Указам Лукашэнкі: як мяняецца аблічча Менску ў эпоху лукашызму


Архітэктура Менску цягам апошніх дзесяцігоддзяў папаўняецца ўсё новымі будынкамі і абрастае даўгабудамі. Часта «засваенне» тэрыторыяў у цэнтры гораду азначае знос гістарычных будынкаў на карысць гандлёвых цэнтраў, гатэльных комплексаў ды іншых аб’ектаў. Зірнем, як змянілася аблічча Менску за гэтыя гады.

Выставачны комплекс «БелЭкспа» на Янкі Купалы – гатэльны комплекс «Grand Hotel Minsk»

Участак у межах вуліцаў Багдановіча і Купалы, набярэжнай Свіслачы, на месцы знесенага ў 2017 годзе «БелЭкспа» і карпусоў 2-й больніцы аддалі пад будоўлю інвестару з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў – фонду «Royal Group» шэйха Тахнуна бін Заіда ан-Наг’яна. З ім Аляксандр Лукашэнка не раз сустракаўся, наведваючы гэтую краіну, дзе любіў адпачываць з сынамі. На невялікую пляцоўку ў цэнтры Менску пастанавілі ўплішчыць 5-зоркавы гатэль сеткі «Viceroy», казіно, рэстаран, гандлёвую зону, падземны паркінг. Будаўніцтва разбілі на тры этапы. Першая чарга – гатэльны комплекс, другая – рэканструкцыя з рэстаўрацыяй будынкаў былога Траецкага манастыра, трэцяя – узвядзенне маста з падагрэвам, які злучыць гатэльны комплекс з Верхнім горадам. Кошт пытання – $ 250 мільёнаў.

Гатэльны комплекс на месцы былога павільёну «БелЭкспа». Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Гатэльны комплекс будуе кампанія «Kopaonik Property Investment» з ААЭ, аўтар праекту – архітэктурная студыя «Верабʼёў і партнёры» (яны праектавалі «Falcone» на праспекце Пераможцаў, будынак-крышталь на праспекце Машэрава, шмат якія будынкі банкаў). Пачаць будаўнічыя работы планавалася ў красавіку 2019 года. Але катлаван сталі капаць толькі ў верасні. За 10 месяцаў, да ліпеня 2020-га, куча звезенага будаўнічага пяску паспела зарасці травою. Здалёк здавалася, што на месцы былога «БелЭкспа» зʼявіўся ўзгорак. Аднак нейкія будаўнічыя працы нібыта вяліся.

Увесь комплекс планавалі пабудаваць да 2021 года. Давайце зірнем, што з гэтага выйшла.

Гэтая будоўля з самога пачатку цягнула скандальны шлейф. У камерцыйнае абарачэнне 6 гектараў зямлі ў Старым горадзе пастанавілі перадаць у 2010 годзе, аднак інвестары доўгія 5 гадоў не знаходзіліся. Спачатку ўчастак узяліся забудаваць бізнесоўцы з Аману. Неўзабаве грымнуў крызіс – бізнесоўцы зніклі. Праз нейкі час менскія ўлады заявілі, што знайшоўся іншы інвестар, аднак прэзентаваць яго не паспелі – ён таксама хутка знік. У 2016-м уладам удалося дамовіцца з арабскаю кампаніяй, якая ўзялася засвойваць тэрыторыю. Наследнага прынц Абу-Дабі ў Менскім гарвыканкаме характарызавалі няйначай як «добра знаёмага з рэаліямі Беларусі».

Знесены шкляны павільён «БелЭкспа» быў спраектаваны архітэктарамі Сяргеем Баткоўскім, Юрыем Градавым і Леанідам Левіным. Яго ўрачыста адкрылі 27 снежня 1968 года. На свой час будынак са шклянымі сценамі выглядаў вельмі сучасна, ён зрабіўся адным з самых знакавых архітэктурных абʼектаў Менску ранняй брэжнеўскай эпохі. Павільён «БелЭкспа» быў найбуйнейшаю выставачнаю пляцоўкай у горадзе, замены яму на гэты момант няма.

Музей ВАВ на Кастрычніцкай плошчы ў Менску – бізнес-цэнтр «BK Capital Palace» («Dana Holdings»)

«BK Capital Palace» – комплекс з адміністрацыйнымі і гандлёвымі памяшканнямі, бізнес-апартаментамі, грамадскім харчаваннем і падземным паркінгам. Аўтары хацелі ўпісаць свой аб’ект у гістарычнае савецкае асяроддзе, знайсці залатую сярэдзіну паміж будынкамі на Кастрычніцкай плошчы: Палацам прафсаюзаў, офісам кампаніі «Velcom» і Палацам Рэспублікі. Мяркуйце самі, наколькі гэта ўдалося.

Будынак «BK Capital Palace» на месцы былога Музею ВАВ. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Пляцоўка на Кастрычніцкай плошчы вызвалілася пасля зносу Музею Айчыннай вайны. У канцы 2016 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб вылучэнні гэтага ўчастку сербскай кампаніі «Белінтэ-Роба», якая ўваходзіць у міжнародны холдынг «Dana Holdings». Яго асваенне даручылі братам Карычам, якія зрэалізавалі ў сталіцы «Маяк Менску», «Менск-Свет» ды іншыя праекты (агулам больш за 4,5 мільёны квадратных метраў жылой і камерцыйнай нерухомасці).

Адкуль такая любоў у Лукашэнкі да сербскіх бізнесоўцаў? На запрашэнне братоў Карычаў у 2009 годзе ён наведаў папулярны гарналыжны курорт Копаўнык. Там Лукашэнка і Карычы пасябравалі семʼямі, а адзін з братоў, Багалюб, нават нейкі час жыў на дзве краіны – Беларусь і Расею.

Браты Карычы былі сярод самых уплывовых бізнесоўцаў у час кіравання Слабодана Мілошэвіча. Яны мелі актывы ў будаўнічым, медыйным і мабільным бізнесе. Пасля падзення рэжыму Мілошэвіча Карычы страцілі свае пазіцыі, але гэта не перашкодзіла ім распачаць праекты за мяжой, у тым ліку ў постсавецкіх краінах.

Першая менская электрастанцыя – «не-Кемпінскі»

Элітны гатэль «Kempinski» каля Свіслачы насупраць парку імя Горкага пачала будаваць фірма «Эліт Эстэйт» – даччынае прадпрыемства групы кампаніяў «Трайпл» набліжанага да ўладаў бізнесоўца Юрыя Чыжа. Дзеля гэтай будоўлі знеслі помнік архітэктуры 1895 года пабудовы – першую менскую электрастанцыю.

Гатэльны комплекс «Kempinski» на месцы першай менскай электрастанцыі. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Абʼект меркавалі здаць да старту чэмпіянату свету па хакеі ў траўні 2014 года. Аднак з прычыны недасканаласці падмурку, які пачала падмываць Свіслач, працы спачатку затармазіліся, а пасля канчаткова спыніліся: Юрыя Чыжа арыштавалі ды абвінавацілі ў эканамічных злачынствах.

Спачатку заяўлялі, што шматфункцыйным комплексам будзе кіраваць знакаміты брэнд «Kempinski», аднак міжнародны кансорцыум ад гэтага адхрысціўся. Знайсці новага інвестара на праблемны абʼект з даўгамі і вялізнымі штрафамі аказалася няпроста. Гатэль зрабіўся самым вядомым менскім даўгабудам. У нейкі момант нават абмяркоўвалі варыянт яго зносу, але аказалася, што гэта будзе каштаваць $ 30–50 мільёнаў. Медыі апошнімі гадамі сталі называць комплекс «не-Кемпінскі».

Але паступова будынкі комплексу пачынаюць ажываць, у асноўным там размяшчаюцца офісы. На пачатку 2022-га туды пераехаў галоўны офіс «Сбербанку» (Беларусь). Да гатэльнага бізнесу праект больш не мае дачынення. Цяпер комплексам цалкам валодае група «Сбер», інвестыцыі ў праект склалі дзясяткі мільёнаў долараў ЗША. Цалкам дабудаваць комплекс плануюць да канца 2022 года. Таксама паведамляюць, што побач з ім за кошт інвестараў адновяць адну са сценаў менскай электрастанцыі.

Аўтавакзал «Маскоўскі» – офіс «Газпром-цэнтру»

Дзеля вызвалення тэрыторыі пад будоўлю «Газпром-цэнтру» ўлады знеслі знакавае для Менску збудаванне – аўтавакзал «Маскоўскі», які абслугоўваў міжнародныя, міжгароднія і прыгарадныя рэйсы аршанскага і віцебскага кірункаў. Ён лічыўся адною з пярлінаў архітэктуры Менску. Спраектаваны ў 1980-х гадах, узводзіць яго пачалі ў 1990-х, а ў эксплуатацыю быў уведзены ў 1999 годзе. Гэты транспартавы комплекс адразу ж атрымаў шэраг узнагародаў і прэміяў.

Будоўля «Газпром-цэнтру» на месцы Маскоўскага аўтавакзалу. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Але прызнанне на афіцыйным узроўні не ўратавала вакзалу ад знішчэння: пасля таго як «Газпром» набыў актывы «Белтрансгазу» і стаў валодаць беларускім газатранспартавым прадпрыемствам, маскоўскія топ-менеджары заявілі, што трэба будаваць штаб-кватэру ў Беларусі. Менскія ўлады без ваганняў ахвяравалі «Маскоўскім»: пытанне развязвалася ўказам Лукашэнкі. Шматфункцыйны комплекс мусіў улучаць офісы для беларускіх «дочак» «Газпрому», гатэль, паркінг, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, медычны цэнтр, аўтаномную энергетычную ўстаноўку. Акрамя таго, на тэрыторыі комплексу павінны былі размясціцца дзіцячы цэнтр развіцця і спадарожныя абʼекты гандлю і паслуг. Дадаткова ўнеслі некалькі ўмоваў для забудоўнікаў: збудаваць шматузроўневую транспартавую развязку на скрыжаванні праспекту Незалежнасці і вуліцы Філімонава, узяць на сябе выдаткі на фармаванне бізнес-кварталу ў раёне Нацыянальнай бібліятэкі, збудаваць у Менску жылы дом на 30 кватэраў для шматдзетных семʼяў (у суме – $ 3,3 млн), плюс сацыяльная нагрузка – фінансаванне дзіцяча-спартовых школаў, духоўных цэнтраў, масавых культурніцкіх імпрэзаў і гэтак далей.

Расейская газавая кампанія пачала ўзводзіць комплекс у 2015-м. Улетку 2016 года ўсе работы пачалі згортвацца праз праблемы са складанасцю грунтоў на пляцоўцы, дзе планавалася паставіць будынак вышынёю 189 метраў. Некаторы час будоўля была замарожаная, затым аднавілася. Пазней зноў была замарожаная. Затым зноў аднавілася. Апошні раз пра яе аднаўленне пісалі 5 лютага 2021 года. Пасля зноў пісалі пра замарожванне будаўніцтва. Хоць, згодна з указам Лукашэнкі, комплекс павінен быў быць узведзены да 2018 года.

Парк 40-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі – гатэль «Пекін»

Пад будаўніцтва гатэльнага комплексу «Пекін» інвестар – камерцыйная кампанія з Кітаю – выбрала ўчастак з паркам 40-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Праект прадугледжваў знішчэнне больш як 300 дрэваў і забудову прыблізна 70 % тэрыторыі парку. Калі пачалі высякаць дрэвы, мясцовыя жыхары захіналі іх сабою. Праціўнікі высякання прапаноўвалі ўладам ды інвестарам перанесці комплекс «Пекін» на тэрыторыю недабудаванага заводу імя Кірава побач, а парк – захаваць. Абаронцы парку звярталіся ў адміністрацыю Лукашэнкі, да старшыні Менскага гарвыканкаму Мікалая Ладуцькі, у Камітэт дзяржаўнага кантролю, адміністрацыю Ленінскага раёну сталіцы, Дзяржаўную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету, Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа ды іншых чыноўнікаў. Але кітайскі інвестар перамог. Пасля пратэстаў жыхароў навакольных дамоў улады паабяцалі скараціць высяканне дрэваў да мінімуму, але планаў пабудаваць гатэль не кінулі.

Гатэль «Пекін». Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Парк сапраўды знакавы і важны для Менску. 16 чэрвеня 1944 года тут адбыўся парад партызанскіх войскаў пад камандаваннем генерала Чарняхоўскага: бралі ўдзел 30 тысяч партызанаў Беларусі і 20 тысяч беларусаў. У Другую сусветную вайну тут каралі смерцю менскіх падпольшчыкаў і партызанаў, а ў 1946-м пакаралі смерцю палонных немцаў, што памятаюць старажылы. Цяпер жа могілкі ператварылі ў гульбішча.

Асмалоўка, будынак на Камуністычнай, 24 – цэнтр «Спамаш»

У красавіку 2015 года прадзюсарскі цэнтр «Спамаш» пачаў будаваць уласны культурніцкі цэнтр. Для гэтага спачатку запланавалі рэканструкцыю будынку на Камуністычнай, 24, у гістарычнай Асмалоўцы. Сам праект моцна выбіваўся з агульнага ансамблю раёну: новы будынак – 4-павярховы замест ранейшых двух паверхаў, да таго ж не захаваў гістарычнага выгляду. Рэканструкцыяй такую будоўлю спачатку назвалі праз захаванне старога фасаду дому. Але яго таксама зруйнавалі. Цяпер на месцы дому няма ніводнай згадкі пра гістарычны будынак.

Будынак прадзюсарскага цэнтру «Спамаш». Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Дамы на вуліцы Вызвалення, 6 і 6А – комплекс адміністрацыйных будынкаў для БПЦ

У снежні 2015 года мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел анансаваў узвядзенне новага комплексу адміністрацыйных будынкаў для БПЦ побач з будынкам Менскага епархіяльнага кіравання. На пачатку сакавіка 2016-га Лукашэнка асабіста ўхваліў гэты праект. 26 сакавіка 2016 года мітрапаліт накіраваў ліст віцэ-прэм’еру Наталлі Качанавай з просьбаю дазволіць выключэнне дамоў 6, 6а і 8 на вуліцы Вызвалення са спісу гістарычна-культурнай спадчыны, а таксама дэмантаваць гэтыя будынкі без узнаўлення. У лісце за подпісам мітрапаліта Паўла адзначаецца: гэтыя аб’екты не эксплуатаваліся больш за 25 гадоў, яны нібыта «не маюць ніякага гістарычнага значэння і не ўяўляюць культурнай ці архітэктурнай значнасці». Пасля вялікага скандалу ад пазбаўлення статусу адмовіліся, але рэканструкцыя ўсё ж пачалася.

Дамы 6 і 6А на вуліцы Вызвалення – комплекс адміністрацыйных будынкаў для БПЦ. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

У сярэдзіне ліпеня 2018 года большая частка помнікаў была знішчаная экскаватарам, пакінулі толькі фрагменты 1-га паверху галоўнага фасаду. У сярэдзіне верасня 2019-га тое, што заставалася ад аўтэнтычнага муру, было яшчэ больш разбурана. Ад дому № 6 засталіся тры мураваныя слупы. Такая вось бульдозерная рэканструкцыя па-беларуску.

 

Саша Гоман  belsat.eu

 

Стужка навінаў