ЦНС: вагнэраўцам у Беларусі прапаноўваюць перайсці ў «ГардСэрвіс»


Украінскі Цэнтр нацыянальнага супраціву (ЦНС), арганізаваны пад эгідай Сілаў спецыяльных аперацыяў, сцвярджае, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі мае намер стварыць уласную прыватную вайсковую кампанію на базе расейскіх вагнэраўцаў.

Паводле ЦНС, вагнэраўцам, якія адмовіліся ад кантракту з Міністэрствам абароны Расеі, прапанавалі далучыцца да лукашэнкаўскай ахоўнай кампаніі «ГардСэрвіс».

«Апошняя стала трэнуецца ў Мар’інай Горцы Менскай вобласці на базе колішняга цэнтру спецыяльнай падрыхтоўкі «Дынама». Асноўная задача ПВК – залучэнне для супрацьдзеяння апазіцыі ў выпадку неспрыяльнага палітычнага сцэнара для Аляксандра Лукашэнкі», – адзначаецца ў паведамленні ЦНС.

Нагадаем, пасля гібелі Яўгенія Прыгожына ПВК Вагнэра стаіць перад пагрозай распаду. Крэмль не збіраецца пакідаць групоўку ў выглядзе самастойнага падраздзялення і паступова падпарадкоўвае сабе сетку наймітаў у Афрыцы. Фактычна перад байцамі ПВК Вагнэра паўстала дылема: або ісці працаваць на расейскае Міністэрства абароны, або шукаць сабе іншае месца працы.

Раней Лукашэнка заяўляў, што хацеў бы пакінуць наймітаў ПВК Вагнэра ва Узброеных сілах Беларусі і, «адштурхоўваючыся ад іх, больш актыўна ствараць кантрактную армію».

Кампанія «ГардСэрвіс» была заснаваная 21 лістапада 2019 года. 18 чэрвеня 2020 года Лукашэнка дазволіў кампаніі ўжываць агнястрэльную зброю – гэта адзіная прыватная кампанія ў Беларусі, якая мае такі дазвол. «ГардСэрвіс» трапіў пад санкцыі Еўразвязу, Злучаных Штатаў і Вялікай Брытаніі ў снежні 2021 года.

Аб’ектыў
Новы эскадрон смерці Лукашэнкі
2021.08.25 00:12

Летась незалежныя медыі паведамлялі, што супрацоўнікаў кампаніі трэнуюць якраз баевікі расейскай ПВК Вагнэра.

Некаторыя каментатары нават называлі «ГардСэрвіс» беларускім аналагам ПВК Вагнэра.

Аналітыка
Што адбываецца з ПВК Вагнэра ў Беларусі пасля гібелі Прыгожына?
2023.09.06 08:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў