Валер Карбалевіч: Што байкатаваць, калі няма выбараў?


Прапанова байкатаваць парламенцкія выбары ў Беларусі ў 2024 годзе выклікае шмат пытанняў і патрэбы ў паглыбленай дыскусіі паміж апазіцыйнымі структурамі па-за краінай і ўнутры яе. Таксама выклікае пытанне падтрымка выбару такой стратэгіі беларускім электаратам. Пра гэта ў жывым эфіры «Белсат» распавёў палітолаг Валер Карбалевіч.

Цалкам размову глядзіце тут:

«Байкот – гэта мы нічога не робім, сядзім і п’ем гарбату з варэннем. Ці самы разумны гэты варыянт, ці гэта сапраўды аптымальная стратэгія, я не ўпэўнены, бо для гэтага не трэба асабліва думаць, не трэба нешта рабіць, не трэба нешта разважаць, трэба проста сказаць: мы не ўдзельнічаем, вось і ўсё. Для гэтага вялікага розуму не трэба».

Палітолаг мяркуе, што гэта не канчатковае рашэнне, тут патрэбная дыскусія, каб паспрабаваць выкарыстаць гэтую палітычную кампанію ў сваіх мэтах. Як – ужо іншае пытанне. Але ці здарыцца такое абмеркаванне?

«Наколькі я разумею, у тым дакуменце, які быў прадстаўлены на варшаўскай канферэнцыі рухам “Новая Беларусь”, там зафіксаваная менавіта стратэгія няўдзелу. Іншая справа – наколькі гэта ўспрымуць тыя людзі, якія жывуць у самой Беларусі. Як яны будуць сябе паводзіць. Ну, тут цяжка сказаць».

Журналіст і палітолаг Валеры Карбалевіч.
Фота: liberalclubbelarus / Facebook

На думку Карбалевіча, унутры Беларусі ўсё яшчэ застаюцца каманды Бабарыкі, Дзмітрыева, якія б, магчыма, хацелі рызыкнуць і паспрабаваць сябе ў гэтых парламенцкіх выбарах.

«Наколькі гэта будзе падтрымана іншымі структурамі апазіцыйнымі і самае галоўнае, наколькі гэта будзе падтрымана апазіцыйным электаратам, цяжка сказаць цяпер».

Даволі скептычна глядзіць Валер Карбалевіч і на выбары ў Каардынацыйную раду, бо цяпер гэтая структура цікавіць выключна тых, хто выехаў з Беларусі, і яна фактычна прадстаўляе розныя арганізацыі і дыяспары. Таму людзі, што працягваюць жыць унутры краіны, на думку палітолага, не асабліва звяртаюць увагі на падзеі вакол яе і больш засяроджаныя на тым што адбываецца ў самой Беларусі.

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў