У Расеі назвалі ўмовы для ўвядзення адзінай валюты Саюзнай дзяржавы


Адзіную валюту для Беларусі і Расеі ўводзіць пакуль не плануюць, але гэта можа здарыцца, калі эканамічныя аператары дзвюх краінаў будуць адчуваць нязручнасці ад выкарыстання розных валютаў. Пра гэта ў інтэрв’ю «Российской газете» расказаў намеснік старшыні расейскага ўраду Аляксей Авярчук.

Аляксей Авярчук.
Фота: services.government.ru

Паводле Аляксея Аверчука, для стварэння адзінай валюты «павінны выспець умовы».

«Калі вы імкняцеся да таго, каб эканомікі дзвюх краінаў функцыянавалі як адзінае цэлае, то вам неабходная гарманізацыя фінансавых сістэмаў. Калі на нейкім этапе інтэграцыі эканамічныя аператары дзвюх краінаў пачнуць адчуваць нязручнасці ад неабходнасці выкарыстання розных валютаў, то жыццё само ўсё расставіць па месцах», – заявіў ён.

Авярчук дадаў, што сёння ў больш як 85 % выпадкаў для ўзаемаразлікаў паміж дзвюма краінамі выкарыстоўваюцца нацыянальныя валюты, а Беларусь і Расея больш не залежаць ад міжнародных плацежных сістэмаў.

«Дзякуючы Саюзнай праграме інтэграцыі нацыянальных сістэмаў плацежных картаў і сістэмаў перадачы фінансавых паведамленняў мы больш не залежым ад міжнародных плацежных сістэмаў і разлікаў. Карты «Мир» і «Белкарт» упэўнена можна выкарыстоўваць у абедзвюх краінах», – сказаў віцэ-прэм’ер РФ.

Ён таксама дадаў, што з кожным годам расейская і беларуская эканомікі зрошчваюцца ўсё мацней. У 2022 годзе тавараабарот паміж краінамі склаў $ 45 млрд.

Алена Рувіна belsat.eu

Фота вокладкі: zavtra.ru

Стужка навінаў