У Варшаве змянілі правілы падачы дакументаў для віду на жыхарства


Управа Мазавецкага ваяводства паведаміла 11 красавіка пра змены ў працэдуры выдачы дазволу на часовае пражыванне ў Польшчы: замест запісу праз каляндар, у якім ніколі не было вольных датаў, увялі форму для запісу без даты.

Карта побыту
Польская карта побыту – від на жыхарства.
Фота: Белсат

Ваявода правёў аналіз паведамленняў пра нядобрасумленныя дзеянні «пасярэднікаў», якія бралі плату за запіс у чаргу на падачу дакументаў. У выніку рэзерваванне датаў на падачу дакументаў для часовага віду на жыхарства праз каляндар «inPOL» закрылі з 12 красавіка. Замест гэтага прапанавалі запіс без пазначэння даты, але з пазначэннем асабовых звестак.

Калі пры разглядзе заяўкі для запісу на прыём будуць выяўленыя парушэнні (напрыклад, выкарыстанне ботаў), заяўку могуць адхіліць і адмовіць у абслугоўванні. Новая сістэма распаўсюджваецца толькі на падачу дакументаў для часовага ВНЖ, а для дазволу на сталы побыт і для іншых дакументаў застаецца дзейнічаць каляндар «inPOL».

«Службы ваяводы ведаюць, што ніякі развязак не дае стоадсоткавай гарантыі выключэння продажу месцаў у чарзе, асабліва ў кантэксце сталага росту колькасці пададзеных заявак у Мазовіі, але Мазавецкае ваяводства прымае ўсе захады для ліквідацыі гэтых несправядлівых практык», – пішуць на сайце ваяводства.

Іншыя ваяводствы Польшчы карыстаюцца рознымі сістэмамі – дзесьці з запісам праз каляндар, дзесьці без календара. Акрамя таго, як у Варшаве, так і ў іншых гарадах дакументы можна высылаць поштай, а не аддаваць пры асабістым візіце.

З «пасярэднікамі» змагаюцца і ў справе выдачы польскіх візаў. З 4 красавіка змяніліся правілы запісу для падачы дакументаў на сайце «VFS», была ўведзеная верыфікацыя праз фота. Карыстальнікі сайту Devby.io скардзіліся, што сістэма амаль не працуе, запісацца ўдалося аднаму з шасцярых апытаных.

Разбор
Як з’ехаць з Беларусі «непалітычным» эмігрантам
2024.02.06 06:10

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў