Глядзім, як уручаюць Нобэлеўскую прэмію міру. Трансляцыя «Белсату»


Алесь Бяляцкі, заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», стаў у 2022 годзе лаўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру. Гэтую прэмію яму пакуль не змогуць уручыць: ён палітычны зняволены ў Беларусі. Але цырымонію ўганаравання прэміяй усё роўна правядуць – а мы будзем весці жывую трансляцыю і пагаворым са знаёмымі Бяляцкага ў студыі.

10 снежня а 14:30 паводле менскага часу «Белсат» ладзіць адмысловы эфір з наўпроставым уключэннем з урачыстай цырымоніі ўручэння Нобэлеўскай прэміі міру. У нашай студыі Сяргей Пеляса паразмаўляе з асобамі, якія добра ведаюць Алеся Бяляцкага. Распавядзем, як ён стаў абаронцам правоў беларусаў, паразважаем, ці наблізіць гэтая прэмія вызваленне лаўрэата з лукашэнкаўскай турмы, а нас усіх ад дыктатуры.

Глядзець эфір можна на нашым сайце, на Youtube-канале, у мабільных праграмах і праз Smart TV, а таксама праз спадарожнік. Пабачыць цырымонію можна будзе супольна з іншымі беларусамі: на прагляды збіраюцца беларусы Варшавы, Вільні, Лондану, Прагі і Тбілісі.

Агляд
Нобэлеўская прэмія: 10 найцікавейшых фактаў
2022.12.10 12:30

Замест Бяляцкага прэмію паехала прыняць ягоная жонка Наталля Пінчук. Днём раней яна выступіла на прэс-канферэнцыі з лаўрэатамі. Бяляцкі застаецца ў няволі ўжо паўтара года (прызнаны палітвязнем), але ён ведае, што зрабіўся набэліятам.

Праваабаронца і публіцыст Уладзімір Хільмановіч, які ўваходзіць у беларускую «нобэлеўскую дэлегацыю», расказаў радыё «Свабода», што мае «непацверджаную інфармацыю» аб тым, што Бяляцкаму маглі змякчыць рэжым утрымання, каб даць выступпіць на ўручэнні прэміі. Аб гэтым нібыта маглі размаўляць з міністрам замежных справаў Уладзімірам Макеем. І так ужо рабіла ваенная хунта ў М’янме: калі Нобэлеўскую прэмію атрымала зняволеная дэмакратычная лідарка Аўн Сан Суў Чы, яе перавялі з вязніцы пад хатні арышт. Паводле яго, тэарэтычна Бяляцкаму маглі б дазволіць выступіць праз відэасувязь.

Нобэлеўскую прэмію міру ўручаюць у Міжнародны дзень правоў чалавека, а таксама ў дзень паўстання нашага тэлеканалу. У 2022 годзе Нобэлеўскую прэмію міру атрымалі кіраўнік беларускай праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алесь Бяляцкі, расейская праваабарончая арганізацыя «Мемарыял» і Цэнтр грамадзянскіх свабодаў з Украіны.

Hавiны
Трыумф сумлення за кратамі: хто такі Алесь Бяляцкі, які атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру
2022.12.10 11:27

Алесь Бяляцкі – заснавальнік і нязменны старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) з 2007 да 2016 года. Яго затрымалі 14 ліпеня 2021 года ў межах маштабнай атакі спецслужбаў на праваабарончую супольнасць Беларусі. Спачатку яму выставілі абвінавачанне паводле арт. 342 КК РБ («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») і арт. 243 («Ухіленне ад выплаты падаткаў»), але цяпер яму выстаўленыя іншыя абвінавачанні паводле арт. 228 КК («Кантрабанда») і ч. 2 арт. 342 КК («Фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Бяляцкага ўсё яшчэ не судзілі, а толькі працягвалі тэрмін утрымання пад вартаю. Праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў