Маляваныч паказаў у Батумі першую беларускую батлейку, зробленую ў Грузіі


Актор Аляксандр Ждановіч, вядомы як вядоўца «Калыханкі» Маляваныч, 9 і 10 кастрычніка завітаў у Батумі, дзе зладзіў дзве сустрэчы для мясцовых беларусаў: для дзяцей і для дарослых. Маляваныч паказаў батлейку, а дарослым яшчэ і прачытаў вершы беларускіх паэтаў. Батлейку грузінскіх майстроў гледачы пабачылі ўпершыню. Як зазначыў спадар Аляксандр, гэта была прэм’ера.

Аляксандр Ждановіч у Батумі, 10 кастрычніка 2022 года.
Фота: Белсат

«Такога аншлагу ў нас яшчэ не было»

Аляксандр Ждановіч жыве ў Тбілісі з лютага гэтага года. Пра эміграцыю, жыццё ў Грузіі, а таксама крыху пра «Батлейку Шагал» мы размаўлялі з акторам раней. У Батумі ж Маляваныч прывёз традыцыйную калядную батлейку, бо «Батлейку Шагал», паводле актора, перавозіць складаней і для пастаноўкі патрэбныя некалькі чалавек. Цяпер усіх персанажаў каляднай батлейкі Маляваныч агучваў сам.

Інтэрв’ю
«Не бачу ў Грузіі негатыву да беларускага, хутчэй цікавасць». Гутарым з Аляксандрам Ждановічам (Маляванычам)
2022.09.11 10:00

Сустрэча з Аляксандрам Ждановічам праходзіла ў шматфункцыйнай прасторы «аКсяродак», якую нядаўна адкрыла беларуска Аксана Акуневіч. Пабачыцца з Маляванычам прыйшлі больш за 50 чалавек. Не ўсім хапіла месца. Некаторыя стаялі каля адчыненых вокнаў на вуліцы.

«Такога аншлагу ў нас яшчэ не было», – пісала потым гаспадыня «аКсяродку» ў тэлеграм-канале прасторы. Сапраўды, на культурніцкія імпрэзы ў Батумі звычайна прыходзіць менш беларусаў.

У пачатку сустрэчы Аляксандр Ждановіч зазначыў, што яшчэ раніцаю не ведаў, як праводзіць імпрэзу праз навіны пра чарговыя жорсткія абстрэлы Украіны, але зразумеў, што паэзія якраз можа дапамагчы перажыць тое, што адбываецца навокал і «застацца чалавекам у гэтыя нечалавечыя часы».

Аляксандр Ждановіч у Батумі, 10 кастрычніка 2022 года.
Фота: Белсат

Пачаў вечар актор вершам украінскага паэта Сяргея Жадана.  Потым перайшоў да вершаў Уладзіміра Караткевіча, Анатоля Сыса, Максіма Багдановіча, Насты Кудасавай, Ларысы Геніюш.

«Але я ж Маляваныч, і вы прыйшлі нешта са свайго дзяцінства паглядзець і паслухаць», – сказаў актор і пасля вершаў перайшоў да чытання казкі Сяргея Казлова пра вожыка і мядзведзіка.  Пасля казкі перайшоў да батлейкі:

«Гэта першая беларуская батлейка, зробленая ў Грузіі. Гэта я дакладна ведаю».

«Калі цэлае пакаленне вырастае з тваім персанажам, гэта нешта грунтоўнае і важнае»

Маляваныч крыху распавёў пра гісторыю першай беларускай батлейкі ў Грузіі:

«Я, калі прыехаў у Грузію, думаў, а што я ўвогуле буду тут рабіць. Сябры мне нагадалі, што цягам сямі гадоў мы ладзілі міжнародны фестываль батлеечна-лялечных тэатраў у Менску «Нябёсы». Я там быў мастацкім кіраўніком. І я тады стаў шукаць, хто мне можа тут зрабіць батлейку і лялек».

У выніку батлейку і лялек для яе зрабілі грузіны: скрыню вырабіў жыхар Тбілісі Булат з прозвішчам Акуджава, лялькі – вядомая грузінская майстарка Манана.

Адна з лялек, вырабленых грузінскай майстаркаю Мананай для батлейкі Маляваныча.
Фота: Белсат

Да прэм’еры батлейкі ў Батумі Маляваныч падключыў гледачоў, якім даручыў званіць у званочак, біць у імправізаваны гонг, у якасці якога быў звычайны кухонны паднос.  Яшчэ з самага пачатку актор перанёс тых, хто сабраўся ў зале, у атмасферу сапраўднай беларускай зімы і перадкаляднага часу – марозу, рыпучага снегу за вокнамі і цёплай натопленай хаты, дзе і сабраліся гаспадары, госці і батлейнікі.

Пасля батлейкі Аляксандр Ждановіч размаўляў з беларусамі Батумі, адказваў на пытанні. Распавёў, што цяпер ладзіць у Тбілісі тэатральную школу для дзяцей, паскардзіўся, што сярод вучняў не стае хлопчыкаў. Акрамя школы, актор агучвае фільмы для «Warner Bros.», якія пакінулі расейскі рынак і цяпер працуюць у Тбілісі. Праца спадара Аляксандра вельмі прыдалася, бо аказалася, што ў Грузіі цяжка знайсці актора, які б размаўляў па-расейску зусім без акцэнту.

Аляксандр Ждановіч у Батумі, 10 кастрычніка 2022 года.
Фота: Белсат
Батлейка Маляваныча ў Батумі, 10 кастрычніка 2022 года.
Фота: Белсат

Распавёў Аляксандр Ждановіч пра Маляваныча, пра тое, як на працягу ўсіх 19 гадоў існавання персанажа лічыў, што гэта нешта не вельмі сур’ёзнае, што гэты імідж перашкаджае яму ў акторскім росце, і час ад часу хацеў адмовіцца ад гэтай ролі:

«Але адзін сябар мне сказаў. Маўляў, ведаеш, усе гэтыя твае ролі, тое, што ты напішаш… Міне час – і гэта сыдзе, але вось калі цэлае пакаленне людзей вырастае, гледзячы на твайго персанажа, героя, Маляваныча, гэта нешта больш грунтоўнае і важнае. І я запомніў гэтыя словы».

«У 2020 годзе я ўбачыў сапраўдную прыгажосць беларусаў»

Аляксандр Ждановіч у Батумі, 10 кастрычніка 2022 года.
Фота: Белсат

Маляваныч згадаў, як у 2020-м перайшоў на беларускую мову і што ўвогуле для яго значыў той год:

«2020 год мяне перавярнуў у маіх светапоглядах, і я думаю, не мяне аднаго. Я пабачыў прыгажосць беларусаў. Да гэтага я бачыў вяртанне савецкага сцяга, хамства, і думаў, што сапраўды кожны народ заслугоўвае сваю ўладу. Я не паважаў беларусаў, хоць жыў у Беларусі і не хацеў нікуды з’язджаць. Але 2020-ы мне расплюшчыў вочы, і я ўбачыў сапраўдную прыгажосць беларусаў. Асабліва мяне ўразілі дваровыя канцэрты, гэтыя гарызантальныя сувязі, я вельмі ўзрадаваўся, бо мне заўсёды здавалася, што гэтага вельмі мала ў беларусаў. Мне вельмі гэтага не ставала. І я зразумеў, што гэта ёсць, але гадамі, дзесяцігоддзямі, а можа нават стагоддзямі гэта было прыдушана ў людзях.  Я зразумеў, што гэтая патрэба ёсць на генетычным узроўні, і як прыгожа яна выплюхнулася – у гэтых канцэртах. І я вельмі захацеў у гэтым узяць удзел».

Для дваровых імпрэзаў у 2020 годзе Аляксандр Ждановіч склаў цыкл вершаў, але прачытаць яго ўпершыню яму давялося ў Жодзінскай турме:

«У камеры было 8 шконак і 16 чалавек. Шконкі былі нібы партэр, бельетаж, і мужыкі слухалі вершы Бродскага ў маім выкананні».

У канцы сустрэчы Маляваныч і беларусы Батумі склалі вежу з рук пад вокліч «Жыве Беларусь». Актор на развітанне паабяцаў пастарацца наступным разам прывезці «Батлейку Шагал».

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў