«Датычыць тысяч беларусаў». Каго рэжым шукае праз Інтэрпол і што рабіць у выпадку затрымання?


Рэжым Лукашэнкі імкнецца выкарыстаць Інтэрпол ды іншыя інструменты міждзяржаўнага вышуку, каб пераследаваць беларусаў за мяжой. Надоечы пра такі выпадак распавёў заснавальнік сеткі клінік «Новы зрок» Алег Каўрыгін – яго затрымалі ў Польшчы паводле лініі Інтэрполу, але потым адпусцілі. Дагэтуль не вызначаны лёс рэжысёра Андрэя Гнёта, якога затрымалі ў Сербіі. Пра пошук беларусаў праз Інтэрпол і рызыку экстрадыцыі з розных краінаў «Белсат» пагутарыў з Алесем Міхалевічам – кіраўніком адвакацкага бюро «Legal Status», адвакатам, які шмат гадоў спецыялізуецца на абароне тых, хто беспадстаўна трапіў пад міжнародны крымінальны пераслед як паводле лініі Інтэрполу, так і праз іншыя механізмы міждзяржаўнага вышуку. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Штаб-кватэра міжнароднай арганізацыі Інтэрпол. Ліён, Францыя. 25 кастрычніка 2022 года.
Фота: Vincent Isore / Zuma Press / Forum

Усё вызначаюць двухбаковыя адносіны паміж краінамі

– Спадару Алесю, як часта беларусаў падаюць у міжнародны вышук праз Інтэрпол?

– Даволі часта. Але мы мусім памятаць, што для Беларусі ў Інтэрполе ёсць спецыяльная ўвага. Беларусь успрымаецца як краіна, дзе масава парушаюцца правы чалавека, могуць быць злоўжыванні базай міжнароднага вышуку, таму ўсе запыты ад Беларусі ідуць праз сакратарыят Інтэрполу і правяраюцца, ці не паводле палітычных артыкулаў пераследуецца чалавек. Глядзяць, у чым абвінавачваюць. Калі гэта абраза прадстаўнікоў улады, экстрэмізм, масавыя беспарадкі – гэта ўсё палітыка. Тады такі запыт проста не прымуць. Але ёсць іншыя артыкулы – напрыклад, нясплата падаткаў у асабліва буйных памерах, махлярства і іншыя эканамічныя артыкулы. Іх Інтэрпол успрымае проста і без дадатковага разгляду. Асабліва калі пераследуецца чалавек, які не ёсць вядомай медыйнай асобай, калі ягонае прозвішча не гугліцца, калі арганізацыя, якую ён прадстаўляе, дзе працуе, – камерцыйная, тады ёсць вялікі шанц, што Інтэрпол прыме яго ў базу.

Пакуль мы не бачылі моцнай фактуры, але трэба памятаць, што шчыліны для гэтага ў рэжыму ёсць. Бо калі інфармацыя ёсць у онлайн-базе, у чалавека ёсць вялікі шанц быць арыштаваным. Як гэта было, напрыклад, у выпадку рэжысёра Андрэя Гнёта ў Сербіі.

– Наколькі вялікая рызыка экстрадыцыі для беларуса ў выпадку затрымання паводле лініі Інтэрполу?

– База Інтэрполу – гэта ўсяго толькі механізм ідэнтыфікацыі чалавека. А далей, у момант затрымання і пасля, пачынаюцца ўзаемаадносіны паміж дзвюма краінамі, якая дала запыт і якая затрымала. Тут Інтэрпол ужо не мае значэння, гэта двухбаковыя дачыненні. Далей усё залежыць ад таго, як выглядаюць гэтыя адносіны паміж дзвюма краінамі, наколькі ў іх развітыя судовыя сістэмы, якое стаўленне да правоў чалавека. На сённяшні дзень імавернасць быць экстрадаваным з краінаў Еўразвязу маленькая, але пры разглядзе справы аб экстрадыцыі можна трапіць на пэўны час у ізалятар. Агулам, беларусам, на якіх заведзеная крымінальная справа ці якія апынуліся ў групе рызыкі, я раіў бы вельмі асцярожна выбіраць краіну, у якую яны едуць. Агулам, лепш нікуды не выязджаць з краіны, у якой вы цяпер жывяце, ці ехаць туды, дзе добра разумеюць беларускую сітуацыю: гэта Літва, Польшча, Нямеччына, паўночныя краіны Еўразвязу.

Hавiны
Сябры рэжысёра Гнёта, якому пагражае экстрадыцыя з Сербіі ў Беларусь, папрасілі аб дапамозе
2024.03.28 16:36

Больш выпадкаў абвяшчэння ў міжнародны вышук, пашырыліся групы рызыкі

– Хто з беларусаў у групе рызыкі?

– Асцерагацца варта тым, на каго заведзеная крымінальная справа, бізнесоўцам, журналістам, грамадскім актывістам, палітыкам, блогерам. Я ў тэме міжнароднай супрацы вакол крымінальных справаў з 2011 года. І магу сказаць, што хоць і раней Беларусь карысталася інструментамі міжнароднага вышуку, але цяпер такіх выпадкаў нашмат больш. І гэта ўжо датычыць нават тысяч людзей. Акрамя таго, што стала больш выпадкаў абвяшчэння ў міжнародны вышук, пашырыліся групы рызыкі. У Беларусі кожнаму стала нашмат прасцей атрымаць крымінальную справу. Цяпер рэжыму, фактычна, нічога не перашкаджае дадаць у любую крымінальную справу любога чалавека. Мы бачым шмат выпадкаў злоўжывання эканамічнымі артыкуламі.

– Што рабіць беларусу, калі яго ўсё ж затрымалі паводле лініі Інтэрполу?

– Найперш завязацца з юрыстамі, адвакатамі, якія займаюцца такімі справамі. Калі чалавек палітычна ангажаваны, ёсць сябрам нейкай арганізацыі, трэба звязацца з калегамі. Таксама паведаміць у СМІ, знайсці мясцовага адваката, які вёў бы справу ў мясцовым судзе. Калі гэта Еўропа, там дзейнічае практыка суда ў правах чалавека. І такім чынам, прынамсі, калі будзе прынятая пастанова аб экстрадыцыі, можна падаваць туды, каб адкласці, а пасля адмяніць яе выкананне.

Hавiны
У Польшчы затрымалі беларуса, якога шукалі праз Інтэрпол на запыт Беларусі
2024.01.15 17:13

– З якіх краінаў з найбольшай імавернасцю могуць экстрадаваць?

– Я не ведаю пра выпадкі экстрадыцыі з Еўразвязу. Няма экстрадыцыі ў Беларусь з Украіны. Рэгулярна экстрадуюць з Расеі, таксама небяспечныя ў гэтым сэнсе іншыя краіны СНД.

У такіх краінах, як Тайланд, В’етнам, Інданезія, існуе вялікі шанц надоўга трапіць у ізалятар, пакуль будзе ісці незразумелы экстрадыцыйны працэс. Калі вызначаецца пытанне экстрадыцыі, краіны мусяць дамовіцца пра канвой, хто за яго заплаціць, маршрут, якім чалавек будзе перасоўвацца. З вялікай імавернасцю наўпроставай экстрадыцыі з Тайланду ў Беларусь не адбудзецца, але ёсць рызыка, што чалавека пасадзяць на самалёт да Масквы. Трэба памятаць, што бортправаднікі і капітан карабля на борце самалёта выконваюць усе функцыі паліцыі і маюць права выкарыстання сілы і іншыя магчымасці паліцыі. Рэзюмуючы: можа адбыцца дэпартацыя ў краіну, з якой чалавека павязуць у Беларусь.

Ці можна даведацца, што ты – у базе Інтэрполу?

– Сёлета ў Арабскіх Эміратах праходзіў міжнародны паліцэйскі форум, у ім удзельнічала і Беларусь. МУС Беларусі тады паведамляў, што абмяркоўвалася супраца паводле лініі Інтэрполу, адбыліся сустрэчы з кіраўніцтвам Інтэрполу. Наколькі гэта можа мець сур’ёзныя наступствы для беларусаў?

– Я б ужыў тут слова «панты». Гэта спроба піяру, якая не дасць рэальных эфектаў. Рэч у тым, што Беларусь – сябра ААН, Інтэрполу, беларусы маюць права ўдзелу ў розных канферэнцыях. У Дубаі традыцыйна праводзіцца канферэнцыя паліцыі розных краінаў. І калі Беларусь хоча прыняць удзел, аплаціць неабходныя ўнёскі, яна зможа ўдзельнічаць і ніхто яе выганяць не будзе. Але гэта ўсё далёка ад рэальных інструментаў прыняцця пастановаў наконт міжнароднай супрацы ў крымінальных справах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Працаўнікі паліцыі Інтэрполу і паліцыі Калумбіі суправаджаюць Яміта Радрыгеса, Энры Сэлёна з групоўкі ELN і Александэра Усугу з клану «Clan del Golfo» перад іхнаю экстрадыцыяй у ЗША на вайсковай базе ў Багаце, Калумбія. 19 жніўня 2021 года.
Фота: Miyer Juana / Zuma Press / Forum

Сама краіна ААЭ, хутчэй, застаецца зонаю рызыкі для беларусаў, на якіх заведзеныя крымінальныя справы. Там можа пагражаць затрыманне і можа быць доўгі экстрадыцыйны працэс, які можа скончыцца экстрадыцыяй у Беларусь. Агулам, Беларусь не мае для Арабскіх Эміратаў такога значэння, як, напрыклад, Расея ці Казахстан. І з аднаго боку, гэта можа гуляць на карысць абвешчаных у вышук беларусаў. Але пры гэтым ёсць рызыка быць затрыманым і зусім не факт, што будзе адмоўлена ў экстрадыцыі.

– Ці можа беларус неяк даведацца, што на яго ў Беларусі заведзеная крымінальная справа і пададзены запыт у Інтэрпол?

– Пра крымінальную справу ў Беларусі і пра падачу запыту ў Інтэрпол даведацца цяжка. Рэч у тым, што падача ў Інтэрпол магчымая толькі пры наяўнасці arrest warrant – ордару аб абранні меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай. У нармальнай краіне гэта вызначае суд. Ды нават у той жа Расеі ўсё, што датычыць арышту чалавека, мусіць прайсці праз суд. У Беларусі ж ніякага суда не адбываецца, пастанова аб узяцці пад варту выносіцца следчым органам і пракурорам.

Можна паспрабаваць запытацца пра наяўнасць вышуку ў самім Інтэрполе, але ў запыце ў камісію кантролю файлаў Інтэрполу трэба патлумачыць, прыкласці нейкую інфармацыю, чаму чалавек мяркуе, што ён можа быць у вышуку. Чаканне адказу можа заняць 3-4 месяцы.

Hавiны
Літва хоча абмежаваць дзеянні Беларусі і Расеі ў Інтэрполе
2023.11.30 12:14

«Большасць краінаў – сябраў Інтэрполу мае істотныя праблемы з правамі чалавека»

– Ці можна дамагчыся, напрыклад, высілкамі тых жа дэмакратычных сілаў Беларусі, каб Беларусь выключылі з Інтэрполу ці хаця б не прымалі запытаў на арышт?

– Інтэрпол – гэта палітычная арганізацыя, і з яе можна выключыць любую краіну, як і спыніць прыём запытаў. Але мы мусім памятаць, што большасць краінаў у свеце – не дэмакратычныя. Большасць краінаў – сябраў Інтэрполу мае істотныя праблемы з правамі чалавека, таму мая прыватная палітычная ацэнка, што Беларус і Расею выключаць з Інтэрполу толькі пасля, напрыклад, выкарыстання ядравай зброі. Мусіць адбыцца штосьці вельмі сур’ёзнае, каб супраца была прыпыненая. Але ў выпадку такой падзеі Расею выключыць і Рада бяспекі ААН, што сур’ёзней, чым Інтэрпол. Але агулам у такім лабіяванні – наконт выключэння Беларусі з Інтэрполу – я нічога кепскага не бачу.

– А ці хтосьці гэтым лабіяваннем цяпер займаецца?

– Наколькі я памятаю, займаўся «BYPOL». Таксама была пазіцыя Ціханоўскай. Але перашкодай тут можа быць тое, што заўсёды ўзнікае пытанне: а што рабіць, калі гэта рэальны злачынца, гвалтаўнік, рабаўнік, забойца? Мне не раз задавалі пытанні, чаму я супраць экстрадыцыі, калі чалавек можа быць сапраўдным злачынцам. А я супраць экстрадыцыі менавіта ў Беларусь любога чалавека, нават злачынцы, таму што ў турмах Беларусі – катаванні і бесчалавечнае абыходжанне. І ніхто не варты таго, каб яго ў такія ўмовы экстрадавалі.

Дзень Волі, День Воли, БНР-106, беларусы, Літва, Литва
Здымак мае ілюстрацыйны характар. У Вільні адсвяткавалі Дзень Волі. Увечары адбыўся мітынг на Лукішскім пляцы, дзе быў выкананы гімн БНР. На мітынгу сабраліся некалькі сотняў асобаў. Вільня, Літва. 25 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

Ну і яшчэ: ёсць Інтэрпол, а ёсць – двухбаковыя дамовы паміж краінамі наконт прававой супрацы, якія прадугледжваюць узаемную перадачу крымінальных справаў.

Праз Інтэрпол можна шукаць і лукашэнкаўскіх сілавікоў

– То бок палітычны ўплыў на Інтэрпол, спыненне прыёму запытаў ад Беларусі не залагодзіць праблемы, бо існуюць вось гэтыя двухбаковыя дачыненні?

– Так, паўтаруся: Інтэрпол – гэта ўсяго толькі механізм ідэнтыфікацыі, а далей усё залежыць ад прававой супрацы паміж краінамі. І дарэчы, я лічу, што гэтая магчымасць – перадаваць крымінальныя справы паміж краінамі – гэта правільна і за гэтым будучыня. І нават добра, што такі механізм ёсць у тым ліку ў рэжыму Лукашэнкі. Бо насамрэч ёсць рэальныя злачынцы – і трэба пакідаць магчымасць асудзіць такіх людзей.

– Але пры гэтым вы супраць экстрадыцыі ў Беларусь?

– Так, бо любая краіна можа асудзіць чалавека ў сябе і там жа ён можа адбыць пакаранне.

– Ці могуць падавацца ў Інтэрпол запыты наконт справаў, заведзеных еўрапейскімі краінамі на сілавікоў Беларусі і іншых памагатых рэжыму Лукашэнкі ў рамках механізму ўніверсальнай юрысдыкцыі?

– Так, вядома, тут дзейнічае той самы механізм. І любая краіна, якая вядзе справу ў рамках універсальнай юрысдыкцыі, можа звяртацца ў Інтэрпол і падаваць дадзеныя людзей, супраць якіх заведзеная справа.

Аб’ектыў
Што чакае беларускіх сілавікоў, што трапілі ў міжнародны вышук?
2023.10.21 21:34

Што рабіць у выпадку затрымання? Парады службы эвакуацыі «BYSOL»

Працаўнік службы эвакуацыі «BYSOL» распавёў, што ў іхнай практыцы быў толькі адзін выпадак, калі чалавека затрымалі менавіта паводле лініі Інтэрполу. Гэта было яшчэ да вайны ва Украіне, беларус ляцеў у Еўропу праз Украіну.

«Яго ўрэшце адпусцілі, бо чалавек не паддаўся паніцы і проста пачаў стасавацца з памежнікамі і распавядаць нагоды, з якіх ён мог апынуцца ў вышуку Інтэрполу. Распавядаў пра рэпрэсіі ў дачыненні яго. Паралельна трымаў сувязь з дыяспарай у Літве. Такім чынам атрымалася данесці да памежнікаў, што гэтага чалавека не трэба затрымліваць. Думаю, тады атрымалася «адбіць» чалавека, бо справа была выразна палітычная, калі б артыкул быў не палітычны, выцягнуць было б складаней», – распавядае працаўнік службы эвакуацыі.

Паводле нашага суразмоўцы, у практыцы «BYSOL» выпадкаў экстрадыцыі ў Беларусь не было. Працаўнік службы эвакуацыі «BYSOL» гэтак жа, як і Алесь Міхалевіч, раіць быць асцярожнымі з паездкамі ў нееўрапейскія краіны. Калі затрыманне ўсё ж здарыцца, прадстаўнік «BYSOL» раіць не панікаваць, старацца разважаць цвяроза і паважліва размаўляць з памежнікамі ці паліцэйскімі, бо «яны не любяць эмоцыяў».

Часцей «BYSOL» сутыкаўся з затрыманнем беларусаў не праз Інтэрпол, а праз іншыя каналы міждзяржаўнага вышуку – такое рэгулярна адбываецца ў Арменіі, Грузіі, Расеі. Пачынаючы з 2020 года, фонд працаваў з 10-15 такімі выпадкамі. Пры гэтым рэгулярна высылае ў Беларусь Расея, асабліва пасля выхаду з Еўрапейскага суда правоў чалавека, зазначае працаўнік службы эвакуацыі.

«Што датычыць Грузіі, нам вядома пра выпадак, калі беларус прыляцеў з еўрапейскай краіны, а яго не хацелі ўпускаць, планавалі адправіць зваротным рэйсам у Еўропу, – кажа наш суразмоўца. – У такіх выпадках мы таксама раім размаўляць з памежнікамі, а таксама зрабіць усё, каб не сесці назад у самалёт, бо інакш нічога не атрымаецца даказаць. Можна, напрыклад, спаслацца на тое, што вы цяпер сябе кепска адчуваеце і не ў стане зноў цяпер ляцець».

Паралельна працаўнік службы эвакуацыі раіць звязвацца з праваабаронцамі:

«Тады імавернасць, што вас упусцяць у краіну, павялічыцца. Але ёсць выпадкі, калі нічога не атрымліваецца. І людзей не пускаюць і вяртаюць туды, адкуль яны прыляцелі. Пры гэтым намагаюцца максімальна нічога не тлумачыць, спачатку спасылаюцца на тэхнічны збой, а потым кажуць: вам трэба вярнуцца назад. Агулам, калі на грузінскай мяжы здараюцца такія «тэхнічныя збоі», вас доўга трымаюць на кантролі, кажуць штосьці нядобрае, гэта можна ўспрымаць як ускосны знак таго, што аднойчы вас могуць не ўпусціць».

У выпадках затрымання можна звяртацца ў «BYSOL», кажа працаўнік службы эвакуацыі фонду:

«Мы дапаможам настолькі, наколькі хопіць нашай кампетэнцыі, і залучым усе нашыя сувязі – дыпламатычныя, юрыдычныя, якія ў нас ёсць, каб дапамагчы чалавеку ў экстраннай сітуацыі».

Hавiны
Беларуса затрымалі на ўкраінскай мяжы на запыт Інтэрполу, але адмовіліся экстрадаваць
2023.11.06 16:26

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў