«Кіберпартызаны» узламалі сайт «ДОСААФ» і паказвалі там фота і відэа палітвязняў і каліноўцаў


«Кіберпартызаны» узламалі сайт Рэспубліканскага абʼяднання «Добраахвотнае таварыства спрыяння арміі, авіяцыі і флоту» (ДОСААФ) і паказвалі там фота і відэа палітзняволеных з лукашэнкаўскіх вязніцаў і беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне. Аб гэтым паведамляе тэлеграм-канал «КиберПартизаны».

«Кіберпартызаны» узламалі сайт ДОСААФ. Скрыншот галоўнай старонкі сайта: «КиберПартизаны» / Telegram

12 траўня «кіберпартызаны» узламалі сайта Рэспубліканскага абʼяднання «Добраахвотнае таварыства спрыяння арміі, авіяцыі і флоту» (ДОСААФ), вядомага сваёй пралукашысцкай ідэалогіяй. У заяве з гэтай нагоды «кіберпартызаны» напісалі, што бяруць сайт рэспубліканскага абʼяднання пад свой кантроль і размяшчаюць фота і відэа «сапраўдных герояў Беларусі, а не здраднікаў Радзімы, якія аддалі нашы землі пад ваенныя базы акупантаў». На сайце былі размешчаны матэрыялы пра палітычных зняволеных і беларускіх ваяроў-добраахвотнікаў ва Украіне.

«Узброеныя сілы павінны быць абаронай і гонарам сваёй краіны. Але вайскоўцы Беларусі аберагаюць толькі дыктатара і ягоныя інтарэсы. На іх ляжыць адказнасць за тое, што па нашай краіне свабодна перасоўваюцца акупацыйныя войскі, а з яе тэрыторыі ідзе абстрэл мірных гарадоў Украіны», – гаворыцца ў заяве.

На момант выхаду гэтай публікацыі сайт dosaaf.gov.by перастаў працаваць увогуле, замест апублікаванага «кіберпартызанамі» кантэнту зʼявілася старонка-заглушка ад hoster.by.

Мірон Маліна belsat.eu

Стужка навінаў