Артур Міхальскі прызначаны спецпрадстаўніком МЗС Польшчы ў супрацы з дэмсіламі Беларусі


Амбасадар Артур Міхальскі быў прызначаны спецыяльным прадстаўніком міністра замежных справаў Польшчы ў справах узаемаадносінаў з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Пра гэта паведамляе НАУ і яго кіраўнік Павел Латушка.

Латушка ў сваім допісе ў сацсетцы «X» (былы Twitter) апублікаваў супольны здымак з Міхальскім, падзякаваў дыпламату і выказаў упэўненасць, «што мы можам зрабіць больш, каб Беларусь стала свабоднай еўрапейскай краінай».

Міхальскі падзякаваў Латушку за добрыя словы. «Я падзяляю надзею нашага дружалюбнага суседа, беларускага народу, што ўсе палітвязні будуць вызваленыя, суверэнітэт будзе адноўлены і самі беларусы будуць гаспадарамі ў сваёй краіне», – падкрэсліў дыпламат.

Артур Міхальскі нарадзіўся 5 траўня 1962 г. у Варшаве. Выпускнік Акадэміі каталіцкай тэалогіі (цяпер Універсітэт кардынала Стэфана Вышыньскага). У розны час працаваў дыпламатам у Расеі, ЗША, Канадзе і Малдове. У траўні 2018 года быў прызначаны надзвычайным і паўнамоцным амбасадарам Польшчы ў Беларусі.

На пачатку кастрычніка 2020 года афіцыйны Менск адклікаў для кансультацыяў сваіх амбасадараў у Польшчы і Літве і прапаноўваў амбасадарам гэтых краінаў зрабіць тое ж самае. Як вынік, 5 кастрычніка 2020 года Артур Міхальскі быў вымушаны пакінуць Беларусь.

Hавiны
«Мы бачым вялікія выпрабаванні, праз якія вы праходзіце». Амбасадар Польшчы звярнуўся да беларусаў
2022.11.11 19:51

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў