Змаганне з пасярэднікамі: у Варшаве змянілі правілы запісу на ВНЖ


У Мазавецкім ваяводстве з цэнтрам у Варшаве змянілі правілы запісу на часовы від на жыхарства. Цяпер лавіць дату на падачу дакументаў не патрабуецца, замест гэтага прапануюць запоўніць адмысловую анкету.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Мазавецкі ваявода дэталёва прааналізаваў трывожную інфармацыю пра нядобрасумленных пасярэднікаў у межах працэдуры надавання замежнікам часовага віду на жыхарства», – адзначаецца ў паведамленні ваяводства.

Гэтыя пасярэднікі бралі грошы за запіс на падачу дакументаў на карту побыту. Даты з’яўляліся ў адмысловай сістэме «inPOL», аднак боты хутка разбіралі ўсе месцы, і ўласнаруч злавіць слот было надзвычай складана.

Цяпер такое паляванне на даты не спатрэбіцца. Улады сталічнага польскага рэгіёну прапанавалі іншы шлях – запаўненне анкеты.

Заяўніку трэба падаць асабістыя і кантактавыя звесткі, а таксама нумары дзвюх заявак (гэтак званых унёскаў), сфармаваных у дзвюх сістэмах, што дапамагаюць замежнікам легалізавацца ў Польшчы: «inPOL» і «MOS».

Якім чынам далей будзе адбывацца запіс на візіт у офіс (заяўніку дадуць магчымасць самому выбраць час і дзень або проста прызначаць дату і паведамяць яе ў электронным лісце), не ўдакладняецца.

Гісторыі
«Узмацненне жорсткасці ў выдачы візаў». З польскімі візамі стане складаней, а PBH не вернуць
2024.04.04 06:01

Мяркуюць, што такі парадак адсячэ «прадпрымальнікаў», якія зараблялі на замежніках. Улады папярэдзілі: калі заўважаць парушэнні пры запаўненні анкеты (напрыклад, выкарыстанне ботаў), то такому заяўніку адмовяць у запісе на асабістую падачу дакументаў.

Змены закранулі толькі працэдуру афармлення дазволаў на часовае пражыванне. Запісвацца на падачу дакументаў, каб атрымаць дазвол на сталае пражыванне, доўгатэрміновае рэзідэнцтва ЕЗ ды іншыя варыянты легалізацыі ў Варшаве, давядзецца па-ранейшаму самастойна ў сістэме «inPOL» з дапамогаю календара.

Пры гэтым засталася магчымасць легалізацыі праз звычайную пошту – надзейны, але марудны варыянт.

У польскіх рэгіёнах дзеяць розныя спосабы запісу на падачу дакументаў у ваяводскія ўправы: дзесьці – праз каляндар, дзесьці – праз тэлефон або электроннае ліставанне.

У жніўні летась Цэнтр беларускай салідарнасці паведамляў, што на той момант у Польшчы легальна перабывала 91 тысяча беларусаў. Найчасцей грамадзяне нашай краіны падаюць дакументы на ВНЖ у Мазавецкім ваяводстве, а таксама ў Паморскім ваяводстве з цэнтрам у Гданьску і ў Падляскім з цэнтрам у Беластоку.

Hавiны
У 2023 годзе Польшча адмовіла ў выдачы часовага ВНЖ кожнаму сёмаму беларусу
2024.02.01 19:50

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў