Маргарыта Ворыхава, дарадца абранай прэзідэнткі Беларусі Святланы Ціханоўскай у пытаннях моладзевай палітыкі і студэнцтва, атрымала прэмію «Маладая жанчына Еўропы – 2023». Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал беларускай лідаркі.
9 лістапада ў Бруселі дарадца Святланы Ціханоўскай у справе моладзевай палітыкі і студэнцтва Маргарыта Ворыхава атрымала прэмію «Маладая жанчына Еўропы – 2023», якую штогод уручаюць жанчынам за прасоўванне еўрапейскіх каштоўнасцяў. Маргарыта Ворыхава прысвяціла гэтую прэмію ўсім маладым лідарам Беларусі.
«Маладыя людзі граюць вызначальную ролю ў фармаванні будучыні і ў абароне дэмакратыі. І гэтая ўзнагарода – пацвярджэнне велізарнага патэнцыялу і сілы, якую мае нашая моладзь. Мы разумеем, што абарона дэмакратыі не нешта такое, што само сабою разумеецца. Гэта бесперапыннае змаганне, якое патрабуе пільнасці, непахіснай рашучасці і адвагі супрацьстаяць несправядлівасці», – адзначыла Ворыхава.
Яна таксама паведаміла, што ў студзені далучыцца да Кансультацыйнай рады ў справах моладзі пры Радзе Еўропы, каб «працягваць сваю місію, узмацняць галасы моладзі і падтрымоўваць барацьбу за дэмакратыю не толькі ў Беларусі, але і ва ўсіх кутках Еўропы».
Кіраўніца Нацыянальнай моладзевай рады «РАДА» Маргарыта Ворыхава ў жніўні стала дарадцай Святланы Ціханоўскай у сферы моладзевай палітыкі і студэнцтва. У размове з «Белсатам» яна распавяла пра свае мэты ў Офісе, падвойны эфект санкцыяў і галоўную праблему маладых беларусаў.
Якуб Хруст belsat.eu