У БХД раскол? Выключаны з партыі сустаршыня правёў з’езд і выключыў іншых сустаршыняў


У варшаўскім Музеі вольнай Беларусі 10 лютага адбыўся з’езд Беларускай хрысціянскай дэмакратыі – партыі, якая так і не была зарэгістраваная ў Беларусі. Праўда, сама партыя сцвярджае, што з’езд правёў былы сустаршыня, выключаны з БХД мінулаю вясною, а чальцоў БХД там было «не больш за пяць чалавек».

З’езд БХД, які склікаў Георгій Дзмітрук
З’езд БХД, які склікаў Георгій Дзмітрук. Варшава, Польшча. 10 лютага 2024 года.
Фота: Heorhi Dzmitruk / Facebook

Сучасная Беларуская хрысціянская дэмакратыя была ўтвораная ў 2004 годзе як пераемніца аднайменнай арганізацыі першай паловы XX стагоддзя. БХД дамагалася афіцыйнай рэгістрацыі ў якасці партыі, раз за разам атрымлівала адмовы і засталася ў статусе «аргкамітэту па стварэнні партыі», але фактычна дзейнічала так жа, як зарэгістраваныя апазіцыйныя партыі Беларусі (цяпер ліквідаваныя).

Пра з’езд 10 лютага на дзень пазней расказаў былы сустаршыня БХД Георгій Дзмітрук. Паводле яго, з’езд вырашыў прызнаць палітвязня Паўла Севярынца адзіным лідарам БХД, але пакінуць Севярынца і Дзмітрука ў статусе сустаршыняў; выключыць з БХД былых сустаршыняў Віталя Рымашэўскага і Вольгу Кавалькову, былога адказнага сакратара Дзяніса Садоўскага, а таксама былога кіраўніка Магілёўскай абласной арганізацыі БХД Алега Аксёнава.

Hавiны
Крызіс у БХД: частка прадстаўнікоў партыі публічна заявіла, што больш не давярае калегам
2023.03.20 20:27

12 лютага на сайце БХД апублікавалі прэс-рэліз, у якім нагадалі, што Дзмітрук сам сябе «дэ-факта выключыў» з БХД у траўні 2023 года, бо ад імя БХД заяўляў аб скліканні з’езду і стварэнні «альтэрнатыўных кіроўных органаў».

У прэс-рэлізе таксама гаворыцца, што «Дзмітрук свядома ўводзіць у зман беларускія СМІ, выдаючы дзейнасць сваёй прыватнай ініцыятывы за працу аргкамітэту Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі».

«Адзначаем што ніякай колькі-небудзь значнай дзейнасці Георгій Дзмітрук за апошнія больш за дзесяць гадоў у БХД не праводзіў, – гаворыцца ў прэс-рэлізе БХД. – Большасць яго актыўнасці за мяжой, пачынаючы з 2020 года, зводзіцца да нападаў на дзейных сябраў БХД, галаслоўных абвінавачанняў і правакацыяў.

Заяўляем, што дзейнасць Георгія Дзмітрука ніяк не звязаная з працай аргкамітэту партыі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Ягоныя прыватныя замежныя ініцыятывы не маюць сваіх прадстаўнікоў у Беларусі».

У прэс-рэлізе таксама заяўляюць, што Дзмітрук працягвае весці сямейны бізнес на тэрыторыі Беларусі – у Кобрыне. З гэтага, мяркуюць аўтары прэс-рэлізу, можна зрабіць выснову, што Дзмітрук «свядома і мэтанакіравана» дзейнічае на дыскрэдытацыю дэмакратычнага руху.

Апошні сход БХД адбыўся 8 лютага 2024 года, нагадваюць у прэс-рэлізе. Сцвярджаюць таксама, што на сходзе Дзмітрука са складу БХД «прысутнічалі не больш за пяць чалавек». Сама ж БХД «працягвае сваю працу, якая ўключае сябраў, якія працуюць унутры краіны», а працу аргкамітэту БХД каардынуе Садоўскі.

Павел Севярынец у няволі з 7 чэрвеня 2020 года, асуджаны на 7 гадоў турмы строгага рэжыму за «падрыхтоўку да ўдзелу ў масавых беспарадках» – пратэстах пасля выбараў-2020, якія адбыліся ўжо пасля затрымання Севярынца. Рымашэўскі і Кавалькова ўваходзяць у дзейны склад Каардынацыйнай рады.

Hавiны
Аргкамітэт для стварэння новай марксісцкай партыі фармуе рэгіянальную вертыкаль
2024.01.30 11:19

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў