Віцяблянін амаль год катаваў сужыхарку, біў і душыў. Памірыўся, атрымаў год «хатняй хіміі»


На партале Pravo.by апублікавалі прысуд жыхару Віцебску, які працяглы час збіваў жонку. «Наша ніва» расказала некаторыя падрабязнасці справы.

Паводле прысуду, мужчына з 4 верасня 2022 года да 30 ліпеня 2023-га наўмысна і сістэматычна збіваў жанчыну, якая жыла разам з ім і мела ад яго дваіх дзяцей, але не была замужам. Пры тым ён сістэматычна быў у стане алкагольнага ап’янення. Паводле «Нашай нівы», гаворка пра 46-гадовага Юрыя і 47-гадовую Юлію.

Першы раз у сварцы ён ударыў жанчыну лобам у твар, зламаў ёй нос. Апошні раз пагражаў забіць жанчыну, схапіў са спіны, збіваў па галаве і тулаве рукой і літровай пластыкаваю бутэлькаю. На судзе агучылі чатыры эпізоды катаванняў, але, піша «Наша ніва», іх было, імаверна, больш. Паводле выдання, няўцямна апісаныя ў прысудзе дзеянні мужчыны наконт «абмежавання свабоды дзеянняў і перасоўвання» значаць «схапіў за шыю рукамі і пачаў душыць».

17 жніўня 2023 года жанчына падала заяву аб прыцягненні сужыхара да крымінальнай адказнасці. У кастрычніку 2023 года мужчына пачынаў лекавацца ад алкагалізму, на канец года алкагольнай залежнасці ў яго не выявілі.

Пацярпелая прызнала на судзе, што магла пры неабходнасці атрымаць жытло ў інтэрнаце ад працы. Суд не пагадзіўся з тым, што яна была ў залежным стане ад мужчыны, бо заробку Юліі хапіла б на жыццё, а ейную заяву пра нізкія даходы назваў ацэначна.

Мужчыну прызналі вінаватым у сістэматычным збіванні і катаванні жанчыны, прысудзілі 1 год абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія») і прымусовае лекаванне ад алкагалізму, штрафу не прызначалі, сканфіскаваны тэлефон вярнулі.

«Абставінамі, якія змякчаюць адказнасць абвінавачанага, суд прызнае раскаянне ва ўчыненым злачынстве, наяўнасць на ўтрыманні ў вінаватага дваіх малалетніх дзяцей, – гаворыцца ў прысудзе. – Абставінамі, якія абцяжарваюць адказнасць абвінавачанага, суд прызнае ўчыненне злачынства ў стане алкагольнага ап’янення, учыненне злачынства асобай, якая раней учыніла злачынства, калі не скончыліся тэрміны даўніны».

У першым судзе за пагрозу забойствам мужчыну пагражалі тры гады пазбаўлення волі, але яму прысудзілі толькі 200 гадзінаў грамадскіх працаў, якія ён на момант другога суду не адпрацаваў. Мужчыну таксама прыцягвалі да адміністратыўнай адказнасці за публічнае распіванне алкаголю і дробнае хуліганства.

Агляд
У Лепельскім раёне муж замінаваў аўто жонкі. Расказваем пра нетыповыя выпадкі сямейных драмаў
2024.03.30 13:59

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў