Новым уладальнікам «Народнай волі» сталася фірма «Гiпер ПК». Яе ачольвае 46-гадовы Мікалай Зіневіч, які называе сябе менеджарам інтэрнэт-праектаў. Кажа, што ўмее спяваць і захапляецца астралогіяй.
4 жніўня заснавальнік і нязменны галоўны рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч абвесціў, што пакідае пасаду. Пры гэтым выданне, пазбаўленае ліцэнзіі, не закрылася. Сярэдзіч раней распавёў, што правы ўласніка старонкі nv-online.info перадаў іншай асобе, але каму – не раскрыў.
Цяпер на сайце выдання пазначаныя рэквізіты новага ўладальніка: «Гiпер ПК». З адкрытых крыніцаў вядома, што кампанія была зарэгістраваная ў лютым летась, асноўны від дзейнасці – камп’ютарнае праграмаванне.
Ачольвае фірму 46-гадовы Мікалай Зіневіч. У размове з карэспандэнтам «Белсату», які званіў як прыватная асоба, мужчына адмовіўся казаць, ці сапраўды стаў кіраваць выданнем:
«Я не пацвярджаю, але і не зняпраўджваю. Аніякіх каментароў зусім».
«Белсат» знайшоў на «LinkedIn» профіль Мікалая Зіневіча – імаверна, новага ўладальніка «Народнай волі». Паводле звестак на старонцы карыстальніка, Зіневіч нарадзіўся ў Слуцку. Менавіта там у 1999 годзе пачаўся ягоны працоўны шлях. 4 гады быў дыджэем у мясцовым моладзевым цэнтры. «Дарыў настрой», – кажа пра той час Зіневіч.
Працу на дыскатэках сумяшчаў з пасадаю фотакарэспандэнта ў газеце «Інфа-Кур’ер». Сёлета ўвесну матэрыялы і сацыяльныя сеткі выдання прызналі «экстрэмісцкімі», галоўнага рэдактара Сяргея Станкевіча і ягонага намесніка Алега Рубчэню арыштоўвалі. Пад гэтым ціскам газета спыніла існаванне.
У 2004 годзе з роднага гораду Зіневіч пераехаў у Маскву, там працаваў кансультантам-маркетолагам у фірме, што вырабляла пад’ёмна-транспартавае абсталяванне, кіраваў аддзелам маркетынгу ў будаўнічай арганізацыі, а потым быў менеджарам інтэрнэт-праектаў у буйной IT-кампаніі «Галактика». Адтуль звольніўся ў 2016 годзе, вярнуўся ў Беларусь і адкрыў у Слуцку ІП з відам дзейнасці «камп’ютарнае праграмаванне».
У рэзюмэ Мікалай Зіневіч называе сябе адмыслоўцам у маркетынгу і продажы. Месцам адукацыі пазначаны толькі Міжнародны адукацыйны цэнтр IBB у Менску, вучыўся там інтэрнэт-журналістыцы ды кіраванню праектамі.
Сцвярджае, што дае рады ў праграмаванні, вёрстцы, дызайне, рэдагаванні, а таксама аптымізацыі і прасоўванні сайтаў.
«З асабістага: удзельнік аўтаклубаў, спяваю (музычная адукацыя + былы DJ), захапляюся астралогіяй», – гэтак заканчваецца самапрэзентацыя мужчыны.
Сяргей Крот belsat.eu