Лукашэнка загадаў адрамантаваць усе дарогі да 9 траўня


Сёння Лукашэнка закрануў тэму рамонту дарог у Беларусі. На ягоную думку, насельніцтва можа аб’яднацца з дзяржавай і ўзяць на сябе частку выдаткаў на рамонт ямінаў у дварах. Пры гэтым Лукашэнка загадаў аднавіць усе дарогі ў краіне да 9 траўня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: dorbox.by

На думку Аляксандра Лукашэнкі, каб у адзін момант адрамантаваць усе двары ў Менску, трэба будзе забраць грошы з нейкай вёскі. Таму, лічыць Лукашэнка, насельніцтва трэба арганізаваць, каб яны самі сабе рабілі рамонт дарог у дварах.

«Трэба гэта разумець, што калі ў Менску жадаюць хутка ўсё гэта зрабіць, пытанне ў фінансах, пытанне ў грошах. Добра, давайце аб’яднаемся, хаця б 2 % – насельніцтва, якое жыве ў гэтых дварах і глядзіць на няроўнасці розныя і лужыны, і канавы, а астатнія 98 % – дзяржава.

І ў чым уладу яны правільна папракаюць – трэба арганізаваць людзей, трэба завезці туды бетон і арматуру, яны пакладуць арматуру і забетануюць сабе гэтыя двары. Але ж гэта трэба арганізаваць. У нас ні ў Менску, ні ў раёнах гэтым людзі не займаюцца», – сказаў Лукашэнка.

Таксама Лукашэнка чарговы раз перасцярог чыноўнікаў, што «лёгка не будзе», і заявіў, што самае небяспечнае – гэта тое, што «мы [улады. – Заўв. belsat.eu] расслабіліся».

«Калі ўлада расслабілася, дні гэтай улады палічаныя. Таму я хачу вас неяк раскруціць, як у народзе гавораць, і прымусіць выконваць свае абавязкі… Наперад да народу. Рамантуйце дарогі, рамантуйце двары. Але ў вас сакавік – красавік, і да 9 траўня ўсе дарогі павінны быць адноўленыя», – загадаў Лукашэнка.

Пры гэтым адказнасць за рамонт дарог ён усклаў на прэм’ер-міністра і віцэ-прэм’ера.

«Перадайце асабіста прэмʼер-міністру, няхай пачынае займацца разам з віцэ-прэмʼерам. Хоць яны там латаюць дзе-нідзе гэтыя дарогі, але трэба і сурʼёзна займацца. Недзе перакласці, недзе зрэзаць паверхню…

Таму трэба – закручвайце гайкі. Гэта вашая справа, але мусіць быць вынік. Звярніце на гэта ўвагу і арганізоўвайце людзей.

Не жадаюць людзі самі сабе зрабіць нешта ў двары – добра, чакайце. Калі-небудзь, праз год-два-тры, прыедуць зробяць. Захочуць – дапамажыце людзям», – сказаў Лукашэнка.

Нагадаем, што беларусы і так ужо плацяць за рамонт дарог у краіне, бо ў Беларусі прадугледжаны так званы транспартны падатак, які сплочваюць уладальнікі зарэгістраваных транспартных сродкаў. У 2024 годзе паступленні ад транспартнага падатку складуць каля 300 мільёнаў рублёў (летась – 267,2 мільёна).

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў