Колькі войскаў у Лукашэнкі, і ці варта чакаць мабілізацыі?


Падчас нарады з сілавікамі 10 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка выступіў з рэзкімі абвінавачаннямі на адрас Украіны і заявіў пра разгортванне рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі. На наступны дзень у Беларусі распачалося правяранне Узброеных сілаў, у хадзе якога будзе адпрацоўвацца прывядзенне войскаў у баявую гатовасць, маршы і разгортванне ў прызначаных раёнах. Belsat.eu разбіраўся, колькі войскаў Лукашэнка можа выставіць супраць Украіны ў выпадку ўступлення ў вайну і чаму без мабілізацыі будзе не абысціся.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Што мае Лукашэнка

Паводле афіцыйных звестак, колькасць беларускай арміі на сёння складае амаль 65 тыс. чалавек. З іх прыкладна 20 тыс. асобаў – цывільны персанал. Але і астатнія 45 тыс. вайскоўцаў – гэта не толькі тыя, каго можна накіраваць беспасярэдне на фронт. Сюды ўваходзяць сілы супрацьпаветранай абароны, тылавыя часткі, якія забяспечваюць абслугоўванне, ахову і г. д. Да таго ж пакінуць пустою заходнюю мяжу Беларусь таксама не можа, а большасць падраздзяленняў у мірным часе ёсць недаўкамплектаванымі.

Колькі ўсяго Беларусь здольная выставіць супраць Украіны з улікам усіх гэтых абставінаў – невядома. Эксперты даюць розныя ацэнкі. Хтосьці кажа пра 12–15 тыс., хтосьці пра 17–18 ці нават 20 тыс. Самая ж мінімальная ацэнка – 6 тыс. асобаў (то бок толькі сілы спецыяльных аперацыяў).

У любым выпадку ў маштабах цяперашняй вайны ўсе гэтыя лічбы выглядаюць даволі сціпла. 24 лютага расейская групоўка ўварвання складала ад 150 да 200 тыс. байцоў. Паводле ацэнак брытанскай выведкі, ужо ў траўні страты расейскай арміі дасягнулі 15 тыс. асобаў толькі забітымі, а станам на чэрвень – 20 тыс. Цэнтральнае выведнае кіраўніцтва ЗША ў ліпені заяўляла пра 15 тыс. забітымі і 45 тыс. параненымі. То бок Расея за 4–5 месяцаў вайны страціла забітымі і параненымі ва Украіне сілы, эквівалентныя ўсёй беларускай арміі. Акурат у выніку такой інтэнсіўнасці баёў і стратаў у Расеі была абвешчаная мабілізацыя. Афіцыйна падчас мабілізацыі ў РФ плануецца набраць 300 тыс. жаўнераў, але паводле незалежных медыяў рэальны план – гэта 1–1,2 млн чалавек.

Разбор
Лукашэнка ўступае ў вайну? Што азначае разгортванне рэгіянальнай групоўкі войскаў
2022.10.10 17:37

Тэхнікі ў беларускай арміі шмат, абсалютная большасць засталася яшчэ з часоў СССР. Напрыклад, войска мае каля 1200–1300 танкаў Т-72 розных мадыфікацыяў, у асноўным даўно састарэлых (мадэрнізаваных танкаў Т-72Б3 у Беларусі літаральна некалькі дзясяткаў). Каля ⅔ усіх танкаў ёсць у рэзерве – то бок яны не маюць сталых экіпажаў. Частку з іх цяпер здымаюць з кансервацыі і перадаюць Расеі. Аналагічная сітуацыя назіраецца з іншымі відамі бранятэхнікі (БМП і БТР).

Артылерыя таксама ў асноўным засталася з савецкіх часоў. Хаця тут ёсць выключэнні – на ўзбраенні беларускага войска ёсць РСЗА «Паланэз», створаная ў 2015 годзе з выкарыстаннем кітайскіх тэхналогіяў. Як сцвярджаецца, гэтыя сістэмы здольныя біць на адлегласць 200 км, а асобнымі снарадамі на 300 км. Але «Паланэзаў» у Беларусі няшмат – паводле розных ацэнак, іх усяго 4–6.

Чаму мабілізацыя амаль непазбежная ў выпадку вайны

Большасць Узброеных сілаў Беларусі складаюць кадраваныя часткі. Кадраваныя часткі – гэта падраздзяленні, якія ў мірны час толькі мінімальна ўкамплектаваныя афіцэрамі, салдатамі і тэхнікай. А ў ваенны час у такія падраздзяленні накіроўваюць мабілізаваных і здымаюць з кансервацыі баявую тэхніку. З аднаго боку, гэта спрашчае працэс мабілізацыі, бо навабранцы трапляюць ужо ў сфармаваныя часткі, дзе іх вучаць штатныя афіцэры і сяржанты. З іншага боку, такія падраздзяленні без мабілізацыі фактычна ваяваць не могуць, бо яны недаўкамплектаваныя.

«У цэлым баяздольнасць Сухапутных войскаў (Беларусі. – Заўв. belsat.eu) ацэньваецца як нізкая. Яны дрэнна ўзброеныя і падтрымліваюцца ў кадраваным выглядзе, небаяздольныя без поўнамаштабнай мабілізацыі», – адзначаў расейскі Цэнтр аналізу стратэгіяў і тэхналогіяў у сваім дакладзе за 2020 год.

Гатовыя паўнавартасна ваяваць без мабілізацыі, імаверна, толькі сілы спецыяльных аперацыяў – гэта найбольш баяздольны і надзейны складнік, эліта арміі Лукашэнкі. Туды ўключаныя віцебскія і берасцейскія дэсантнікі, а таксама спецназ з Мар’інай Горкі. Агулам у ССА служаць больш за 6 тыс. байцоў.

«Лукашэнка не можа ваяваць з Украінай – у яго няма арміі. Беларускае войска не ўкамплектаванае. Ваяваць гатовыя толькі ССА, у якіх ступень камплектацыі часцей – 70–80 %. Некаторыя часці забеспячэння прыкладна на такім узроўні, але абсалютная большасць іншых відаў войскаў, якія ні вазьмі, укамплектаваныя асабовым складам добра калі на палову», – распавёў «Нашай Ніве» на ўмовах ананімнасці беларускі афіцэр.

Таму калі ўсё ж Лукашэнка надумае ўступіць у вайну, то мабілізацыя будзе проста непазбежнай. Прычым калі Расея была здольная 7 месяцаў весці вайну без мабілізацыі, то Беларусі, імаверна, прыйдзецца гэта рабіць адразу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Віктар Драчоў / TASS / Forum

Не выпадкова, што на нарадзе аб вайсковай бяспецы 4 кастрычніка Лукашэнка загадаў праверыць працу мабілізацыйнай сістэмы.

«Скончыцца ўборачная кампанія, акуратна трэба заклікаць у раёне людзей, паглядзець наяўнасць і ўдакладніць усе нашыя матэрыялы, спісы і дакументы ў ваенкаматах», – заявіў ён.

Пэўныя мабілізацыйныя дзеянні ўжо ідуць. У канцы верасня Міністэрства абароны Беларусі абвесціла раптоўнае правяранне баявой і мабілізацыйнай гатовасці вайсковай часткі № 06752, што ў Мачулішчах каля Менску. У межах гэтага правярання якраз плануецца набраць рэзервістаў і зняць з захоўвання вайсковую тэхніку. 

Міністр абароны Віктар Хрэнін 7 кастрычніка заявіў, што ягонае ведамства пры неабходнасці здольнае выставіць рэсурс з 500 тыс. вайсковаабавязаных, прычым размова ідзе аб падрыхтаваным рэзерве. Але гэта, вядома, не значыць, што ўсе 500 тыс. будзе вырашана набраць. Напрыклад, паводле звестак кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, Лукашэнка плануе ў выпадку вайны мабілізаваць 100 тыс. беларусаў.

Каго могуць набраць у рамках мабілізацыі

Мабілізацыя можа быць як поўнай, так і частковай. Хаця прыклад Расеі паказвае, што грань паміж двума відамі мабілізацыі бывае вельмі ўмоўнай.

Набраць на ваенную службу ў рамках мабілізацыі могуць грамадзянаў ва ўзросце ад 18 да 65 гадоў, якія стаяць на вайсковым уліку. Вызваляюцца ад мабілізацыі асобы, прызнаныя непрыдатнымі да вайсковай службы з выключэннем з вайсковага ўліку. Таксама чалавек мае праву на адтэрмінаванне ў шэрагу выпадкаў:

  • калі ў яго ёсць бронь праз службу ў дзяржаўных органах;
  • калі ён прызнаны часова (на тэрмін да 6 месяцаў) непрыдатным да службы паводле стану здароўя;
  • калі ў яго ёсць непрацаздольныя сваякі, якім патрэбны пастаянны дагляд, а даглядаць іх, акрамя яго, больш няма каму;
  • калі ў яго чацвёра дзяцей да 16 гадоў або жонка мае інваліднасць першай групы.

Адтэрмінаванне таксама можа выдаць асобным катэгорыям грамадзянаў Лукашэнка сваім указам.

Даведка

«НГМ» – непрыдатны да праходжання службы ў мірны час. «НГВ» (рас. «НГИ») – непрыдатны да праходжання службы з выключэннем з вайсковага ўліку.

Варта падкрэсліць, што большасць мужчынаў у Беларусі, якія не праходзілі тэрміновай службы, усё роўна стаяць на вайсковым уліку. Напрыклад, у вайсковых картках тых, хто не служыў у войску паводле стану здароўя, часцей за ўсё ёсць адзнака «НГМ» – гэта значыць, што чалавек непрыдатны для службы ў мірны час, але абмежавана прыдатны ў ваенны час. Напрыклад, калі чалавека не забралі на тэрміновую службу праз кепскі зрок і ён атрымаў статус «НГМ», то падчас мабілізацыя яго ўсё роўна могуць забраць у войска. Але на фронт пры гэтым накіраваць не павінны, хаця службу ў тыле ён будзе несці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Не падлягаюць набору на вайсковую службу толькі тыя, хто атрымаў адзнаку «НГВ» (рас. «НГИ»). Гэта значыць, што чалавек мае такія сур’ёзныя хваробы і фізічныя недахопы, што нават падчас вайны яго набіраць няма сэнсу. Яны наогул не стаяць на вайсковым уліку. Таксама не павінны забіраць у войска тых, хто ўтрымліваецца ў месцах пазбаўлення ці абмежавання волі, праходзіць прымусовае лячэнне або пазбаўлены грамадзянства Беларусі.

Ухіленне ад набору ў войска і на тэрміновую службу, і на службу ў рамках мабілізацыі караецца ў адпаведнасці з Крымінальным кодэксам. За ўхіленне ад тэрміновай службы могуць даць да 5 гадоў зняволення (арт. 435), а за ўхіленне ад службы ў рамках мабілізацыі – да 7 гадоў (арт. 434).

Тэрміну службы ў рамках мабілізацыі дэ-факта не існуе – колькі ідзе вайна, столькі чалавек і будзе служыць. Дэмабілізацыя абвяшчаецца адмысловым указам кіраўніка дзяржавы.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў