Былы адвакат Дзмітрый Лаеўскі паведаміў, што супраць юрыстаў, якія выступілі за спыненне вайны, распачалі дысцыплінарную вытворчасць.
«З некалькіх крыніцаў стала вядома, што ў дачыненні шэрагу адвакатаў, якія падпісалі петыцыю супраць удзелу Беларусі ў вайне ва Украіне, распачатыя дысцыплінарныя вытворчасці. Гэтых адвакатаў могуць пазбавіць права практыкаваць.
Яшчэ раз: у Беларусі, дзе не так даўно ад вайны загінуў кожны чацвёрты беларус, цяпер адвакатаў хочуць пакараць за тое, што яны супраць вайны», – напісаў Лаеўскі ў сваім тэлеграм-канале.
Петыцыя беларускіх юрыстаў і адвакатаў з’явілася 1 сакавіка. Аўтары дакументу выказваюць салідарнасць з украінскім народам і заклікаюць спыніць вайну.
«Мы не згодныя з тым, што тэрыторыя Беларусі стала плацдармам для размяшчэння расейскіх войскаў, якія вядуць баявыя дзеянні ва Украіне, і нашая краіна ўцягнутая ў гэты канфлікт. З нашай краіны не павінны ляцець ракеты, самалёты і верталёты для нападу на ўкраінскую тэрыторыю», – падкрэсліваецца ў петыцыі.
Петыцыю падпісалі 262 юрысты. Дзейных адвакатаў сярод падпісантаў не шмат, але яны ёсць, і цяпер гэтых людзей могуць пазбавіць права практыкаваць.
Нагадаем, Дзмітрыя Лаеўскага пазбавілі магчымасць весці адвакацкую дзейнасць праз тое, што ён абараняў палітвязня Віктара Бабарыку.
РР belsat.eu