У Беларусі выявілі 15 выпадкаў адру. Першыя хворыя прыехалі з Расеі


Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла, што станам на 11 траўня ў Беларусі выявілі 15 лабараторна пацверджаных выпадкаў адру і яшчэ адзін выпадак падазрэння на адзёр. Хваробу завезлі з Масквы і іншых гарадоў Расеі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзіця, хворае на адзёр, на Філіпінах. 27 студзеня 2014 года.
Фота: Jim Goodson / CDC Global

Хвароба ва ўсіх працякала ў лёгкай ці сярэдняй ступені цяжкасці, цяпер стан усіх хворых задавальняльны. У 80 % выпадкаў хварэлі дарослыя ва ўзросце 25-29 гадоў, адзначае міністэрства. Пра выяўленне адру паведамлялі яшчэ ў красавіку, але тады гаворка была толькі пра Віцебскую вобласць, а цяпер – пра Віцебскую, Магілёўскую і Гомельскую.

У Беларусь хвароба трапіла з Масквы і іншых гарадоў Расеі, заўважае Мінздароўя. У Расеі на 10 траўня зарэгістравалі звыш 1500 выпадкаў адру.

Адзёр – заразная хвароба віруснага паходжання. Калі чалавек без імунітэту (невакцынаваны або такі, які не перахварэў раней) стасуецца з хворым, то заражаецца ў амаль 100 % выпадкаў. Характэрны сімптом – праз 7-18 дзён па заражэнні з’яўляецца высыпка на твары і верхняй частцы шыі, якая паступова распаўзаецца па целе. Звычайна высыпка трымаецца 5-6 дзён і знікае. Лятальнасць хваробы даволі малая агулам, але адзёр сур’ёзна пагражае дзецям і ў некаторых краінах з’яўляецца прычынай смерці вялікай колькасці дзяцей.

Ад 2021 года сітуацыя з хваробай пагаршаецца: мільёны дзяцей прапускаюць вакцынацыю. У 2021 годзе на адзёр хварэлі не менш за 9 млн чалавек, памерлі 128 тысяч.

Беларусь з 2014 года атрымлівала статус краіны, дзе эндэмічную перадачу адру ліквідавалі праз вакцынацыю. Але каб перадухіліць распаўсюд хваробы, трэба працягваць праводзіць лабараторныя даследаванні біяматэрыялу пацыентаў з высыпкай, вызначаць кантактных асобаў хворых і іхны статус вакцынацыі, ва ўстановах аховы здароўя з хворымі на адзёр – абмяжоўваць планавую шпіталізацыю пацыентаў без імунітэту.

Hавiны
«Дзяржаве напляваць і на пацыентаў, і на медыкаў». Доктар у эміграцыі – пра стан беларускай медыцыны
2023.05.12 08:20

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў