Мінюст адмовіў у перарэгістрацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамадзе)


Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовіла ў перарэгістрацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамадзе), паведаміў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» старшыня партыі Ігар Барысаў.

Ігар Барысаў, лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады). Менск, Беларусь. 25 красавіка 2021 года.
Фота: АК / Белсат

Сярод прычынаў адмовы:

  • заяўлены колькасны склад арганізацыі складае 1141 чалавек замест 5000 патрэбных;
  • Цэнтральны Камітэт БСДП адмовіўся прымаць змены ў Статут у адпаведнасці з новай рэдакцыяй закону;
  • не пададзены спіс сябраў партыі;
  • не пададзеныя арыгіналы пасведчання аб рэгістрацыі і Статут БСДП.

На абскарджанне адмовы ў перарэгістрацыі БСДП мае месяц з моманту атрымання адказу з Мінюсту ў Вярхоўным Судзе (да 11 жніўня 2023 г.). У найбліжэйшы час кіраўніцтва партыі мае намер абскардзіць адмову Мінюсту.

БСДП не першая беларуская партыя, якая атрымлівае адмову ў перарэгістрацыі. Гэтак, Мінюст праз Вярхоўны Суд Беларусі ініцыяваў працэс ліквідацыі партыяў «Зялёныя» і КХП – БНФ. Прапанову самаліквідавацца атрымала Аб’яднаная грамадзянская партыя.

Прайшлі перарэгістрацыю Ліберальна-дэмакратычная партыя, Камуністычная партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. Таксама была зарэгістраваная партыя «Белая Русь».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў