Чаго чакаць ад саміту NATO у Вільні і чаму гэта важна?


11-12 ліпеня ў Вільні адбудзецца саміт Паўночнаатлантычнага Альянсу, на якім краіны-ўдзельніцы мусяць вызначыцца з перспектывамі ўступлення Украіны ў NATO. Рашэнні саміту могуць мець лёсавызначальнае значэнне для бяспекі ў рэгіёне ў доўгатэрміновай перспектыве.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вільня, Літва. 10 ліпеня 2023 года.
Фота: Ints Kalnis / Reuters / Forum

Украіна чакае канкрэтыку і баіцца паўтору памылак Бухарэсту

Афіцыйны Кіеў ускладае на саміт у Вільні вялізарныя надзеі. Украінскае кіраўніцтва разлічвае, што чальцы NATO ухваляць палітычнае рашэнне аб запрашэнні Украіны ў Альянс. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі публічна заклікаў прэзідэнта ЗША Джо Байдэна пайсці на гэты крок.

Пры гэтым афіцыйны Кіеў не патрабуе ад NATO немагчымага. Няма гаворкі пра тое, каб Украіна далучылася да Альянсу ўжо цяпер, падчас актыўных баявых дзеянняў. Калі Украіна адразу стане сябрам NATO, то гэта паставіць краіны Альянсу ў неабходнасць ваяваць з Расеяй: да гэтага іх абавяжа 5-ы артыкул статуту арганізацыі, які тычацца прынцыпаў калектыўнай абароны. У Кіеве разумеюць, што патрабаваць ад краінаў NATO ўступіць ва ўзброены канфлікт з ядравай дзяржавай немагчыма. Таму так пытанне ніхто не ставіць.

Віцэ-прэм’ерка па пытаннях еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі Вольга Стэфанішына ў інтэрв’ю «Еўрапейскай праўдзе» адзначыла, што ўдзельнікі саміту могуць запрасіць Украіну ў NATO ужо цяпер, а завершыць працэс уступлення ў Альянс – калі гэта дазволяць абставіны.

«Мы, як адэкватныя людзі, разумеем, што паўнавартасным чальцом NATO Украіна стане, натуральна, калі дазволіць сітуацыя з бяспекай, – адзначаў яшчэ ў траўні кіраўнік Офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак, – Але гэты момант прынцыповы: гаворка ідзе менавіта пра «калі», а не «у выпадку». Сёння нашая запытная пазіцыя зразумелая. Першае – гэта запрашэнне стаць чальцом NATO ва ўмовах, «калі сітуацыя з бяспекай гэта дазволіць». Другое – гарантыі бяспекі на шляхі ў NATO».

Зяленскі ў інтэрв’ю CNN адзначыў, што адпаведнае рашэнне будзе важным сігналам для Украіны і вялізарным стымулам для ўкраінскіх жаўнераў.

«Гэта будзе важны мэсідж – што NATO не баіцца Расеі. Украіна павінна атрымаць дакладныя гарантыі бяспекі, пакуль яна не ў NATO. Гэта вельмі важна», – падкрэсліў палітык.

Дарадца Офісу прэзідэнта Міхайла Падаляк у інтэрв’ю DW заявіў, што NATO таксама мусіць вызначыцца з тэрмінамі далучэння Украіны да Альянсу і гэтыя тэрміны павінны быць скарочаныя. «Мы разумеем, што падчас вайны, вядома ж, чальцом NATO Украіна не стане, але ў той жа час пакажуць дакладную дарогу, з дакладнымі каляндарнымі датамі», – заявіў ён. Праўда, дакладныя каляндарныя даты – гэта, хутчэй, праграма максімум, якая дрэнна спалучаецца з іншым агучаным прынцыпам далучэння – «калі сітуацыя з бяспекай гэта дазволіць». Прадказаць, як будзе змяняцца сітуацыя з бяспекай, цяпер наўрад ці магчыма.

Па сутнасці, афіцыйны Кіеў разлічвае атрымаць гарантыі таго, што NATO не зменіць сваю пазіцыю, не адмовіцца ад стратэгічнай падтрымкі Украіны і не пойдзе на саступкі Расеі за ўкраінскі кошт. У прыватнасці, Украіна не хоча дапусціць, каб яе еўраатлантычныя перспектывы сталі прадметам гандлю пры перамовах Захаду і РФ.

Прадстаўнікі афіцыйнага Кіева часта спасылаюцца на сумны досвед саміту NATO 2008 году ў Бухарэсце. Тады ў парадку дня быў разгляд пытання пра далучэнне Грузіі і Украіны да Плану дзеянняў з мэтай сяброўства (ПДС) у NATO. Аднак чальцы Альянсу тады пабаяліся раззлаваць Уладзіміра Пуціна і рашэнне не ўхвалілі. Замест гэтага NATO паабяцала, што ў доўгатэрміновай перспектыве дзверы ў Альянс для Украіны і Грузіі застануцца адчыненымі. Масква ўспрыняла вынікі саміту як праяву слабасці Захаду і развязала вайну спачатку супраць Грузіі, а потым супраць Украіны.

Цяпер украінскі бок прыкладае ўсе намаганні аб «бухарэсцкія фармулёўкі» не трапілі ў выніковую дэкларацыю саміту ў Вільні. «Адчыненыя дзверы, якія ніхто не можа знайсці, – гэтая формула не прымаецца пасля Бухарэста», – заявіў LIGA.net суразмоўца з кіраўніцтва Мінабароны Украіны.

Без запрашэння, але скарочаным шляхам?

Імавернасць таго, што на саміце ў Вільні Украіну афіцыйна запросяць у NATO вельмі нізкая. Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг яшчэ ў чэрвені заявіў, што афіцыйнае запрашэнне нават абмяркоўваць не плануецца.

У Кіеве сцвярджаюць, што іх еўраатлантычныя імкненні падтрымлівае ўвесь усходні фланг NATO (Польшча, краіны Балтыі, Чэхія, Славакія, Румынія), а таксама шэраг краінаў паўночнай (Данія, Нарвегія) і заходняй (Францыя, Італія) Еўропы. Аднак найбольш уплывовы чалец Альянсу – Злучаныя Штаты Амерыкі – займае іншую пазіцыю. 9 ліпеня прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў у інтэрвʼю тэлекампаніі CNN, што Украіна яшчэ не гатовая да сяброўства ў NATO.  «Я не думаю, што ў NATO цяпер, калі ідзе вайна, ёсць аднадушнасць наконт таго, прымаць Украіну ў NATO ці не», – падкрэсліў ён. Кіраўніцтва Нямеччыны таксама выступае супраць.

Галоўны аргумент «супраць» – асцярогі, што такі рашучы крок можа ў перспектыве прывесці да вайны NATO з Расеяй. Паводле крыніцаў «Financial Times», у Берліне і Вашынгтоне ўпэўнены, што NATO не можа браць на сябе абавязкі перад Украінай, «не ведаючы, як і калі скончыцца вайна». Астатнія чальцы Альянсу былі «заспетыя знянацку» такой кансерватыўнай пазіцыяй дзвюх краінаў.

Наўрад ці пазіцыя ЗША і Нямеччыны ў апошнім момант зменіцца. Аднак і паўтараць сумны досвед бухарэсцкага саміту ніхто не хоча, таму NATO так ці інакш пастараецца прадэманстраваць сваю выразную падтрымку Украіне. Па звестках выдання «Politico», ЗША, Вялікая Брытанія, Францыя і Нямеччына ўжо некалькі тыдняў актыўна працуюць над дэкларацыях аб гарантыях бяспекі для Украіны. Гаворка ідзе пра нейкія прамежкавыя абавязкі па вайсковай падтрымцы. Як канкрэтна будуць выглядаць такія гарантыі – невядома.

Мяркуючы па рэакцыі афіцыйнага Кіева, украінскае кіраўніцтва глядзіць на сітуацыю даволі аптымістычна. «Мы дакладна не пачуем у Вільні «не». Цяпер дыскусія вядзецца адносна таго, як канкрэтна будзе сфармулявана «так», гэта значыць якім менавіта будзе станоўчае рашэнне па Украіне», – зазначыла віцэ-прэм’ерка Вольга Стэфанішына ў інтэрв’ю «Еўрапейскай праўдзе».

Кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба 10 ліпеня паведаміў важную навіну: «пасля інтэнсіўных абмеркаванняў саюзнікі па NATO дасягнулі кансэнсусу аб адмене ПДС на шляху Украіны да сяброўства ў Альянсе». Паводле Кулебы, гэтае рашэнне скараціць шлях Украіны да NATO.

Пазней Енс Стольтэнберг удакладніў, што канчатковага рашэння пакуль няма і кансультацыі па гэтым пытанні працягваюцца. Але выказаўся на гэты конт ён даволі аптымістычна: «Я чакаю, што мы ўзгоднім, што прасоўванне можа быць без аспектаў ПДС».

Пасля гэтага стала вядома, што Зяленскі, імаверна, усё ж прыме ўдзел у саміце, што таксама можна лічыць пазітыўным сігналам. Раней ён заяўляў, што не паедзе ў Вільню, калі не будзе мець упэўненасці ў тым, што Украіна атрымае канкрэтныя гарантыі наконт сваёй будучыні ў NATO.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вільня, Літва. 10 ліпеня 2023 года.
Фота: Aytac Unal / Anadolu Agency / ABACA / Abaca Press / Forum

План дзеянняў з мэтай сяброўства ў NATO – гэта праграма па далучэнню да Альянсу, якая прадугледжвае прывядзенне краіны-кандыдату ў адпаведнасць са стандартамі NATO у вайсковай, палітычнай, эканамічнай і прававой сферах. Універсальных тэрмінаў рэалізацыі праграма не мае: напрыклад, Харватыя прайшла шлях ад ПДС да сяброўства за 6 гадоў, а Паўночная Македонія – за 12. Разам з тым, у асобных выпадках працэдура ПДС наогул не патрэбная – напрыклад, Фінляндыю прынялі ў Альянс і без удзелу ў гэтай праграме.

Падчас брусельскага саміту 2021 году NATO пастанавіла, што ПДС будзе з’яўляцца «неадʼемнай часткай» працэсу магчымага ўступлення Украіны ў Альянс. Калі NATO сапраўды ад «неад’емнай часткі» адмаўляецца, то гэта ўжо частковая перамога афіцыйнага Кіева. Аднак якая альтэрнатыва будзе прапанаваная Украіне – пытанне пакуль адкрытае. Дакладна не варта разлічваць на тое, што Украіна цяпер пройдзе шлях да сяброўства ў Альянсе з той жа хуткасцю, што і Фінляндыя.

Ці можа саміт у Вільні змяніць ход вайны?

Рашэнні пра будучыню Украіны ў NATO можа ў значнай ступені перадвызначыць сітуацыю з бяспекай у рэгіёне ў доўгатэрміновай перспектыве. Не выключана таксама, што рашэнні віленскага саміту паўплываюць і на вынікі цяперашняй вайны Расеі і Украіны. Аднак наўрад ці саміт 11-12 ліпеня наўпрост зменіць ход вайны.

Пасля правалу бліцкрыгу ў лютым-сакавіку 2022 году і шэрагу паразаў у выніку контрнаступу ЗСУ мінулай восенню Расея больш не разлічвае выйграць вайну шляхам заваявання Украіны. Цяпер Уладзімір Пуцін перайшоў да вайны на знясіленне, у тым ліку знясіленне саюзнікаў Украіны. Крэмль робіць стаўку на тое, што Захад раней ці пазней стаміцца ад гэтага канфлікту, скасуе або хаця бы значна скараціць падтрымку Украіны і паспрабуе дамовіцца з Расеяй у абыход афіцыйнага Кіева. Калі Украіна атрымае гарантыі ўступлення ў NATO, то гэта будзе азначаць, што дарогі назад няма і разлічваць на саступкі Захаду ва Украіне Крамлю не варта.

Пры гэтым прадстаўнікі афіцыйнага Кіева не выпадкова настойваюць на фармулёўцы «калі сітуацыя з бяспекай гэта дазволіць», а не «калі скончыцца вайна». Бо ў будучыні можа скласціся сітуацыя, калі Украіна выйдзе да межаў 1991 году і будзе лічыць свае мэты ў вайне выкананыя, а Расея пры гэтым падпісаць мірную дамову адмовіцца і будзе рыхтаваць новы напад.

Па сутнасці, гарантыі еўраатлантычнай інтэграцыі – гэта тое, што мусіць пераканаць Расею ў непазбежнасці яе паразы і бессэнсоўнасці далейшай барацьбы. І наадварот: калі NATO праявіць нерашучасць, то гэта будзе сігналам для Масквы, што іх стратэгія правільная і Захад сапраўды аднойчы саступіць.

У абодвух выпадках наступствы гэтых рашэнняў стануць адчувацца не адразу і паўплываюць на сітуацыю на фронце толькі ўскосна. Якія б гарантыі бяспекі цяпер не абмяркоўвалі заходнія саюзнікі Украіны і якія абяцанні наконт далучэння да NATO не былі дадзеныя ў Вільні, яны будуць сфармуляваныя такім чынам, каб выключыць магчымасць прамога ўзброенага сутыкнення Альянсу з Расеяй.

Аналітыка
Вайна Украіны і РФ скончыцца ў 2023-м або зацягнецца на гады? Аргументы «за» і «супраць»
2023.04.18 07:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў