За колькі здаюць кватэры ў Варшаве, Вільні, Рызе, Тбілісі і Ерэване? Зноў шукаем двухпакаёўку


Параўналі менскія цэны з цэнамі ў сталіцах краінаў, куды беларусы нярэдка эмігруюць. Такое ж параўнанне мы рабілі ў пачатку мінулага лета: у Вільні і Рызе цэны ўпалі, а ў Варшаве, Ерэване і асабліва ў Тбілісі выраслі. Спыталі экспертку, што рабіць з Варшавай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Адлюстраванне будынкаў у шыбах. Варшава, Польшча.
Фота: barkuk / Pixabay

Як і мінулым летам, шукаем двухпакаёвую кватэру ў некалькіх сталіцах: Менску, Варшаве, Вільні, Рызе, Тбілісі і Ерэване. Глядзім кватэры плошчаю 50–60 м², адкідваем самыя «трэшовыя» варыянты, у якіх рамонту нібы не рабілі з часу распаду СССР. Глядзім тыя ж сайты, што мінулым разам.

Не разглядаем нерухомасці ў цэнтры і зусім далёка ад цэнтру. У Менску гэта прастора між МКАДам і другім кальцом, 5–10 км ад цэнтру. Такія ж адлегласці бяром для Варшавы. Для Вільні, Рыгі і Ерэвану бяром прастору 2,5–5 км ад цэнтру, для Тбілісі – 2,5–7 км ад цэнтру, бо горад выцягнуты ўздоўж ракі.

З прычынаў вайны ва Украіне не разглядаем цэнаў там: пытанне бяспекі моцна ўплывае на іх узровень. Сярэдняя цана арэнды кватэраў у Кіеве рэзка ўпала з пачатку вайны, моцна ўпала з пачаткам маразоў і расейскіх абстрэлаў энергетычнай інфраструктуры. Пры выбары жытла ва ўкраінскіх гарадах даводзіцца ўлічваць пашкоджанні ад расейскай агрэсіі – такой праблемы ў іншых краінах, куды эмігравала шмат беларусаў, няма.

Што атрымалі сёлета

Вынікі аналізу цэнаў на арэнду кватэраў у розных гарадах. Выява: Белсат

У Менску мінімальная цана месячнай арэнды кватэры амаль не змянілася, але максімальная падскочыла з 550 да 701 долара. Медыянная цана, то бок сярэдняй кватэры ў спісе, вырасла з 300 да 350 долараў. Колькасць прапановаў пад нашыя крытэры крыху зменшылася.

У Варшаве цэны моцна выраслі з мінулага лета. Тады медыянная цана (разам з чыншам) была 676 долараў, цяпер – 914. За самую танную кватэру, што пасавала нашым крытэрам, просяць ужо не 380, а 565 долараў. Затое самая дарагая ўжо крыху таннейшая: не 1430, а 1279 долараў. Прапановаў таксама стала крыху менш.

У Вільні мінулым разам мы знайшлі толькі 13 кватэраў пад нашыя крытэры, а цяпер аж 47. Цэны знізіліся: самая танная – з 510 да 422 долараў, самая дарагая – з 1266 да 916 долараў, медыянная – з 670 да 633 долараў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Спальны раён у Вільні, Літва.
Фота: Peggy_Marco / Pixabay

У Рызе знайшлося ўжо не 8, а 18 кватэраў, і цэны ўпалі нават мацней, чымся ў Вільні: мінімальная – з 486 да 317 долараў, медыянная – з 590 да 461 долара. Што праўда, знайшліся пару надзвычай дарагіх кватэраў: мінулым разам за самую дарагую прасілі 625 долараў, гэтым разам – аж 2146.

У Тбілісі цэны выраслі шалёна, хоць і прапановаў стала значна больш. Мінулым разам знайшлося 78 кватэраў пад нашыя крытэры, гэтым разам – некалькі сотняў, спынілі аналіз на 200 кватэраў з розных раёнаў і цэнавых катэгорыяў. Самая танная кватэра мінулым летам (то бок у турыстычны сезон!) каштавала ў Тбілісі 278 долараў, цяпер жа – 501. Самая дарагая была 1400, стала 1504 долары. Медыянная цана вырасла з 500 да 902 долараў – Тбілісі дагнаў Варшаву.

У Ерэване падобная сітуацыя, але змены не такія рэвалюцыйныя. Мінулым разам знайшлі 134 кватэры, гэтым разам – роўна дзве сотні. Мінімальная цана вырасла з 286 да 438 долараў, максімальная – з 1385 да 1956, медыянная – з 668 да 772 долараў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будынкі ў Ерэване, Арменія.
Фота: ariel-lichak / Pixabay

Ды ў Ерэване знайшлося надзіва шмат абвестак пра нібы розныя кватэры, але з аднолькавымі здымкамі – мінулым разам такіх фальшывак было адчувальна менш. Крыху больш там сталі прапаноўваць «трэшовых» кватэраў. У Тбілісі ж наадварот: непрыстойных і фальшывых прапановаў знайшлося менш, чымся мінулым разам.

Важна ведаць: у Польшчы, Літве і Латвіі цэны на камунальныя паслугі значна вышэйшыя, чымся ў Беларусі, Арменіі ды Грузіі. «Камуналка» ў Польшчы, Літве і Латвіі можа скласці сотню-другую долараў на месяц у халодны час, таму пра цэны на камунальныя паслугі варта пытаць перад заключэннем дамовы.

Што з цэнамі ў Польшчы?

Польшча – ці не самы папулярны напрамак эміграцыі беларусаў. Таму падрабязна распыталі экспертку: пра арэнду кватэраў у Польшчы «Белсату» расказала Ірына Галавач – беларуска, якая ў Польшчы сталася суўладальніцай рыэлтарскага агенцтва.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Від на цэнтр Варшавы з правага берагу Віслы.
Фота: adnovak / Pixabay

Цэны на арэнду кватэраў сапраўды падвысіліся, пацвярджае яна. У параўнанні з тым, што было да пачатку вайны ва Украіне, напалову, а недзе і ўдвая. На цэны паўплываў і прыезд уцекачоў з Украіны ды Беларусі, і высокая інфляцыя. Цяпер гэтак па ўсёй Польшчы.

«У крамах усе цэны сталі расці, цэннік вырас на камуналку, на вываз смецця… Самы важны момант: выраслі стаўкі па крэдытах. Настолькі выраслі, што выплаты па крэдытах сталі роўна ў два разы большыя, – расказвае Ірына Галавач. – Таму ўсе гэтыя моманты паўплывалі на рост цэнаў на арэнду».

У Кракаве, кажа адмыслоўца, за год цэны на арэнду кватэраў выраслі больш як на 30 %, моцна выраслі цэны ў Вроцлаве (куды рэлакавалася шмат IT-кампаніяў). У Гданьску рост пачнецца бліжэй да канца вясны – там цэны сезонныя, бо Труймяста (Гданьск, Гдыня і Сопат, якія зрасліся ў адзін горад) – гэта фактычна курорт.

Яна згадвае, што чула ад гаспадароў кватэраў: «Мы па крэдыце больш плоцім, чымся за кватэру арэндная плата». Для шмат каго ў Польшчы жытло, якое здаюць, – гэта інвестыцыі і бізнес. Цяпер цэны крыху знізіліся ў параўнанні з пікам, бо ў 2023 годзе крыху знізіліся стаўкі па крэдытах, але ж камунальныя плацяжы працягнулі рост.

Разбор
Як з Беларусі з’ехаць працаваць у Польшчу: што трэба ведаць і колькі заплаціць
2023.03.07 07:00

Што трэба ведаць пра арэнду кватэры ў Польшчы

Перадусім трэба вывучыць, з чаго ў Польшчы складаецца кошт арэнды кватэры, раіць Ірына Галавач. Складаецца ён не толькі з цаны, якую звычайна пазначаюць у абвестках, а яшчэ з адміністрацыйнай нязменнай часткі камуналкі (што завецца словам czynsz), якая складае сотні злотых, і зменнай часткі камуналкі (што называюць словам media), якая можа складае яшчэ сотні злотых. Значыць, у абвестцы, дзе пазначаная цана 3000 злотых, плаціць штомесяц давядзецца мо і 4000.

Акрамя таго, практычна ўсе арэндадаўцы патрабуюць пакінуць заклад (kaucja) памерам з адну ці дзве месячныя платы на выпадак пашкоджанняў у кватэры, які мусяць вярнуць цягам месяца пры высяленні (за выняткам кошту сапсаванага).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Новы і стары будынкі. Варшава, Польшча.
Фота: barkuk / Pixabay

Кватэры ў Польшчы цяжка зняць з малымі дзецьмі і з хатнімі гадаванцамі, асабліва калі вядзецца пра кватэры даражэйшага сегменту, расказвае Ірына Галавач. Таксама будзе цяжка без ведання польскай мовы.

Хоць нямала палякаў, асабліва старэйшага пакалення, зразумеюць расейскую ці беларускую, а шмат хто з маладзейшых размаўляюць па-англійску, пры першай сустрэчы пра гэта не скажуць, а знойдуць якую-небудзь прычыну, каб ветліва адмовіць. На старце размовы з уласнікам лепей прасіць дапамогу трэціх асобаў – знаёмых або пасярэднікаў, якія валодаюць польскай.

Najem okazjonalny – не страшна, а нармальна

У Польшчы распаўсюджаная нязвыклая для постсавецкіх краінаў практыка: umowa najmu okazjonalnego. У адрозненне ад звычайнай дамовы, пры заключэнні дамовы najmu okazjonalnego арандатар мусіць пазначыць адрас, дзе можа жыць у выпадку высялення (і атрымаць згоду на гэта ад уласніка памяшкання з таго адрасу).

Гэта зусім не прыкмета махлярства, а цалкам нармальная практыка, запэўнівае Ірына Галавач:

«У Польшчы заканадаўства ў частцы арэнды жытла стаіць на абароне правоў арандатара, як бы дзіўна гэта ні гучала. Калі вы засяліліся, гаспадар не мае права выселіць тры месяцы, не мае права выселіць з дзецьмі, не мае права выселіць у перыяд пандэміі… Асабліва за 2021 год палякі наеліся гэтым заканадаўствам. Пандэмія – нікога не могуць выселіць, нават калі нічога не аплочваюць. З паліцыяй можаш прыходзіць, можаш замкі мяняць, але паводле заканадаўства не высяляць.

На гэты выпадак выкарыстоўваюць najem okazjonalny. Але зноў жа, ёсць умовы для высялення: гэта нясплата, парушэнне істотных умоваў кантракту – усё гэта прапісана. Пры чым мусяць яшчэ паведамленні быць адпраўленыя арандатару. То бок перажываць наконт гэтага не трэба».

Сутнасць у тым, што высяляюць не проста на вуліцу, а на рэзервовы адрас, тлумачыць яна. Гэта можа быць адрас сяброў ці знаёмых, якія ёсць уласнікамі кватэраў (арандаваная кватэра не падыдзе). Практыка настолькі распаўсюджаная, што рыэлтары дапамагаюць кліентам здабыць такі запасны адрас, бо без гэтага бывае цяжка знайсці кватэру са звычайнаю дамоваю.

Разбор
Куды з’ехаць з Беларусі? Самая простая інструкцыя ў карцінках
2023.02.27 10:05

Як не трапіць на махляроў? Чатыры маркеры, якія мусяць выклікаць падазрэнні

На рынку жытла ёсць махляры, да гэтага трэба быць гатовым. Ірына Галавач называе такія прыкметы, што мусяць насцярожыць:

1. Аўтар абвесткі на сайце зарэгістраваўся зусім нядаўна, толькі што даў абвестку.

2. Аўтар абвесткі не можа размаўляць праз тэлефон. Хоча толькі ліставацца, аргументуе гэта адсутнасцю сувязі ці перабываннем за мяжою.

3. Цана на кватэру значна ніжэйшая за рынкавы кошт, пры гэтым жытло вельмі прыгожае.

Гэтыя тры пункты мусяць проста насцярожыць. А наступны суразмоўца называе вельмі небяспечным.

4. Аўтар абвесткі просіць унесці перадаплату, не паказаўшы кватэры. Напрыклад, абяцае адразу прыехаць з-за мяжы, каб здаць кватэру, вось проста цяпер купіць квіток, калі атрымае перадаплату.

Ірына Галавач заклікае не пераводзіць грошай у такім выпадку: абвестку проста выдаляць, аўтара пасля не знайсці і грошай не вярнуць.

Парады
Як беларусам не трапіць на махляроў, працуючы ў Польшчы
2022.08.30 19:35

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў