палітычныя матывы: пішуць пра Анатолія Майсеню, Генадзя Карпенку, Арнольда Пячэнскага, Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Змітра Завадскага, Андрэя Зайцава, Алега Бябеніна. Належных расследаванняў па гэтых справах улады не праводзілі.

Праваабаронцы разглядзелі восем смерцяў, звязаных з выбарамі-2020.

Аляксандр Тарайкоўскі быў застрэлены сілавікамі 10 жніўня 2020 года на мірных пратэстах блізу метро «Пушкінская» ў Менску. Улады вырашылі, што забойства было «правамерным», забойцу не пакаралі.

Генадзь Шутаў быў падстрэлены вайскоўцамі ў цывільным падчас пратэстаў у Берасці 11 жніўня 2020 года, хоць нават не браў удзелу ў пратэстах, а сядзеў з сябрам на лаўцы. Памёр 19 жніўня 2020 года. Пакаралі не забойцу, а сведку забойства.

Канстанцін Шышмакоў знік 15 жніўня 2020 года, быў знойдзены павешаным у лесе праз тры дні. Нягледзячы на шматлікія падазроныя абставіны смерці сябра выбарчай камісіі, якія маглі сведчыць пра забойства, у пачатку крымінальнай справы адмовілі.

Мікіта Крыўцоў знік 12 жніўня 2020 года, знойдзены мёртвым у лесе праз 10 дзён. Нягледзячы на шматлікія падазроныя абставіны смерці ўдзельніка мірных пратэстаў, якія маглі сведчыць пра забойства, у пачатку крымінальнай справы адмовілі.

Раман Бандарэнка быў забіты 12 лістапада 2020 года групай «людзей у цывільным», калі выйшаў з дому спытаць, што тыя робяць у двары ягонага дома. Расследаванні журналістаў, актывістаў і былых сілавікоў паказалі канкрэтных людзей, якія ўдзельнічалі ў забойстве (у іх ліку – прэс-сакратарка Лукашэнкі і старшыня Федэрацыі хакею). Але пакаралі не забойцаў, а журналістку і медыка, якія аспрэчвалі афіцыйную версію смерці.

Гісторыі
«Доўг памяці – пакараць забойцаў». Тры гады таму не стала Рамана Бандарэнкі
2023.11.12 07:00

Дзмітрый Стахоўскі скончыў жыццё самагубствам 26 траўня 2021 года. 18-гадовы сірата ў сваёй смерці вінаваціў Следчы камітэт, які пераследаваў яго з прычыны ўдзелу ў мірных пратэстах. Справу аб давядзенні да самагубства нават не пачыналі.

Андрэй Зельцар быў застрэлены 28 верасня 2021 года ў сваёй кватэры: калі ў кватэру сталі ламіцца невядомыя «людзі ў цывільным», ён узяў стрэльбу, стрэліў у бок нападнікаў і, магчыма, застрэліў аднаго з нападнікаў (абставіны перастрэлкі вядомыя толькі з істотна адрэдагаванага відэа дзяржаўных медыяў). Аказалася, у кватэру ламіліся не бандыты, а супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бяспекі. За здарэнне пакаралі ўдаву забітага і журналістаў, якія асвятлялі справу, а таксама не менш за сотню чалавек, якія каментавалі здарэнне ў інтэрнэце.

Уладзімір Крысёнак быў знойдзены павешаным 30 траўня 2022 года. Актыўнага ўдзельніка незалежнага прафсаюзу затрымалі, прымусілі даць паказанні на былых калегаў, пагражалі доўгім зняволеннем, але адпусцілі. Справу аб давядзенні да самагубства не пачыналі.

У няволі без належнай медычнай дапамогі памерлі Аляксандр Віхор, Сяргей Шчацінка, Вітольд Ашурак, Алена Амеліна, Мікалай Клімовіч, Дзмітрый Сарокін, Алесь Пушкін. У час зняволення скончыў жыццё самагубствам Дзмітрый Дудойць.

Праваабаронцы ў дакладзе не згадваюць пра некаторыя іншыя падазроныя смерці, якія могуць быць звязаныя з палітычным пераследам: не разглядалі дэталёва смерці Генадзя Кіселя, Арцёма Парукава, Станіслава Чура, Сяргея Радчэні, Дзяніса Кузняцова, Андрэя Макарэвіча і іншых.

Ды на падставе разгледжаных 16 смерцяў праваабаронцы прыходзяць да высновы аб тым, што ўлады Беларусі парушылі права на жыццё і свае міжнародныя абавязкі, не пакаралі вінаватых. Адказнасць за гэта ўскладваюць на Аляксандра Лукашэнку, супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных справаў, Дэпартаменту выканання пакаранняў, Камітэту дзяржаўнай бяспекі, Міністэрства абароны, Следчага камітэту і пракуратуры, старшыню Вярхоўнага суду.

Агляд
Беларускі мартыралог. Яны загінулі за часы лукашызму
2023.07.13 08:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў