«Сталі на траекторыі куляў». У Варшаве адкрылася выстава ў памяць загінулых ва Украіне беларускіх ваяроў


11 ліпеня ў Беларускім доме ў Варшаве адкрылася выстава «З Украінай у сэрцы». Яна прысвечаная беларусам, якія загінулі на вайне за незалежнасць Украіны. Таксама тым, хто са зброяй у руках працягвае яе бараніць ад расейскага агрэсара. На адкрыцці прысутнічалі сваякі загінулых, беларускія і ўкраінскія палітыкі і грамадскія дзеячы, дыпламаты многіх еўрапейскіх краінаў.

Падчас адкрыцця выставы «З Украінай у сэрцы». Варшава, Польшча. 11 ліпеня 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У экспазіцыі – 20 стэндаў з фотаздымкамі і аўтабіяграфічнымі даведкамі пра беларускіх герояў, палеглых са зброяй у руках ва Украіне: Зміцер Апанасовіч, Аляксей Скобла, Мікола Іллін, Міхась Жызнеўскі, Васіль Грудавік, Іван Марчук, Андрэй Краўчанка ды іншыя.

Усяго ў баях ва Украіне загінула больш за 30 беларускіх добраахвотнікаў. Але, як зазначыў арганізатар выставы – старшыня ўкраінскага фонду «Вольная Беларусь» Аляксей Францкевіч, з прычыны небяспекі, якая пагражае сваякам загінулых ваяроў, імёны некаторых герояў не могуць быць агучаныя.

Іх імёнамі назавуць вуліцы і ў Беларусі

На выставе размешчаны таксама стэнд з бронекамізэлькамі ваяроў і беларускімі сцягамі (адзін з іх – сцяг Беларускага добраахвотніцкага корпусу). Проста падчас імпрэзы экспазіцыя папоўнілася асабістымі рэчамі беларуса Змітра Апанасовіч (Тэрор), які загінуў каля Ірпіня 26 сакавіка 2022 года. Рэчы арганізатарам экспазіцыі перадаў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Аляксандр Азараў.

Аляксандр Азараў дэманструе рэчы загінулага байца палка Каліноўскага Змітра Апанасовіча. Варшава, Польшча. 11 ліпеня 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Па словах Аляксея Францкевіча, гэтая выстава ёсць часткай музею «Вольная Беларусь – з Украінай у сэрцы» ў горадзе Буча. Выстава «З Украінай у сэрцы» дэманстравалася ўжо ў Львове, Кіеве, Дняпры, Запарожжы і зусім нядаўна – у сейме Літвы ў Вільні. Францкевіч адзначыў, што два загінулыя беларусы ўжо сталі Героямі Украіны, а імёнамі трох – названыя вуліцы.

«Мы шчыра спадзяемся, што імёнамі герояў будуць названыя вуліцы не толькі вольнай і незалежнай Украіны, але і вольнай незалежнай Беларусі», – сказаў Аляксей Францкевіч.

Прысутныя ўшанавалі памяць беларускіх добраахвотнікаў, якія аддалі свае жыцці за свабоду Украіны, хвілінай маўчання. За ваяроў памаліўся ксёндз Вячаслаў Барок.

Каталіцкі святар Вячаслаў Барок на фотавыставе «З Украінай у сэрцы». Варшава, Польшча. 11 ліпеня 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Гэтыя ваяры не былі агрэсарамі. Яны аказаліся ва Украіне таму, што кулі, якія ляцелі з усходу, забівалі мірных украінцаў. І тады яны сталі на траекторыі гэтых куль. Яны разумелі, што вызвалення Беларусі не будзе без вызвалення Украіны», – сказаў пасля малітвы святар Вячаслаў Барок.

«Яны ваююць за свабоду ўсёй Еўропы»

На адкрыцці выставы «З Украінай у сэрцы» прысутнічалі прадстаўнікі амбасадаў у Польшчы васьмі еўрапейскіх краінаў – Ірландыі, Нідэрландаў, Італіі, Румыніі, Вялікай Брытаніі, Ісландыі, Літвы і Нямеччыны, а таксама – Канады.

Маці беларускага добраахвотніка Эдуарда Лобава Марына звярнулася падчас сваёй прамовы да еўрапейскіх дыпламатаў з просьбай як мага больш дапамагаць Украіне зброяй і зрабіць усё, каб адказнасць за забойствы ва Украіне панёс не толькі Пуцін, а «ўся Расейская Федэрацыя», а таксама – беларускі рэжым, які «ўпусціў на тэрыторыю Беларусі акупантаў».

«Тыя, хто стаіць цяпер на фронце і хто аддаў жыццё за вольнасць Украіны, ваююць не толькі за яе свабоду. Яны ваююць за свабоду Еўропы.

На магільнай пліце майго сына такі надпіс: «Аддаў жыццё за вольнасць нашую і вашую». Карыстаючыся прысутнасцю дыпламатаў, прашу яшчэ больш дапамагаць Украіне», – папрасіла Марына Лобава.

Аляксей Францкевіч перадаў маці героя пасмяротныя ўзнагароды сыну ад кіраўніцтва Украінскай народнай самаабароны (УНС).

Марына Лобава маці забітага байца Эдуарда Лобава на фотавыставе «З Украінай у сэрцы». Варшава, Польшча. 11 ліпеня 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Стрыечны брат загінулага Васіля Парфянкова (Сябро) Сяргей Бандарэнка казаў, што Васіль быў беларус па нацыянальнасці, а сэрцам – украінец. Любіў Украіну не менш за сваю радзіму.

«І ў апошнім сваім баю 26 чэрвеня 2022 года пад Лісічанскам ён гэта даказаў. У яго былі ўжо тры раненні, і сведкі кажуць, што, нягледзячы на гэта, ён працягваў адстрэльвацца. А ягонымі апошнімі словамі былі: «Жыве Беларусь, Слава Украіне!», – распавядаў Сяргей Бандарэнка.

Перад прысутнымі выступіла таксама ўдава беларуса Змітра Рубашэўскага (Ганс), які загінуў 12 красавіка 2022 года, Галіна Корчак.

«Кожны недахоп – фотаздымак на выставу»

Кіраўнік Беларускага дому, дзе размясцілася экспазіцыя «З Украінай у сэрцы», Алесь Зарэмбюк сцвердзіў: беларусы добра ўсведамляюць што наступнымі пасля Украіны можа быць Беларусь.

«Таму мы выступаем за мірныя перамены. І мы не хочам бараніць Беларусь са зброяй. Мы хочам, каб перамены ў нашай краіне адбыліся на ўзор Польшчы – за круглым сталом», – сказаў Алесь Зарэмбюк.

Намеснік кіраўніцы Абʼяднанага пераходнага кабінету Павел Латушка гаварыў на адкрыцці пра тое, што беларусы змагаюцца не толькі з Украінай у сэрцы, але найперш – з Беларуссю ў сэрцы. Але без падтрымкі партнёраў перамагчы будзе цяжка.

Прадстаўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па нацыянальным адраджэнні і дарадца Святланы Ціханоўскай Аліна Коўшык на фотавыставе «З Украінай у сэрцы». Варшава, Польшча. 11 ліпеня 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«На Аляксандра Лукашэнку павінен быць выдадзены ордар на арышт. Як і на ўсіх яго паплечнікаў, якія дапамагаюць у вайне супраць Украіны. Але гэтыя інструменты – у вашых руках. А беларусы могуць змагацца і аддаваць сваё жыццё, як гэта зрабілі гэтыя героі», – сказаў Павел Латушка, звяртаючыся да еўрапейскіх дыпламатаў у зале.

Пра неабходнасць падтрымкі казаў і адзін з лідараў Асацыяцыі беларускіх ветэранаў Андрэй Кушняроў (прызнаўся перад гэтым, што называць яго ветэранам ужо недарэчна – ён вяртаецца на фронт).

«Я ведаў большую частку людзей, якія тут на фотаздымках. І многія з гэтых людзей загінулі на вайне з прычыны адсутнасці нейкіх элементарных рэчаў. У нас 4 чалавекі загінулі, таму што не было дрона за 1000 долараў. Па 250 долараў за жыццё. Калі я цяпер выступаю на нейкіх мерапрыемствах, то адно з двух: або хаваю сяброў, або прашу зброі. Нам бракуе базавых рэчаў – бракуе аптэчак, дронаў, аўтамабіляў. І кожны такі брак – яшчэ адзін фотаздымак на такую выставу», – казаў Андрэй Кушняроў.

Выступае Аляксей Францкевіч, заснавальнік дабрачыннага фонду «Вільна Білорусь».
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

На адкрыцці выставы «з Украінай у сэрцы» выступілі таксама ўкраінскі палітык і народны дэпутат Мікіта Патураеў, актывіст ініцыятывы «Еўрамайдан – Варшава» Раман Корбут, прадстаўнік Паспалітага рушэння Сяржук Кедышка, сябра Каардынацыйнай рады Ян Рудзік.

Арганізатары выставы – дабрачынны фонд «Вольная Беларусь» і музей «Вольная Беларусь – з Украінай у сэрцы» у Бучы пры падтрымцы Беларускага Дому ў Варшаве, Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) і грамадскай ініцыятывы «Еўрамайдан – Варшава».

Фотавыстава «З Украінай у сэрцы». Экспазіцыя прысвечаная загінулым беларускім ваярам. Варшава, Польшча. 11 ліпеня 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Выставу «з Украінай у сэрцы» можна наведаць да 18 ліпеня.

Гісторыі
«Расейцы будуць драпаць». Добраахвотнік Чарлі распавёў пра фармаванне беларускай роты ў складзе ДШБ Украіны
2023.06.15 08:00

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў