У міністэрстве працы і сацыяльнай абароны кажуць, што ў Беларусі штогод ад хатняга гвалту пакутуюць болей за 12 тысячаў асобаў, 90% з іх – жанчыны. Сапраўдная лічба ахвяраў куды большая, бо чыноўнікі кажуць толькі пра тых, хто звярнуўся ў цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Чаму пацярпелыя хаваюць выпадкі гвалту і куды бегчы па дапамогу?
Галасы супраць катаванняў пачалі гучаць больш выразна пасля згвалтавання і забойства ў цэнтры Варшавы беларускі Лізаветы. Фемактывісткі зладзілі ў польскай сталіцы марш, а ў сацсетках цяпер публікуюць асабістыя гісторыі пад гэштэгам #хопіцьгвалціць.
Алею ў агонь падлілі абвінавачванні на адрас журналіста Змітра Панкаўца з боку ягонай былой жонкі. Ганна Клімовіч згадала некалькі выпадкаў, што здарыліся яшчэ ў Беларусі, апавяла, як хлусіла ў лякарні, кажучы, што ўдарылася сама, як суседзі ў менскім Сухараве не выклікалі міліцыю, калі яна крыкам прасіла гэта зрабіць.
Зрэшты, спадар Зміцер абвінавачванні адхіляе, сцвярджаючы, што «гэта поўны паклёп і хлусня, які прыпраўлены толікай праўды».
Хатні гвалт застаецца надзвычай латэнтнаю з’яваю. Галоўная парада, якую даюць адмыслоўцы ахвярам гвалту, – не маўчаць. Аднак мала хто наважваецца не тое, каб напісаць пра гэта ў сацсетках, але і звярнуцца па дапамогу да адмыслоўцаў або міліцыі.
«Сорам, усе гэтыя культурныя ўстаноўкі, у якіх шмат каго з нас гадавалі і якія кажуць: не трэба выносіць смецце з хаты, трэба падумаць, а ў чым ты вінаватая. Гэтыя змяшаныя пачуцці ўнутры, памножаныя на страх, што людзі побач не павераць. І другое – дзяржаўная практыка адмаўлення гэтай праблемы. Жанчыны не беспадстаўна думаюць, што міліцыя ім не дапаможа», – тлумачыць «Белсату» журналістка і фемактывістка Наста Захарэвіч.
Міліцыя глядзіць на хатні гвалт праз прызму Крымінальнага кодэксу і Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях, дзе маюцца артыкулы пра прычыненне цялесных пашкоджанняў, катаванне, абразу. Ні ў адным кодэксе нічога няма пра знявагу, забарону на сустрэчы з сябрамі або патрабаванне адсправаздачыцца за кожную пакупку – а гэта таксама гвалт.
«Мы ведаем безліч прыкладаў, калі міліцыя пытае: а ён яе шмат б’е ці як усіх? А гэта часта бывае, ці як ува ўсіх?» – згадвае актывістка.
Яна адзначае: часта катам даюць штраф або арышт – і яны вяртаюцца дадому.
«Штраф будуць плаціць з сямейнага бюджэту. Агрэсар не будзе сябе ўшчамляць. Гэта як у анекдоце: “Тата, ты будзеш менш піць?” – “Не, сынок, ты будзеш менш есці”. У выніку ахвяру будуць збіваць яшчэ больш», – кажа Захарэвіч.
Да таго ж, калі выклікаць міліцыю, паўстане пытанне пра прызнанне сям’і сацыяльна небяспечнаю (гэтак званы СОП).
«Для шмат якіх маці гэта таксама аргумент. Яна лепш будзе цярпець. І гэта мы не кажам пра ўзровень даверу да міліцыі пасля 2020 года. Атрымліваецца такі ціск з усіх бакоў», – падкрэсліла суразмоўніца «Белсату».
Яна назвала важным заканадаўства аб перадухіленні хатняга гвалту – дзяржава мусіць прызнаць, што гэта асобная праблема, да якой патрэбны асобны падыход.
«Заканадаўства пра хатні гвалт, якога няма ў Беларусі, улічвае ўсю спецыфіку гэтай з’явы. Вялікая роля такога заканадаўства – прафілактыка. У Беларусі застаецца цяпер толькі асветніцтва, падтрымка людзей, каб ім было куды сыходзіць, каб было блізкае кола, якое падтрымае і не скажа: “Ну пацярпі, ён зменіцца”», – канстатавала актывістка.
Наста Захарэвіч скептычна ставіцца да гэтак званых крызісных пакояў (пра іх – ніжэй) у цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей, называе ініцыятыву прафанацыяй і фармальнасцю:
«Як і іншыя дзяржаўныя інстытуцыі, гэта працуе найперш дзеля таго, каб фармальна выканаць паказнікі, дзеля статыстыкі. У гэтых пакоях небяспечна, быў выпадак, калі агрэсар туды трапіў, і міліцыя не абараніла».
Суразмоўніца «Белсату» абураецца, што персанал гэтых цэнтраў некваліфікаваны:
«Там цэлая камісія, якая пастанаўляе, ці варта жанчыну туды засяляць, гэта таксама можа быць такі прыніжальны момант. Людзі, якія там працуюць, часта профнепрыдатныя, у іх няма экспертызы. Гэта псіхолагі, якія будуць жанчыне казаць, што яна сама вінаватая».
У былыя часы ў Беларусі працавала агульнанацыянальная гарачая лінія для ахвяраў хатняга гвалту, улады планавалі, што тэлефон будзе даступны мінімальна да 2025 года. Функцыянаваў нумар пры дапамозе некамерцыйнай арганізацыі «Гендарныя перспектывы». Улады знішчылі яе ў 2021 годзе, і лінія цяпер не працуе.
Дзяржава прапануе такія опцыі для ахвяраў хатняга гвалту:
У Беларусі пасля 2020 года арганізацыяў, што дапамагаюць ахвярам, істотна паменела. НКА пайшлі пад нож на хвалі фактычнай ліквідацыі трэцяга сектару. У прыватнасці, у верасні 2021 года была зліквідаваная арганізацыя «Гендарныя перспектывы», у сакавіку 2022 года – «Радзіслава».
Адмыслоўцы Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам падрыхтавалі брашуру, у якой падрабязна і простай моваю тлумачыцца, які бывае гвалт і як ратавацца.
Акрамя таго, працуюць тэлефоны, дзе можна кругласутачна атрымаць тэрміновую псіхалагічную дапамогу (і не толькі ахвяры гвалту):
Таксама працуюць беларускія ініцыятывы дапамогі ахвярам хатняга гвалту:
Сцяпан Кубік belsat.eu