«Як бы ні было дрэнна, перабірай лапкамі». 1000 дзён за кратамі: правілы жыцця журналісткі Кацярыны Андрэевай


12 жніўня – роўна 1000 дзён, як у няволі застаецца журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Кацярына Андрэева ў судзе ў Менску, Беларусь. 18 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Нагадаем: Кацярыну разам з Дар’яй Чульцовай затрымалі 15 лістапада 2020 года за стрым падчас акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. Кацярыне прысудзілі 2 гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. Выйсці на волю журналістка мелася 5 верасня, аднак 7 красавіка ейнай сям’і стала вядома, што выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прысудзіў Кацярыне Андрэевай 8 гадоў калоніі за здраду дзяржаве.

«Я атрымала больш за Салжаніцына», – гэтак адрэагавала Кацярына на вырак. Сапраўды, расейскага пісьменніка, аўтара «Архіпелагу ГУЛАГ» Аляксандра Салжаніцына ў час сталінізму, у 1945-м, пакаралі васьмю гадамі пазбаўлення волі.

Сутнасць абвінавачання дасюль невядомая. Ясна толькі, што падчас апеляцыі Вярхоўны Суд змяніў фармулёўкі ў межах артыкулу 356. Спачатку была «выдача дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве», потым – «шпіянаж». І Каця, і адвакаты застаюцца пад падпіскай аб неразгалошванні ды нічога распавесці не могуць. Адзінае, што дакладна можна сказаць, – абвінавачанне ўзнікла на падставе падзеяў да арышту ў 2020 годзе, бо другую судзімасць не кваліфікавалі як рэцыдыў.

Сёння стан Каці можна ахарактарызаваць як наймацнейшую фізічную і псіхалагічную стомленасць, нават знясіленасць. Ёй вельмі цяжка праз пільную ўвагу штодзень 24 гадзіны, немагчымасць праявіць эмоцыі або пабыць адною. Працяглае зняволенне ўплывае на фізічнае здароўе: пагоршыўся зрок, часцей сталі чапляцца дробныя вірусы і прастуды, абвастрылася алергія.

Не зважаючы на ўсе абмежаванні, ёсць людзі, якія падтрымліваюць сувязь з Кацяю: праз сям’ю дасылаюць прысмакі, касметыку ды іншыя патрэбныя ў калоніі рэчы. Акрамя таго, неабыякавыя беларусы рэгулярна перадаюць ёй словы падтрымання. Таму Каця разумее, што на волі пра яе не забыліся.

Цяпер у калонію прапускаюць лісты толькі ад сваякоў, але гэтае ліставанне ідзе без праблемаў. Лісты ад блізкіх – крыніца энергіі для Кацярыны. Што дапамагае ёй трымацца? Як яна пісала ў сваім лісце на волю, каханне, вялікае жыццялюбства і пачуцце гумару. А таксама вера ў сваю праўду і чыстае сумленне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя салідарнасці беларусаў з палітвязнямі ў Варшаве, Польшча. 3 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

Як і бальшыня палітзняволеных, у калоніі Кацярына працягвае хадзіць з жоўтаю біркай «экстрэміста», што накладае пэўныя рэжымныя абмежаванні. Увосень і ўзімку 2021 года на яе моцна ціснулі, кінулі ў 9-ы атрад, вядомы здзекамі з палітычных вязняў. Аднак пасля вяртання ў калонію пасля другога выраку такой праблемы ўжо не было. Таксама не ўзнікала праблемаў з інфармацыйнай ізаляцыяй: лісты даходзяць, тэлефонныя званкі дазваляюцца.

Правілы жыцця Кацярыны Андрэевай

Прыводзім 10 моцных цытатаў з лістоў Каці на волю.

1. «Што ж да гэтага часу ўтрымлівае мяне на плаве? Каханне? Пачуццё гумару? Нейкая неспатольная прага да жыцця? Мабыць, усе гэтыя фактары разам».

2. «Я дала сабе слова, што не дазволю зрабіць сімвалам эпохі круглыя акуляры, якія парэпаліся на асфальце пад берцам. Не, не, не, не гэтым разам. Беларуская інтэлігенцыя ў нашай асобе больш не дазволіць гісторыі закальцавацца».

3. «Праўда ў тым, што, як мне здаецца, я належу да тыпу людзей, здольных перажыць амаль усё. Не без выдаткаў – і я сама ўсведамляю і прызнаю, якога роду дапамога мне патрэбная. Але яшчэ ведаю, што ўсё роўна спраўлюся. Такая бабуля ў калье ад Тыфані, якая затуляе маршчыністыя запясці элегантнаю сукенкаю, каб лічбы не кідаліся ў вочы гасцям, пакуль унукі наліваюць віно ў куфель на чарговы Пэйсах. «Дзе яно ўсё? Усё адышло… А я – вось яна!» І ўсміхаецца ўсмешкаю Джаконды».

4. «Мы вызначаемся тым, як мы пераадольваем, асвойваем гэтае жыццё і яго ўдары. Тое, як мы трымаем удар, і складае нашую сутнасць. Астатняе – дурнота! Як бы ні было дрэнна, перабірай лапкамі».

5. «Часта сніцца нейкая рэдакцыя – як бы зборны вобраз усіх, дзе я працавала. Хаджу па офісе, уключаю-выключаю камп’ютар, дыктафон… Рыхтуюся да нейкай прэс-канферэнцыі. Так не стае працы! Раптам гэта зразумела».

«Я веру, што наперадзе нас чакаюць незабыўныя падзеі і вялікія здзяйсненні ў прафесійным плане, але таксама я назаўжды захаваю ў памяці тое пачуццё, з якім мы ўскоквалі ў маршрутку ды імчаліся ў які-небудзь райцэнтр, адчынялі дзверы кабінетаў, дапазна сядзелі за тэкстам, уздымалі келіхі за поспех матэрыялу. У мяне быў цудоўны пачатак, нават злёгку варʼяцкі для 21–22 гадоў, а працяг аказаўся годным такога пачатку».

6. «Я нібыта разблакавала апошні ўзровень у складанай гульні. Толькі гэта не гульня. І мы не маем права на ўсякія «няма сілаў», «больш не магу» і г. д. Таму нічога не застаецца, акрамя таго, што і так умеем: сабраць усю волю, вытрымку, стрыманасць і са спакойнаю годнасцю глядзець наперад».

7. «Я не шкадую ні пра што з перажытага. Майго жыццялюбства не перабіць ніякімі турмамі!»

8. «Думаю, задача, якую я паставіла сабе, – не азлобіцца, не апусціцца, захаваць сваё я – пакуль выконваецца паспяхова».

9. «Зняволены – адначасова найлягчэйшы на ўздым чалавек і найменш успрымальны да любых зменаў. Нам цяжка ўявіць свет па-за турмою, мы хочам на волю, але яе баімся. Чым далей сядзіш, тым больш рыгідная псіхіка».

Аб працы швачкай у калоніі: «Я ніколі не баялася працы. Яна не бывае ганебнаю, нявартаю. Любая праца шаноўная».

10. «Калі гарачы пункт здарыўся ў маім горадзе, ні пра якія ўзнагароды я і не думала ўжо даўно… У галаву нават не прыйшло, што мы праяўляем нейкую там «адвагу ў журналістыцы». Проста працуеш, як машына: зняць тое, сказаць тое, ісці, стаяць, сувязь з рэдакцыяй…»

«Я і мае калегі заплацілі высокую цану за магчымасць данесці да грамадства праўдзівую інфармацыю, але я веру, што ўсё гэта было недарма. Пасля вызвалення я маю намер працягваць сваю прафесійную дзейнасць у Беларусі.

Прэмія дапамагла мне адчуць міжнароднае падтрыманне і салідарнасць ды яшчэ мацней матывавала на тое, каб з усмешкаю пераносіць любыя выпрабаванні.

Больш за ўсё мне хочацца, каб мае калегі і ўсе палітвязні Беларусі як мага хутчэй аказаліся на волі і былі апраўданыя.

Жыве свабоднае слова! Жыве Беларусь!»

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў