Ізраільская армія нанесла ўдары па тэрыторыях Лівану і Сірыі


Армія абароны Ізраілю паведаміла ранкам 11 кастрычніка, што ў адказ на запуск супрацьтанкавых ракетаў па ізраільскіх салдатах яна нанесла ўдар па тэрыторыі Лівану. Днём раней стралялі і па тэрыторыі Сірыі.

Здымак мак ілюстрацыйны характар.
Фота: Abir Sultan / Israel Defense Forces / Flickr, CC BY-NC 2.0 DEED

Адказнасць за той ракетны ўдар па ізраільскіх салдатах узяла на сябе групоўка «Хізбула» – арганізацыя, якую шэраг краінаў свету лічыць тэрарыстычнай, але Еўразвяз называе тэрарыстамі толькі яе вайсковае крыло. Палітычнае крыло не лічыцца ў Еўразвязе тэрарыстычнай арганізацыяй, а «Хізбула» дзее ў Ліване як адна з палітычных партыяў.

Пакуль арганізацыя не брала актыўнага ўдзелу ў вайне з Ізраілем. Прадстаўнікі арганізацыі ўдзельнічалі ў абстрэлах габрэйскай дзяржавы з поўначы, яшчэ некалькі асобаў спрабавалі пранікнуць у Ізраіль.

Агляд
Што за арганізацыі «Хамас» і «Хізбула», якія абвясцілі вайну Ізраілю. І хто стаіць за імі
2023.10.10 08:00

Але «Хізбула» пагражала далучыцца да вайны, калі Ізраіль перасячэ «чырвоныя лініі», у тым ліку пачне наземную аперацыю ў сектары Газа. Гэта можа быць для Ізраілю большаю праблемай за тэрарыстаў «Хамасу»: «Хізбула» лічыцца лепш узброенай і арганізаванай, больш шматлікай.

Ізраіль ваяваў з «Хізбулой» у 2006 годзе, прычынай той вайны былі падобныя ракетна-мінамётныя абстрэлы, але таксама напад тэрарыстаў на памежны патруль. Баявыя дзеянні трывалі крыху больш за месяц, лік загінулых ішоў на сотні.

Акрамя таго, днём раней Ізраіль адказаў артылерыйскім і мінамётным абстрэлам на абстрэл з тэрыторыі Сірыі. Паводле непацверджаных звестак, з Сірыі тады па Ізраілі стралялі палестынскія баевікі.

На тле гэтага ў Ізраілі прадчуваюць вайну на некалькі франтоў: да атак «Хамасу» могуць далучыцца не толькі іншыя тэрарыстычныя групоўкі, але і дзяржавы. Каб перадухіліць гэта, Злучаныя Штаты выслалі бліжэй да Ізраілю ўдарную групоўку караблёў і абяцалі перакінуць бліжэй да Ізраілю больш самалётаў.

Hавiны
Кіраўнікі ЗША, Італіі, Францыі, Брытаніі і Нямеччыны ў супольнай заяве падтрымалі Ізраіль
2023.10.10 08:57

Пасля масавай ракетнай і наземнай атакі тэрарыстаў «Хамасу» 7 кастрычніка, у выніку якой загінулі не менш за 1200 ізраільцянаў, Ізраіль перайшоў у стан вайны. Сектар Газа ўзялі ў аблогу, перакрылі паступленне ежы, вады і электрычнасці, вядуць абстрэлы пазіцыяў баевікоў. Пры гэтым у сектары Газа, падкантрольным тэрарыстам, застаюцца мірныя жыхары.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў