Пачаўся новы этап увозу ў Беларусь кампанентаў ядравай зброі


У верасні пачаўся чарговы этап дастаўкі кампанентаў расейскай ядравай зброі ў Беларусь. Аб гэтым заяўляе супольнасць беларускіх чыгуначнікаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 27 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

Як сцвярджаецца на сайце «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі», беларуская чыгунка актыўна выкарыстоўваецца для транспарціроўкі кампанентаў ядравай зброі на тэрыторыю нашай краіны. Сярод такога роду грузаў – камплекты аператыўна-тактычных ракетных комплексаў «Іскандэр-М», якія могуць быць аснашчаныя тактычным ядравым зарадам.

«Дзеля захавання максімальнай сакрэтнасці, – гаворыцца на сайце, – дастаўкі частак ядравай зброі ажыццяўляюцца невялікімі групамі па 3–6 вагонаў з вылучэннем асобнага лакаматыва. Пры гэтым нададзеныя на пачатковай станцыі нумар і індэкс такому цягніку змяняюцца перад праходжаннем стыкавых пунктаў паміж рознымі чыгункамі як на сетцы Расейскай чыгункі, так і перад перасячэннем расейска-беларускай мяжы».

«Такім чынам, пры адпраўленні са станцыі Расейскай чыгункі цягнік, у саставе якога ёсць спецыяльныя вагоны, мяняе свой нумар і індэкс пры перасячэнні мяжы з Маскоўскай чыгункай і перад прыбыццём на першую грузавую станцыю на тэрыторыі Беларусі. Пры кожнай такой змене нумару і індэкса ажыццяўляецца змена і станцыі адпраўлення (прызначэння) цягніка», – раскрываюць схему дастаўкі беларускія чыгуначнікі.

З 26 жніўня агулам было адзначана як мінімум 5 цягнікоў, што трапляюць пад катэгорыю вайсковых эшалонаў у адпаведнасці з родам груза, які перавозіўся. Канцавым пунктам, у якія накіроўваліся цягнікі, былі станцыі Баранавічы-Палескія і Лунінец.

Раней ужо былі выкананыя асобныя этапы дастаўкі кампанентаў ядравай зброі. Так, сцвярджаюць беларускія чыгуначнікі, ужо ў чэрвені 2023 года на станцыю Прудок і вайсковую частку 94017 былі дастаўленыя некаторыя кампаненты і абсталяванне, якія адносяцца да ядравай зброі.

Hавiны
Беларускія патрыёты рассакрэцілі парадак транспартавання ядравай зброі з Расеі ў Беларусь
2023.06.28 11:59

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў