Ізраіль уводзіць штодзённыя чатырохгадзінныя гуманітарныя паўзы ў сектары Газа


Ізраіль пагадзіўся ўвесці штодзённыя чатырохгадзінныя гуманітарныя паўзы ў сектары Газа, каб даць магчымасць мірным жыхарам рэгіёну ўратавацца ад баявых дзеянняў, паведамляе Белы дом.

Сектар Газа.
Фота: nytimes.com

«Наколькі мы разумеем, Ізраіль пачне ўводзіць чатырохгадзінныя паўзы ў паўночных раёнах Газы штодзень, паведамляючы пра гэта за тры гадзіны», – заявіў прадстаўнік Рады нацыянальнай бяспекі ЗША Джон Кербі (John Kirby).

Раней паведамлялася, што прэзідэнт ЗША Джо Байдэн прасіў Ізраіль увесці больш працяглыя паўзы паміж баявымі дзеяннямі – на 3–4 дні.

«Цягам некалькіх тыдняў я размаўляў з ізраільскімі лідарамі пра важнасць гуманітарных паўзаў у баявых дзеяннях, каб вывесці мірных жыхароў у бяспечнае месца, забяспечыць вызваленне закладнікаў і павялічыць плынь харчоў, вады і медыкаментаў у Газу», – напісаў Байдэн у сацсетцы Х.

Паводле Байдэна, Белы дом робіць усё магчымае для павелічэння аб’ёму гуманітарных паставак.

«Два дні таму было 96 цяжкавікоў з грузамі, учора – 106. Але нам патрэбна больш, і як можна хутчэй. Мы імкнемся да таго, каб іх было не менш за 150 на дзень, штодзень, – заявіў Байдэн. – Гэтыя паўзы дапамогуць вывесці цывільнае насельніцтва ў больш бяспечныя раёны, падалей ад актыўных баявых дзеянняў. Гэта крок у правільным кірунку».

Аналітыка
Баі ў «сэрцы Газы» і міжнародны ціск. Што адбываецца ў вайне Ізраілю і «Хамас»
2023.11.08 19:13

Прэм’ер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу пацвердзіў увядзенне гуманітарных паўзаў у паўночнай Газе, але зазначыў, што поўнага спынення агню не будзе да вызвалення закладнікаў.

«Баявыя дзеянні супраць тэрарыстаў “Хамасу” працягваюцца, але ў пэўных месцах цягам зададзенага перыяду на некалькі гадзінаў… Мы хочам аблегчыць бяспечны выхад цывільных асобаў з зоны баявых дзеянняў, і мы гэта робім», – сказаў Нэтаньягу.

7 кастрычніка 2023 года ваенізаваная групоўка «Хамас», якая кіруе сектарам Газа, здзейсніла найбуйнейшую за гады канфлікту атаку на Ізраіль. Баевікі «Хамасу» прарвалі мяжу, увайшлі на тэрыторыю Ізраілю і забілі не менш за 1400 чалавек. Больш за 200 чалавек узялі ў закладнікі. «Хамас» заяўляе, што ізраільскія абстрэлы забралі жыцці больш як 10,5 тыс. цывільных, але іх неаднаразова лавілі на маніпуляцыях і проста хлусні ў гэтым пытанні.

«Хамас» прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй у краінах ЕЗ, Вялікай Брытаніі, ЗША, Ізраілі, Японіі ды Аўстраліі.

Hавiны
Прэм’ер Ізраілю адказаў на пытанні пра планы на сектар Газа
2023.11.07 09:22

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў