У сеціве з'явілася відэа смяротнага пакарання вайскоўца, падобнага на байца ЗСУ


Увечары 11 красавіка ў сацыяльных сетках пачало распаўсюджвацца відэа з жорсткім забойствам палоннага – імаверна, украінскага вайскоўца. На відэа паказана, як нажом адразаюць галаву яшчэ жывому жаўнеру.

Скрыншот з відэа. Крыніца: pravda.com.ua

Падчас пакарання палонны крычыць, што яму балюча, а каты каментуюць гэта словамі «Працуем, браты», «Ламай хрыбетнік. Што, ніколі башку не рэзаў?». Пасля адрэзаную галаву забойцы дэманструюць на камеру і кажуць, што яе трэба адправіць камандзіру забітага.

Калі, дзе і ў якіх умовах было зроблена відэа, – пакуль невядома. Аднак на відэа – зялёнае лісце, з чаго можна меркаваць, што запіс зроблены не цяпер.

Служба бяспекі Украіны ўжо пачала дасудовае расследаванне ў дачыненні відэа, на якім адсякаюць галаву чалавеку ў вайсковай форме з украінскімі знакамі адрознення. У СБУ мяркуюць, што гэта быў украінскі палонны.

«Мы знойдзем гэтых нелюдзяў. Калі спатрэбіцца, мы іх дастанем, дзе б яны ні былі: з-пад зямлі ці з таго свету. Але яны абавязкова панясуць пакаранне за тое, што зрабілі», — падкрэсліў кіраўнік СБУ Васіль Малюк.

Кіраўнік Офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак таксама заявіў, што кожны панясе адказнасць за такое жахлівае злачынства.

Гэта ўжо не першы выпадак, калі на відэа расейцы забіваюць палоннага. Нагадаем, у сакавіку 2023 у сеціва таксама трапіла відэа, на якім расейскія войскі расстрэльваюць бяззбройнага ўкраінскага ваеннапалоннага пасля словаў «Слава Украіне». А ў ліпені мінулага года ў некалькіх тэлеграм-каналах з’явілася відэа, на якім, як мяркуецца, расейскія вайскоўцы канцылярскім нажом адразаюць геніталіі ўкраінскаму палоннаму.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў