Беларускіх лекараў змушаюць падпісваць абавязанні аб няўдзеле ў «экстрэмісцкіх фармаваннях»


Працаўнікоў медычных установаў у Беларусі змушаюць падпісваць паперы, у якіх яны абавязваюцца не чыніць экстрэмісцкіх дзеянняў супраць дзяржавы. Пра гэта паведамляе медычная ініцыятыва «Белые Халаты». Канал публікуе таксама прыклады папераў, якія «просяць» падпісаць медыкаў.

Прэм’ера дакументальнага фільму «ГУпоЗ», які распавядае пра рэаліі беларускай медыцыны і рэпрэсіі супраць медыкаў у Беларусі. Варшава, Польшча. 2 лістапада 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Медычныя работнікі, падпісваючы паперу, абавязваюцца «не чыніць дзеянняў для планавання, арганізацыі, рыхтавання і ўчынення замахаў на незалежнасць і тэрытарыяльную цэласць, суверэнітэт, асновы канстытуцыйнага ладу, грамадскую бяспеку шляхам гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу; стварэння экстрэмісцкага фармавання або ўдзелу ў ім».

Далей у паперы цытуецца заканадаўства з пералікам усіх «экстрэмісцкіх» артыкулаў. Лекары, напрыклад, мусяць паабяцаць не ствараць «незаконных узброеных фармаванняў», не «распаўсюджваць экстрэмісцкіх матэрыялаў», не «фінансаваць экстрэмісцкай дзейнасці», не «рэабілітаваць фашызму» і г. д.

«Кожны беларус – пагроза для дзяржавы. Асабліва калі гэта лекар», – напісалі ў паведамленні «Белые Халаты».

Лекары падпісваюцца пад тым, што азнаёміліся з усім «экстрэмісцкім» пералікам і ведаюць пра дысцыплінарную (аж да звальнення), адміністратыўную і крымінальную адказнасць у выпадку невыканання абавязкаў.

Гэтыя паперы медпрацаўнікі мусяць падпісваць у тым ліку на падставе заканадаўства аб асновах дзейнасці для прафілактыкі правапарушэнняў.

МУС Беларусі рэгулярна папаўняе так званы спіс грамадзянаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. На сёння ў спісе каля 3,5 тыс. асобаў. Асобныя спісы прысвечаныя так званым экстрэмісцкім фармаванням. Імі прызнаныя амаль усе незалежныя беларускія медыі, якія працуюць у выгнанні. На сёння за кратамі ў Беларусі застаюцца больш за 15 медыкаў.

Рэпартаж
«Для не пакусаных ваўкалакамі». У Варшаве прайшла прэм’ера фільму «ГУпоЗ»
2023.11.03 14:58

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў