Пасля 2020-га года ў гімназіі Францыска Скарыны ў Вільні колькасць вучняў павялічылася ў два разы. Дзяцей у адзіную беларускамоўную школу ў Літве аддаюць не толькі беларусы, якія пераехалі сюды пасля пратэстаў, але і замежнікі, не звязаныя з нашай краінай. Настаўніца беларускай мовы скарынаўскай гімназіі Алена Базюк па просьбе «Белсату» распавядае пра прычыны папулярнасці ўстановы і дае парады беларускім мігрантам, якія шукаюць месца навучання для сваіх дзяцей.
– Як выглядае сёння вучоба ў гімназіі Францыска Скарыны?
– Мы з’яўляемся дзяржаўнай школай Літоўскай Рэспублікі з беларускай мовай навучання. Выкладанне з першай да дванаццатай класы вядзецца па-беларуску. Малодшыя класы вучацца выключна на беларускай, пачынаючы з пятае класы дзейнічае дзвюхмоўе – каб вучні добра здалі іспыты, атрымалі атэстаты і пайшлі ў жыццё. Па-літоўску выкладаецца этыка, маляванне, асновы грамадзянскага выхавання, фізіка і фізкультура.
Расейская і ангельская вывучаюцца як замежныя. З гэтага года з’явіўся настаўнік французскай.
– У вашае школе вучыцца мноства замежнікаў. Што прыводзіць у беларускую гімназію людзей, не звязаных з Беларуссю?
– У нас вучацца дзеці розных нацыянальнасцяў. Іх прыцягвае рэйтынг: некалькі гадоў таму мы занялі першае месца ў Літве паводле індэксу навучання.
Неяк вучыліся двое хлопчыкаў, мама якіх была полькай, а тата цемнаскуры. Ім вельмі падабалася, яны вучылі беларускія песні, вершы. Было цікава слухаць, як гэтыя хлопчыкі-мулаты дэкламуюць радкі «Чуб ільняны светла-русы, мама з татам беларусы…».
На сёння ў нас вучацца двое чачэнцаў, вельмі шмат дзяцей з беларуска-літоўскіх сем’яў, якія хочуць, каб дзеці ведалі свае традыцыі.
Беларусы, якія прыехалі пасля 2020-га, хочуць, каб дзеці не забываліся на мову – «каб ня ўмёрлі».
– Як на школу паўплываў 2020-ы год?
– Вучняў стала амаль у два разы болей. На пачатку гэтага навучальнага году ў нас быў 381 вучань, цяпер стала крыху больш. Нягледзячы на тое, што мы дабудавалі новы будынак з вялікай спартыўнай залай з мноствам прыгожых, добра абсталяваных класных пакояў, яны ўсе цалкам запоўненыя. Да 2020-га года ў маім класе было 15 вучняў, цяпер – 41, гэта ўжо два класы.
– У мінулыя гады школу падтрымлівалі беларускія ўлады. Гэтак, адну сцяну ў вашай школе фарбавалі на грошы з бюджэту Еўразвязу, другую – з бюджэту менскай мэрыі. Ці пасля 2020-га Менск працягвае вам дапамагаць?
– Не, безумоўна. Самі ведаеце сітуацыю.
– Што вы можаце параіць бацькам, якія пераязджаюць за мяжу і стаяць перад выбарам: аддаць дзіця ў мясцовую школу для хутчэйшай сацыялізацыі або ў школу, дзе можна вучыцца па-беларуску?
Захоўваючы сваю мову, можна вывучыць іншыя. Таму лічу, што першае навучанне павіннае быць на роднай мове. Інакш і жыць немагчыма.
Размаўляў Ян Лісіцкі belsat.eu