Карацей, але не хутчэй. Што азначаюць віленскія пастановы NATO наконт Украіны


На саміце ў Вільні пастанова NATO наконт уваходу Украіны ў арганізацыю атрымалася кампраміснаю: замест афіцыйнага запрашэння Кіеву быў паабяцаны скарочаны шлях да Альянсу ў будучыні, а таксама пэўныя гарантыі бяспекі на ўзроўні G7. Гэта не тое, на што разлічвала ўкраінскае кіраўніцтва, але і правалам такі вынік назваць таксама нельга.

Вільня, Літва. 12 ліпеня 2023 года.
Фота: Odd Andersen / AFP / East Nws

Вялікія чаканні і жорсткая дыпламатыя

Украіна ўскладала на саміт у Вільні вялікія спадзевы. Прадстаўнікі афіцыйнага Кіева заяўлялі: яны разлічваюць, што чальцы NATO ўхваляць палітычную пастанову наконт запрашэння Украіны ў Альянс, а таксама дадуць канкрэтныя гарантыі бяспекі на той перыяд, пакуль краіна не стала чальцом арганізацыі. Заяўлялася таксама пра неабходнасць вызначэння канкрэтных тэрмінаў далучэння да NATO. Пры гэтым украінскае кіраўніцтва прызнавала, што стаць чальцом Альянсу ўжо цяпер, на піку вайны, нерэальна. Таму Кіеў прапаноўваў сваім супольнікам дзеяць наступным чынам: запрасіць Украіну ў NATO цяпер, а завяршыць працэс, «калі сітуацыя з бяспекай гэта дазволіць».

Аналітыка
Чаго чакаць ад саміту NATO у Вільні і чаму гэта важна?
2023.07.10 19:24

Аднак нават з такой агаворкай афіцыйнае запрашэнне Украіны ў NATO на саміце ў Вільні здавалася малаімаверным сцэнаром. ЗША і Нямеччына выступалі супраць гэтага кроку, баючыся, што такім чынам яны будуць уцягнутыя ў вайну з Расеяй. Генеральны сакратар Альянсу Енс Стольтэнбэрг папярэджваў, што гэтае пытанне нават абмяркоўваць у Вільні не плануецца. Такія абставіны ўказвалі на тое, што чакаць вялікага прарыву з украінскім пытаннем сапраўды не варта.

Хаця жыццё паказвае, што нават адносна ўваходу ў NATO часам могуць здараюцца сюрпрызы: напярэдадні саміту прэзідэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган пагадзіўся падтрымаць заяўку Швецыі, хаця дагэтуль яе блакаваў і выстаўляў дадатковыя ўмовы. Гэта, прынамсі звонку, выглядала досыць нечакана.

Магчыма, украінскае кіраўніцтва таксама разлічвала, што ў апошні момант настроі некаторых чальцоў NATO зменяцца на іх карысць. У першы дзень саміту прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, які таксама прыбыў у Вільню, апублікаваў у сваім Telagram-канале вельмі рэзкі і эмацыйны допіс наконт пазіцыі краінаў NATO, якія не дэманструюць гатовасці прыняць да сябе Украіну. Ён назваў «беспрэцэдэнтнай і абсурднай» сітуацыю, «калі няма ніякіх часовых рамак і для запрашэння, і для чалецтва Украіны», а ўзамен дадаецца «нейкая дзіўная фармулёўка пра ўмовы нават для запрашэння».

«Значыць, застаецца магчымасць гандлявацца чалецтвам Украіны ў NATO – у перамовах з Расеяй. А для Расеі гэта азначае матывацыю і далей працягваць свой тэрор. Нявызначанасць – гэта слабасць», – дадаў ён.

Паводле выдання «The Guardian», Зяленскі такім чынам хацеў прымусіць краіны NATO у апошнім момант перапісаць выніковую дэкларацыю, якая на той момант ужо была ўзгодненая. Спроба націснуць на заходніх супольнікаў была настолькі дэманстрацыйнай, што, з усяго відаць, пакінула на Захадзе толькі негатыўныя ўражанні. «Politico» паведамляе, што рэзкі выступ Зяленскага «выклікаў здзіўленне ў Вільні». У інтэрв’ю выданню дыпламат адной з краінаў Цэнтральнай Еўропы заявіў, што прэзідэнт Украіны «зайшоў занадта далёка», ягоны падыход «непрадуманы і несправядлівы». Паводле «The Washington Post», чальцы амерыканскай дэлегацыі ў Вільні таксама былі вельмі незадаволеныя допісам Зяленскага.

Вельмі раздражнёна пракаментаваў выказванні Зяленскага міністр абароны Вялікай Брытаніі Бэн Ўоліс, які адзначыў, што Кіеў мусіць праяўляць больш удзячнасці за тое падтрыманне, што Захад ужо дае Украіне. «Людзі хочуць бачыць крыху падзякі… Ведаеце, мы не «Amazon», – заявіў ён журналістам.

Віленскі кампраміс

Крытыка ад Зяленскага не прымусіла ўдзельнікаў саміту змяніць падыходы. Выніковае камюніке не змяшчала ні афіцыйнага запрашэння Украіны ў NATO, ні тэрмінаў магчымага далучэння краіны да гэтай арганізацыі. У дакуменце адзначаецца, што NATO будзе падтрымліваць Украіну ў ажыццяўленні рэформаў на шляху да будучага чалецтва і канстатуецца, што ўкраінскі бок ужо цяпер дасягнуў значнага прагрэсу ў гэтым пытанні. «Мы зможам накіраваць Украіне запрашэнне далучыцца да Альянсу, калі супольнікі пагодзяцца і ўмовы будуць выкананыя», – падкрэсліваецца ў дэкларацыі.

Гэта яўна не той вынік, на які разлічваў афіцыйны Кіеў. Аднак назваць гэта правалам таксама нельга. На саміце было афіцыйна абвешчана, што на шляху да чалецтва ў Альянсе Украіне не трэба будзе выконваць Плану дзеянняў з мэтай чалецтва ў NATO (ПДЧ).

ПДЧ – гэта праграма далучэння да Альянсу, якая прадугледжвае прывядзенне краіны-кандыдата ў адпаведнасць са стандартамі NATO у вайсковай, палітычнай, эканамічнай і прававой сферах. Рэалізацыя праграмы можа займаць гады: напрыклад, Харватыя прайшла шлях ад ПДЧ да сяброўства за 6 гадоў, а Паўночная Македонія – за 12. Таму скасаванне гэтай працэдуры для Украіны – усё ж крок наперад, маленькая перамога.

Акрамя адмовы ад ПДЧ, на ўзроўні персанальных заяваў удзельнікі саміту падкрэслівалі, што «Украіна стане чальцом NATO». Аднак не цяпер. Стольтэнбэрг спаслаўся на тое, што Украіна яшчэ не адпавядае стандартам NATO, а прадстаўнік Дзярждэпартаменту ЗША Мэт’ю Мілер заявіў, што далучэнне Украіны да Альянсу нібыта «імгненна ўцягнула б Злучаныя Штаты ў вайну з Расеяй».

«Украіна мусіць перамагчы ў вайне, бо пакуль ідзе вайна, размаўляць пра далучэнне заўчасна», – заявіў таксама генеральны сакратар NATO.

Фактычна, выніковая дэкларацыя NATO стала кампрамісам паміж асцярожнымі падыходамі чальцоў Альянсу і неабходнасцю прадэманстраваць выразнае падтрыманне Украіне ва ўмовах расейскай агрэсіі.

Медыі абураюцца, Кіеў праяўляе стрыманасць

Некаторыя ўкраінскія медыі не хаваюць свайго расчаравання такімі вынікамі, наракаючы на «страчаныя магчымасці» і «стратэгічную нявызначанасць». Заходнія выданні таксама вельмі крытычна ацанілі вынікі саміту, яны назвалі выніковую дэкларацыю «недарэчнай».

Нямецкае выданне «BILD» наогул апублікавала вельмі рэзкі каментар, у якім гаворыцца, што NATO такім чынам «плюнула ў твар украінскім жаўнерам». На думку намесніка галоўнага рэдактара «BILD» Паўля Ронцгаймэра, «паколькі ўкраінскі контрнаступ ідзе не так добра, як некаторыя спадзяваліся, за замкнёнымі дзвярыма ўсё гавораць пра тое, што, магчыма, прыйшоў час пачаць перамовы». «Калі гэта адбудзецца і колькі гадоў гэта зойме, пакуль незразумела. Але зразумела адно: веры ў тое, што Украіна зможа вярнуць сабе ўсю тэрыторыю, усе краіны NATO больш не маюць, прынамсі, на гэты момант», – піша ён.

Ронцгаймэр, хутчэй за ўсё, наўмысна згушчае фарбы. Разам з тым, ягоная заўвага, імаверна, адлюстроўвае пэўныя страхі афіцыйнага Кіева наконт таго, што Захад і Расея аднойчы дамовяцца паміж сабою за ўкраінскі кошт. Нездарма ў допісе Зяленскага за 11 ліпеня згадвалася, што чалецтва Украіны ў Альянсе можа стаць прадметам для гандлю.

Аднак якраз пасля прыняцця дэкларацыі ўкраінскі бок устрымаўся ад рэзкіх выказванняў і ацэнак – відаць, зразумеў бессэнсоўнасць «жорсткай дыпламатыі» папярэдняга дня. Выступаючы на супольнай са Стольтэнбэргам прэс-канферэнцыі 12 ліпеня, Зяленскі падзякаваў за скасаванне ПДЧ, назваў вынікі саміту «добрымі», але не ідэальнымі. Ідэальнымі яны былі б, калі б Украіну ўсё ж запрасілі ў NATO.

Вільня, Літва. 12 ліпеня 2023 года.
Фота: Javad Parsa / Ritzau Scanpix Norway / Forum

Ён падкрэсліў, што разумее: Украіна не можа быць у NATO, пакуль ідзе вайна. Паводле яго, умовы для ўваходу ў NATO складуцца тады, калі на ўкраінскай зямлі будзе бяспечна.

«Але выразныя сігналы пра тое, што гэта адбудзецца, сёння гучалі ўпэўнена», – падкрэсліў Зяленскі.

Гістарычныя гарантыі бяспекі, але не на ўзроўні NATO

Пастановаю наконт (не)запрашэння Украіны ў NATO ўкраінская тэматыка не была вычарпаная. Каб прадэманстраваць Кіеву сваё падтрыманне, краіны Захаду актывізавалі іншыя опцыі супрацы.

Па-першае, 12 ліпеня адбылося першае паседжанне толькі што створанай Рады Украіна – NATO, якая мае вывесці кантакты Кіева з Альянсам на новы ўзровень.

Па-другое, у Вільні быў пацверджаны намер аказваць доўгатэрміновую вайсковую дапамогу Украіне, а таксама пільнаваць «надзейныя гарантыі бяспекі» на ўзроўні G7.

У брытанскім урадзе адзначылі, што супольная дэкларацыя G7 «вызначыць фармат падтрымання для Украіны з боку супольнікаў у наступныя гады з мэтай завяршыць вайну, а таксама стрымаць або адбіць любую наступную агрэсію». «У дакуменце, які мусяць падпісаць чальцы «Вялікай сямёркі», юрыдычна будуць гарантаваныя як пастаўкі той зброі, што перадаюць цяпер, так і той, якой пакуль Украіна не мае, напрыклад, самалётаў і супрацьпаветранай абароны», – патлумачыў у сваю чаргу Зяленскі.

Гэтыя гарантыі ўжо называюць «гістарычнымі». Праўда, як канкрэтна яны будуць выглядаць і наколькі эфектыўна рэалізоўвацца, пакуль не да канца зразумела. Аднак нават перспектыва з’яўлення такога дакументу ўсхвалявала Крэмль. Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў назваў гэты крок «патэнцыйна вельмі небяспечным» і падкрэсліў, што такі крок можа мець негатыўныя наступствы. «Даючы гарантыі бяспекі Украіны, яны замахваюцца на бяспеку Расейскай Федэрацыі», – заявіў ён.

Разам з тым, украінскае кіраўніцтва настойвае, што гарантыі бяспекі ад «Вялікай сямёркі» – не замена чалецтву ў NATO. Міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба падкрэсліў, што афіцыйны Кіеў не пагодзіцца ні на якую альтэрнатыву чалецтву ў NATO, у тым ліку ім не пасуе ізраільская мадэль адносінаў з Альянсам (нагадаем, Ізраіль мае статус асноўнага супольніка ЗША за межамі NATO).

«Нішто не заменіць чалецтва ў NATO. Гэта прынцыповая пазіцыя прэзідэнта. І яна будзе зрэалізаваная ў прыманых пастановах», – падкрэсліў Кулэба.

Такім чынам, саміт у Вільні не стаў для ўзаемаадносінаў Украіны і NATO лёсавызначальным: фактычна, абодва бакі замацавалі цяперашні статус-кво. Украіна пацвердзіла сваё безальтэрнатыўнае імкненне да ўваходу ў Альянс, а Альянс пацвердзіў, што дзверы для Украіны будуць адчыненыя і яна нават можа разлічваць на льготныя ўмовы на гэтым шляху (скасаванне ПДЧ). Аднак ніякіх абавязкаў на сябе NATO пры гэтым не ўзяло і гатовасці да вызначальных крокаў не прадэманстравала.

Найбольш удалую фармулёўку наконт таго, што адбылося ў Вільні, абраў кіраўнік украінскага МЗС Дмытро Кулэба: паводле яго, пасля саміту шлях Украіны ў Альянс стаў карацейшым, але не хутчэйшым.

Каментар
На саміце NATO гучаць думкі, што Беларусь страчвае суверэнітэт і стала пагрозаю
2023.07.12 12:18

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў