Як беларусу атрымаць візу ў краіну Еўразвязу? Спыталі візавых пасярэднікаў пра тры сцэнары


Беларусам працягваюць выдаваць візы ў краіны Еўразвязу не толькі на гуманітарных падставах. Атрымаць візу можа быць цяжка: іх даюць далёка не ўсе амбасады, а чэргі ў візавыя цэнтры могуць быць доўгімі. «Белсат» пацікавіўся, як лепей здабываць візу. Сціслы адказ такі: для працы – па польскую візу, а па шэнген для іншых мэтаў – або ў Маскву, або доўга чакаць запісу на падачу дакументаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Шэнгенская віза, якую выдала Іспанія.
Фота: Белсат

⚠️ Звярніце ўвагу: сітуацыя з візамі і выездам з Беларусі можа хутка змяніцца. Гэтак, з 10 лютага Польшча закрыла пункт пропуску «Баброўнікі» на мяжы з Гарадзенскаю вобласцю Беларусі «праз інтарэсы дзяржаўнай бяспекі» і не выключае далейшага закрыцця пераходаў. А некаторыя краіны, якія яшчэ месяц-другі таму раілі для атрымання шэнгену, на момант публікацыі ўжо не рэкамендуюць.

«Белсат» звяртаўся па каментары ў шэраг беларускіх кампаніяў, якія прапануюць платную дапамогу ў атрыманні візаў (далей – візавыя пасярэднікі), але не атрымаў адказаў. Таму мы распыталі пасярэднікаў пад выглядам патэнцыйнага кліента. Прыдумалі тры сцэнары.

Што агулам трэба ведаць пра візы

Беларусы могуць паехаць без візы ў дзясяткі краінаў свету, але доўга заставацца без візы прапануюць толькі пяць краінаў. І ў тыя пяць «бязвізавых» краінаў не зусім бяспечна ўцякаць з палітычных прычынаў.

Найбольш бяспечна з’язджаць у краіны Захаду, а гэта, часцей за ўсё, значыць Шэнгенскую зону. Ды нават у Італіі беларуса з гуманітарнаю візаю могуць затрымаць на запыт з радзімы.

Латвія выдае візы беларусам хіба ў выключных выпадках. Літва выдае візы толькі грамадзянам Беларусі, якія маюць сямейнікаў з грамадзянствам краіны Еўразвязу або якія маюць права на аднаўленне літоўскага грамадзянства.

Польшча выдае шэнгенскія візы толькі з гуманітарных прычынаў (трэба падаць максімум сведчанняў парушэння сваіх правоў у Беларусі, рэпрэсіяў), але выдае беларусам таксама нацыянальныя візы для працы ці бізнесу, з гуманітарных меркаванняў і ўладальнікам карты паляка.

Разбор
У якія краіны беларусам бяспечна ўцякаць ад палітычных рэпрэсіяў? Спыталі BYSOL
2023.01.25 07:00

Акрамя гэтых краінаў, беларусы могуць атрымаць шэнгенскія візы ад Вугоршчыны, Грэцыі, Іспаніі, Італіі, Нямеччыны, Францыі – і з гэтымі візамі паехаць у іншыя краіны Шэнгенскай зоны. Паводле звестак на канец 2022 года, якія сабраў праект Visastat.online, з гэтых краінаў часта адмаўляе толькі Грэцыя, зрэдку адмаўляе ў турыстычных візах Нямеччына. Ёсць тэарэтычныя шанцы атрымаць візу праз амбасаду Славаччыны, ды ў інтэрнэце беларусы пішуць, што адтуль адказваюць: на падачу дакументаў месцаў няма. У Беларусі ёсць прадстаўніцтвы і іншых краінаў, якія выдаюць толькі свае нацыянальныя візы, як Балгарыя і Румынія, якія ў Еўразвязе, але не ў Шэнгенскай зоне.

Падаць дакументы на візу можна самастойна. Але ў шэраг візавых цэнтраў цяжка запісацца, трэба лавіць месцы ў чэргах, якія з’яўляюцца рэдка і ў малых колькасцях. Беларусы наракаюць на пасярэднікаў: за іхныя паслугі трэба плаціць сотні рублёў, а канкураваць з імі за месца ў чарзе складана, бо ў іх працэс рэзервацыі месцаў аўтаматызаваны. У чатах і на форумах скардзяцца, што Італія і Харватыя выдаюць вельмі мала месцаў у чэргах, пра астатнія краіны спрачаюцца: камусьці не ўдаецца вылавіць месца ў чарзе, іншым удаецца без пасярэднікаў.

Сцэнар 1. Хачу з’ехаць з Беларусі куды заўгодна ў Еўропу і ўжо там знайсці працу. Раяць у Польшчу

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рабочыя на будоўлі.
Фота: Pxhere.com / CC0

Каб працаваць за мяжою, падыходзіць не кожны тып візы. Польская гуманітарная дае такое права, таксама Польшча выдае працоўныя візы беларусам, якія маюць запрашэнне працадаўцы. У адным з візавых пасярэдніцкіх цэнтраў расказваюць: могуць запісаць на працоўную візу і на Грэцыю, Іспанію, Італію, Нямеччыну, але найлягчэй з Польшчай: па візу ад Іспаніі трэба ехаць у Маскву, ад Грэцыі – шанцы 50/50, пералічвае суразмоўца, а Польшча – гэта «самы правераны кейс».

Пасярэднік прапануе зрабіць запрашэнне ад несапраўднага працадаўцы: працаваць паводле яго не атрымаецца, але можна будзе заехаць у Польшчу і шукаць там працу. Цэнтр беларускай салідарнасці ў каментары «Белсату» не раіць займацца такімі маніпуляцыямі з дакументамі, бо гэта можа мець негатыўныя юрыдычныя наступствы. За такую неадпаведнасць заяўленых і праўдзівых мэтаў прыезду могуць нават дэпартаваць з часоваю забаронаю на ўезд у шэнгенскую зону. А таксама могуць узнікнуць праблемы на мяжы, калі польскія памежнікі пачнуць дадаткова правяраць запрашэнне на працу, такое здараецца рэдка, але цалкам выключаць такую імавернасць нельга.

Парады
Як беларусам не трапіць на махляроў, працуючы ў Польшчы
2022.08.30 19:35

Візавы пасярэднік, да якога звярнуўся «Белсат», прапануе такую цану: 790 рублёў за запіс на падачу дакументаў, запаўненне анкеты і выпіску запрашэння (перадплата – 50 %) плюс каля 46 еўраў – збор за візу. З дакументаў трэба толькі пашпарт, фота, медычная страхоўка на 1 год (у офісе фірмы можна аформіць такую за 80 долараў без стаматолага ці за 100 са стаматолагам) і запрашэнне на працу. Візавая гісторыя ў гэтым выпадку не мае значэння.

Дакументы трэба падаваць асабіста, падавацца можна ў Менску, Берасці і Горадні, візавы пасярэднік прапануе разглядаць усе гэтыя гарады, бо тады хутчэй знойдзецца дата падачы. Увесь працэс займае месяц – паўтара: падрыхтоўка запрашэння займае да двух тыдняў, разглядаюцца дакументы каля двух тыдняў з дня падачы.

Сцэнар 2. Хачу запрасіць да сябе ў Польшчу бацьку-пенсіянера, а не магу зрабіць запрашэння. Раяць праз іспанцаў у Маскве

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Цэнтр Варшавы, Польшча.
Фота: Pxhere.com / CC0

На гэта другі візавы пасярэднік перапытвае: працоўную візу не разглядаем? Бо з працоўнаю можна прыязджаць надоўга, даюць яе на год, працаваць паводле яе не абавязкова (толькі трэба будзе ў будучыні «пазбягаць палякаў» і ездзіць праз іншыя межы, удакладняюць у візавым цэнтры). Але пенсіянеру могуць і адмовіць у працоўнай візе ў звязку з векам.

Запрашэнні ў Польшчу могуць зрабіць не толькі грамадзяне Польшчы, але і грамадзяне іншых краінаў Еўразвязу з правам на прабыванне ў Польшчы або іншыя замежнікі, якія законна і пастаянна жывуць у Польшчы цягам 5 гадоў. Візавы пасярэднік прапануе пашукаць знаёмых ці родных таксама ў Аўстрыі, Бельгіі, Люксембурзе, Нідэрландах, Нямеччыне, Славеніі.

Калі з запрашэннем не выйдзе, прапануюць прасіць турыстычны шэнген у Іспаніі, але для гэтага трэба будзе ехаць у консульства ў Маскву. Затое запіс на падачу дакументаў у Маскве ёсць на найбліжэйшыя даты. Каштаваць гэта будзе 600–700 рублёў за паслугі, на дадатак да гэтага – аплата праезду (некаторыя пасярэднікі самі ладзяць «туры па шэнген» у Маскву).

Hавiны
ЗША адмаўляюць кожнаму 4-му турысту з Беларусі ў атрыманні візы
2023.02.04 19:45

Калі без паездкі ў Маскву, то раяць рабіць турыстычную візу праз консульства Нямеччыны, за свае паслугі пасярэднік просіць 350 рублёў, перадплата – 50 % (яе вяртаюць, калі не атрымаецца запісацца на падачу дакументаў), плюс консульскі збор – яшчэ 35 еўраў. Запіс туды – на травень – чэрвень, папярэджваюць у візавым цэнтры (у інтэрнэце беларусы часта расказваюць пра такія ж тэрміны, хоць бываюць выключэнні з меншым чаканнем), адказ з консульства пра даты звычайна прыходзіць цягам двух – чатырох тыдняў. Ад Нямеччыны візу могуць паставіць на год, на адзін уезд ці наагул адмовіць, папярэджвае візавы цэнтр, а Іспанія (праз Маскву) часцей за ўсё даюць візы на тэрмін ад месяца да шасці месяцаў, адмаўляюць радзей.

Перапытваем пра іншыя краіны. Пасярэднік кажа, што праз Вугоршчыну робяць візы пад тур, і калі ў тур не ехаць, то грошы губляюцца. Грэцыя, кажа гэты пасярэднік, дае візы з шанцам 50/50 на двухтыднёвую візу ці адмову, затое запісацца можна на бліжэйшы час. У Грэцыю могуць пусціць з зарэзерваваным і неаплочаным месцам у гатэлі, а могуць адмовіць і з аплочанымі рэзервацыямі. Італія не прымае дакументаў на турызм, хіба на гасцявую візу, але нядаўна там пачалі патрабаваць доказаў знаёмства накшталт супольных здымкаў. Праз нямецкую амбасаду можна зрабіць таксама турыстычныя візы ў Аўстрыю, Бельгію, Нідэрланды, Славенію.

Сцэнар 3. Трэба ў Вільню ці Прагу, а Літва ці Чэхія не даюць візаў. Таксама раяць Маскву і консульства Іспаніі

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Скульптура на Катэдральным саборы і вежа Гедзіміна. Вільня, Літва.
Фота: Pxhere.com / CC0

З шэнгенскаю візаю, запэўніваюць візавыя пасярэднікі, можна прыехаць не ў тую краіну, якая выдала візу, а ў любую краіну Шэнгенскай зоны. Выдала Нямеччына, а трэба ў Польшчу – кажыце на мяжы, што ў Польшчы сустрэне знаёмы, разам паедзеце ў Нямеччыну, раіць пасярэднік, і калі не злоўжываць гэтым, то за такое не караюць.

Пытаем у трэцяга пасярэдніка пра Літву – там пацвярджаюць, што Літва не выдае візаў беларусам, але з іншым шэнгенам у Літву пускаюць. «Самым рэальным варыянтам» таксама называюць консульства Іспаніі ў Маскве: там ёсць запіс на бліжэйшыя даты, адмаўляюць рэдка, ставяць візы на месяц, два, тры, «нават у чыстыя пашпарты ставяць мульцік» (шматразовую візу пры адсутнасці ранейшых шэнгенскіх візаў). Паслуга з улучаным трансферам з Менску да Масквы і назад – 590 рублёў, перадплата – 50 %. Удакладняюць, што пры падачы на турыстычную візу мусіць быць выпіска з працы і эквівалент прынамсі 860 еўраў на рахунку ў любой валюце.

Гэты візавы пасярэднік адзначае, што з Вугоршчынай і Італіяй не працуе, бо там проста няма вольных месцаў для запісу. Як альтэрнатыву паездцы па візу ў Маскву прапануюць звяртацца да нямецкага консульства ў Менску, ды там запісваюць на падачу дакументаў аж на лета.

Hавiны
Шэнгенскія візы хочуць зрабіць лічбавымі, а падавацца на іх можна будзе онлайн
2023.02.02 15:11

Дзе раіць браць візы «BYSOL»

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польска-беларуская мяжа.
Фота: Straż Graniczna / Twitter

Фонд «BYSOL» мае «службу эвакуацыі» для тых, каму пагражае палітычны пераслед і рэпрэсіі: не робіць візаў, але дае парады. Спыталі ў прадстаўніка фонду, куды лепей звяртацца па візу, калі падставаў для эвакуацыі ці атрымання гуманітарнай візы няма, але жаданне з’ехаць ёсць: напрыклад, праз агульную сітуацыю з вяршэнствам права або праз магчымасць прызыву ў войска краіны – суўдзельніцы вайны ва Украіне.

У «BYSOL» адгаворваюць ад спробаў атрымаць гуманітарную візу без важкіх падставаў: у такім выпадку лепей рабіць звычайную ці працоўную. Фонд нагадвае і аб праграме «Poland. Business Harbour» для малога і сярэдняга бізнесу, айцішнікаў і стартапаў: пра такую візавыя пасярэднікі не кажуць.

Атрыманне шэнгенскай візы ад іспанскага консульства ў Маскве – таксама «працоўная прапанова», кажа прадстаўнік «BYSOL», але такога варыянту ў «службе эвакуацыі» звычайна не прапануюць: у выпадку палітычнага пераследу беларуса могуць затрымаць у Расеі.

Прадстаўнік фонду згадвае пра крайні варыянт: атрыманне шэнгенскіх візаў у трэціх краінах, як у Казахстане ці Грузіі, куды беларусы могуць трапіць без візы. Там звычайна просяць мясцовы від на жыхарства для атрымання польскай візы, але могуць даць і гуманітарную, а актывісты і валанцёры могуць разлічваць на падтрыманне сваіх арганізацыяў у атрыманні гуманітарнай візы.

«BYSOL» мае мноства інструкцыяў на выпадак тэрміновага выезду: парады «залегчы на дно» , для выезду з дзецьмі, для вывазу хатніх гадаванцаў, для выезду прызыўнікоў і кантрактнікаў, нават у спісе невыязных… Пры патрэбе эвакуявацца варта пачытаць матэрыялы каналу @bysol_evacuation ці звярнуцца ў акаўнт для кансультацыяў @help_bysol. Але на фонд не варта спадзявацца ў справе атрымання візы ў турыстычных мэтах ці па набыткі.

Разбор
Куды беларусы могуць надоўга з’ехаць без візы? Казахстан змяніў правілы бязвізавага ўезду
2023.01.20 19:10

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў