Інстытут мовазнаўства будзе даваць моўныя даведкі


Інстытут мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі стварыў онлайн-праект «Моўная даведка» з мэтаю павышэння ўзроўню пісьменнасці ў беларускай мове і агульнага развіцця культуры маўлення.

Галоўная старонка «Моўнай даведкі».
Фота: скрыншот з сайту

На сайце можна будзе задаць пытанні, датычныя правапісу, вымаўлення, значэння і ўжывання словаў ды выразаў. Таксама, як адзначаецца, будуць закранацца пытанні пра гісторыю беларускай мовы, народныя гаворкі, этымалогію, лінгвістычныя выданні.

Як сцвярджаюць стваральнікі сэрвісу, публікавацца будуць не ўсе зададзеныя пытанні, а толькі тыя, што будуць карыснымі для шырокага кола чытачоў. Адказы на пытанні даюцца бясплатна. Самі пытанні прапануецца дасылаць на электронны адрас daviedka@belcentre.by.

Таксама на сайце працуе пошук на падставе ўжо дадзеных адказаў.

Пакуль на сэрвісе не вельмі шмат кантэнту, але ўжо сёння тут можна знайсці адказы на такія «адвечныя» пытанні, як словаўжыванне лексемаў «поезд» і «цягнік», «квіток» і «білет», высветліць націск у слове «пахмурны» ды гэтак далей. Тут жа даюцца спасылкі на актуальны беларускі правапіс і карысныя слоўнікі з даведнікамі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў