Амбасадарка ЗША ў Беларусі працягне працу, нягледзячы на нязгоду ўладаў


Афіцыйны Менск адклікаў згоду на прызначэнне Джулі Фішэр амбасадаркай Злучаных Штатаў, ды яна працягне працу ў падтрымку беларускага народу. У Беларусь яе так і не пусцілі. Персанал амбасады загадалі скараціць да пяці чалавек.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр прыехала ў студыю «Белсат». Варшава, Польшча. 27 красавіка 2021 года. Фота: ЮШ / БелсатНа брыфінгу вечарам 11 жніўня кіраўнік прэс-службы Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША Нэд Прайс паведаміў (на відэа – ад 1:08), што як Джулі Фішэр, так і персанал амбасады ў Менску «працягнуць падтрымліваць дэмакратычныя памкненні беларусаў».

Гэта, сказаў ён, уключае ўзаемадзеянне з простымі беларусамі і лідарамі дэмакратычнага руху, студэнтамі, спартоўцамі, юрыстамі, прэсай і іншымі групамі, «дзе б яны не знаходзіліся».

«Адказнасць за пагаршэнне стасункаў між ЗША і Беларуссю ляжыць на рэжыме – на яго няздольнасці дазволіць незалежным галасам прагучаць у Беларусі і яго нежаданні выконваць міжнародныя абавязкі», – мяркуе Дзяржаўны дэпартамент ЗША.

Прайс нагадаў пра моцныя санкцыі ЗША супраць рэжыму Лукашэнкі і пра расчараванне ў цяперашняй сітуацыі са стасункамі з Беларуссю. Каб крызіс у Беларусі вырашыўся, Штаты лічаць неабходным вызваленне палітычных зняволеных, дыялог уладаў з апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю і правядзенне свабодных і справядлівых выбараў пад міжнародным назіраннем.

Аналітыка
Дамоклаў меч «іранскага фармату». Што трэба ведаць пра новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
2021.08.11 09:00

Джулі Фішэр прызначылі амбасадаркай у Беларусі са снежня 2020 года, аднак улады Беларусі не выдалі ёй візы для ўезду ў краіну, і таму дыпламатка працуе з Вільні.

АА belsat.eu

Стужка навінаў