Ці можа беларуска – ахвяра гвалту атрымаць прытулак у Еўразвязе? Што кажуць праваабаронцы


У сітуацыі, калі ў Беларусі былі зліквідаваныя ўсе НДА, якія дапамагалі ахвярам сямейнага і сексуалізаванага гвалту, дзяржава абараняе не вельмі эфектыўна, а зварот у міліцыю можа скончыцца адказнасцю за лайкі і падпіскі, жанчына можа прасіць дапамогу ў Еўропе. У той жа час, хоць хатні гвалт і ёсць падставаю для надання міжнароднай абароны, атрымаць яе беларускам можа быць складана. Разбіраемся ў пытанні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Удзельнікі дэманстрацыі супраць гвалту ў адносінах да жанчын у Парыж, Францыя. 20 лістапада 2021 года.
Фота: Sadak Souici / Le Pictorium / East News

Еўрапейскі суд: жанчыны могуць разглядацца як уразлівая сацыяльная група

Калі жанчыне ў краіне паходжання пагражае фізічны альбо псіхалагічны гвалт (у тым ліку сямейны і сексуалізаваны), абумоўлены гендарнаю прыналежнасцю, яна можа разлічваць на міжнародную абарону і атрыманне статусу ўцякачкі. Такую пастанову Суд Еўразвязу прыняў яшчэ 16 студзеня 2024 года.

Пастанова была звязаная са справаю грамадзянкі Турцыі курдскага паходжання, якая заявіла, што сям’я прымусіла яе да шлюбу, а муж пагражаў ёй і збіваў. Жанчына звярнулася па абарону ў Балгарыі і сцвярджала, што калі яна будзе вымушаная вярнуцца дамоў, ёй там будзе пагражаць «забойства гонару». Еўрапейскі суд стаў на бок жанчыны.

Статус уцекача даецца, калі чалавек зазнае пераслед праз расу, рэлігію, нацыянальнасць, палітычныя погляды або прыналежнасць да пэўнай сацыяльнай групы і таму пакінуў сваю краіну.

Еўрапейскі суд удакладніў, што жанчыны могуць разглядацца як уразлівая сацыяльная група. І калі яны «зазнаюць фізічны або псіхалагічны гвалт, у тым ліку сексуальны і побытавы, у краіне паходжання ў звязку з полам», ім могуць даць статус уцекача.

Жанчынам могуць надаць дадатковую абарону нават тады, калі яны «не адпавядаюць патрабаванням для атрымання статусу ўцекача», мяркуюць у судзе. Гэта датычыць тых выпадкаў, калі ім сапраўды пагражае небяспека стацца ахвярамі гвалту ці нават быць забітымі.

Абноўлена
«Страсенне мазгоў, сінякі, звешванне з балкона». Беларускага журналіста абвінавацілі ў гвалце
2024.03.09 17:50

Стамбульская канвенцыя

Рашэнне суда Еўразвязу грунтавалася на падставе Стамбульскай канвенцыі, якая абавязвае рабіць захады для абароны жанчын ад сямейнага гвалту. ЕЗ афіцыйна далучыўся да гэтага пагаднення 1 чэрвеня 2023 года. Дакумент таксама вядомы як Канвенцыя Рады Еўропы аб перадухіленні і барацьбе з гвалтам у адносінах да жанчын і хатнім гвалтам. Дакумент абавязковы для Еўразвязу і прызнае гендарны гвалт у дачыненні жанчын адною з формаў пераследу.

Паводле Стамбульскай канвенцыі, гвалт у дачыненні жанчын і хатні гвалт уяўляюць сабой адно з самых распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека ўва ўсім свеце. Гэтая зʼява закранае жанчын з усіх слаёў грамадства, незалежна ад культурніцкіх, рэлігійных, эканамічных, сацыяльных ці геаграфічных асаблівасцяў. Паводле глабальных ацэнак Сусветнай арганізацыі здароўя, кожная трэцяя жанчына ў свеце хаця б раз у жыцці сутыкалася з гвалтам паводле гендарнай прыкметы, і Еўропа тут не выключэнне. Па ўсім кантыненце жанчыны штодня зазнаюць псіхалагічны і фізічны гвалт, дамаганні, пераслед, згвалтаванні, калецтва, іхныя семʼі прымушаюць уступаць у шлюб. Апытанне, праведзенае Агенцтвам Еўразвязу ў справе асноўных правоў, паказала, што 45–55 % усіх жанчын і дзяўчат у краінах ЕЗ у веку ад 15 гадоў станавіліся ахвярамі сексуальных дамаганняў. Нацыянальныя апытанні таксама сведчаць пра шырокі распаўсюд хатняй, сексуальнай ды іншых формаў гвалту ў адносінах да жанчын.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына трымае плакат з надпісам: «Чаму вы баіцеся Стамбульскай канвенцыі?» падчас мітынгу ў Анкары, Турцыя. 20 сакавіка 2021 года.
Фота: Burhan Ozbilici / AP Photo / East News

Дзяржавы, якія ратыфікавалі Стамбульскую канвенцыю, мусяць крыміналізаваць шэраг злачынстваў, у тым ліку: псіхалагічны гвалт, пераслед, фізічны гвалт, сексуалізаваны гвалт, у тым ліку згвалтаванне, якое ахоплівае любое здзяйсненне без згоды асобы дзеянняў сексуальнага характару, прымусовы шлюб і іншыя.

Стамбульская канвенцыя ў тым ліку змяшчае канкрэтныя палажэнні для жанчын і дзяўчат з ліку ўцекачоў і мігрантаў. Напрыклад, яна ўводзіць магчымасць надання мігранткам, якія перажылі хатні гвалт, аўтаномнага віду на жыхарства, калі іхны статус пражывання не залежыць ад статусу партнёра, які выкарыстоўвае гвалт.

Беларусь не ратыфікавала Стамбульскай канвенцыі.

Захады, якія робяцца ў Беларусі, не дастатковыя, каб абараніць жанчыну ад гвалту

Тое, што жанчына, якая цярпіць ад хатняга гвалту, можа атрымаць міжнародную абарону, пацвярджае праваабаронца Раман Кісляк:

«Тут трэба глядзець, каго можна лічыць уцекачом. З вызначэння вынікае, што гэта асоба, якая праз абгрунтаваныя перасцярогі можа стацца ахвяраю пераследу. У выпадку жанчын – ахвяраў хатняга гвалту – праз прыналежнасць да пэўнай сацыяльнай групы і немагчымасць карыстацца абаронаю краіны свайго паходжання. Жанчына – ахвяра хатняга гвалту можа звяртацца па абарону іншай краіны, калі ў краіне ейнага паходжання няма сістэмы, якая дазваляе ёй абараняцца, і так яна становіцца чальцом уразлівай групы. Некаторыя краіны ў такіх выпадках прызнаюць за жанчынаю права атрымаць прытулак».

Гісторыі
Дзе беларускам вучыцца самаабароне і што такое WenDo – трэнінгі, створаныя жанчынамі для жанчын?
2024.03.09 07:03

Для атрымання абароны ў Еўразвязе ахвяры хатняга гвалту аднак давядзецца даказаць, што дзяржава паходжання не можа ці не хоча абараніць яе. Пры гэтым універсальнага спісу доказаў гендарнага гвалту і бяздзейнасці дзяржавы няма. Кожная сітуацыя індывідуальная і залежыць ад розных абставінаў.

Пацярпелым трэба дакументальна пацвердзіць факт учыненага над імі гендарнага гвалту альбо абгрунтаваць рызыку сутыкнуцца з ім, а таксама прадэманстраваць няздольнасць і/ці нежаданне ўладаў абараніць сваю грамадзянку. Напрыклад, можна паказаць звароты ў праваахоўныя органы і дакументы, якія пацвярджаюць бяздзейнасць супрацоўнікаў. Таксама можна прыкладаць даклады праваабарончых праектаў і рашэнні міжнародных судоў аб праблеме.

«У Беларусі сістэма абароны ў пэўным сэнсе працуе і могуць быць зробленыя некаторыя захады, але ў сукупнасці яны недастатковыя, каб паўнавартасна абараняць жанчын ад хатняга гвалту. Нават у Грузіі я бачу, што сістэма абароны ахвяраў хатняга гвалту працуе больш эфектыўна, чымся цяпер у Беларусі, – адзначае Раман Кісляк. – Некаторыя краіны прызнаюць, што ў Беларусі недастаткова захадаў для абароны жанчын, і могуць надаць прытулак ахвярам хатняга гвалту».

Беларускі могуць не звяртацца ў міліцыю праз страх палітычнага пераследу

Пры звароце па міжнародную абарону на падставе сямейнага гвалту праваабаронца раіць спасылацца на Канвенцыю аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі жанчын. Таксама аргументам можа быць факт, што ў Беларусі гэтак і не прынялі закону аб хатнім гвалце.

«Кожны кейс разглядаецца індывідуальна, і калі жанчына не звярталася па абарону, ёй будзе цяжка даказаць пераслед, гвалт і пагрозу канкрэтна для сябе, – кажа спадар Кісляк. – Таму жанчына павінна сабраць доказы спробаў абараніцца – звароты ў міліцыю і гэтак далей, і што абароны яна так і не атрымала.

Звароты ў міліцыю могуць быць як доказам факту гвалту, гэтак і немагчымасці абараніцца. Могуць быць і сітуацыі, калі не было магчымасці звяртацца ў міліцыю – напрыклад, праз страх быць затрыманаю з палітычных матываў, гэта таксама трэба ўказаць».

У выпадку адмоўнага рашэння ў наданні прытулку ахвярам сямейнага гвалту праваабаронца раіць падаваць скаргі і апеляцыі:

«Такія справы ёсць у Камітэце ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні жанчын, у Еўрапейскім судзе правоў чалавека, і паводле іх можна дамагчыся станоўчага рашэння».

Разбор
«Эміграцыя і рэпрэсіі могуць стаць дадатковымі трыгерамі». Як за мяжою даць рады хатняму гвалту?
2024.01.19 07:14

«Беларусь не адпавядае крытэрам краіны, жанчыны якой цярпяць ад гендарнага пераследу»

Адвакат Алесь Міхалевіч мяркуе, што, хоць сямейны гвалт сапраўды разглядаецца ў краінах Еўразвязу як падстава для надання міжнароднай абароны, беларускі могуць сутыкнуцца са складанасцямі і адмовамі:

«Калі будзе разглядацца заява ад жанчыны – ахвяры хатняга гвалту пра наданне статусу ўцекача, найперш будзе вызначацца, да якой уразлівай групы яна належыць. І калі казаць пра пераслед жанчын паводле гендарнай прыкметы, то найперш гэта датычыць жанчын, якія прыехалі з краінаў Блізкага Усходу, найчасцей – Чачэнія, Курдыстан, дзе практыкуецца сістэматычны прыгнёт жанчын як прадстаўніц канкрэтнай сацыяльнай групы: прымус да шлюбу, сістэматычнае згвалтаванне, правядзенне хірургічных аперацыяў, звязаных з жаночым абразаннем і гэтак далей. То бок тут трэба даказаць, што жанчыну пераследуюць сямейнікі, супольнасць, і яна не можа атрымаць абароны з боку дзяржавы, бо гэтая дзяржава ўхваляе такія нормы стасункаў у сям’і».

У Беларусі існуюць праваахоўныя органы, якія так ці інакш працуюць, у якія можна звярнуцца ў выпадку хатняга гвалту, зазначае юрыст. Таксама ёсць артыкул за збіццё ў Крымінальным кодэксе. Усё гэта можа спрацаваць не на карысць прызнання за жанчынаю з Беларусі права на атрыманне статусу ўцекача, бо будзе цяжка даказаць, што ў краіне паходжання сапраўды нельга атрымаць дапамогу.

«Агулам заўсёды трэба адштурхоўвацца ад канкрэтнага кейсу. У прыватнасці, глядзець, з кім жанчына ў шлюбе – магчыма, з выхадцам з Блізкага Усходу, краіны, дыяспара якой ёсць у Менску, напрыклад, і яна цалкам карумпаваная, не дазваляе падаць заяву ў міліцыю і да таго падобнае. То бок трэба дэталёва вывучаць кожны кейс. Але агулам Беларусь не адпавядае крытэрам краіны, жанчыны якой зазнаюць менавіта такі пераслед, таму, я думаю, будзе вельмі цяжка даказаць такія кейсы», – рэзюмуе Алесь Міхалевіч.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў